З пакалення герояў

Якаў Андрэевіч Гарцуеў — з пакалення тых людзей, якія са зброяй у руках на фронце і ў партызанскіх атрадах стваралі гісторыю, стваралі для нас будучыню. Ён з пакалення герояў: баявы франтавік, у гады Вялікай Айчыннай вайны быў тэлеграфістам 125-га асобнага гвардзейскага ордэна Чырвонай Зоркі батальёна сувязі 26-га стралковага Памеранскага корпуса. І пасля вайны яго жыццё было напоўнена подзвігамі. Днямі Якаў Андрэевіч адзначыў свой 95-ты дзень нараджэння.

У госці да яго завіталі першы намеснік міністра адукацыі І.А.Старавойтава, рэктар РІПА В.М.Галубоўскі і старшыня ЦК Беларус­кага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Т.Р.Якубовіч. Ад імя калег і ўсіх нашчадкаў павіншавалі ветэрана з Днём Перамогі і юбілеем.

 — Вы сапраўдны прыклад для новых пакаленняў, для моладзі. Неабходна, каб яны вучыліся на такіх прыкладах, ведалі як іх продкі змагаліся і як годна жылі ў мірны час. Мы ўдзячныя вам за мужнасць, стойкасць і сумленную працу, — звярнулася да ветэрана Ірына Анатольеўна Старавойтава.

Госці ўручылі Якаву Андрэевічу падарункі і кветкі і адрасавалі самыя шчырыя словы. Мы далучаемся да іх і жадаем ветэрану здароўя, ба­дзёрасці і светлых надзей. Дзякуем за выратаванне цэлых пакаленняў ад бяды. Яго жыццё ўмясціла так многа гераічных учынкаў і подзвігаў, што хапіла б на дзясятак жыццяў. Ён прыклад для кожнага з нас, наша сумленне, наш гонар. Нізкі паклон ветэрану, годнаму сыну сваёй зямлі!

 У снежні 1942 года Якаў Гарцуеў быў прызваны ў Чырвоную Армію, у Кіеўскае вучылішча сувязі. У красавіку 1944 года адправіўся на фронт: вайну пачаў на Украіне, пад горадам Умань. Ваяваў на 2-м Украінскім фронце сувязістам, фарсіраваў Днестр, а потым трапіў на 1-ы Беларускі фронт. Якаў Андрэевіч удзельнічаў у вызваленні Варшавы, узяцці Берліна.

3 мая 1945 года аднапалчане Якаў Гарцуеў, Іван Шліхцюк, Сяргей Носаў і Віктар Кулагін пакінулі свае подпісы на сцяне Рэйхстага. І ў хуткім часе разам з усёй краінай радаваліся Вялікай Перамозе. Гэта быў найлепшы падарунак да дваццацігоддзя, якое Якаў адзначыў праз некалькі дзён — 12 мая.

Абараняць Айчыну Якаў Андрэевіч працягнуў і пасля вайны: скончыў Ленінградскае ваенна-палітычнае вучылішча і 32 гады служыў у Савецкай Арміі. У мірны час яго жыццё было напоўнена гераізмам і адвагай. У 1963 годзе ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў землетрасення ў горадзе Скоп’е, сталіцы Македоніі, дзе 75% будынкаў былі разбураны прыроднай катастрофай. Пазней наш герой дапамагаў ліквідаваць пажары ў Падмаскоўі, калі гарэлі тарфянікі.

Пасля выхаду ў запас свой багаты вопыт і актыўную жыццёвую пазіцыю Якаў Андрэевіч скіраваў на карысць маладому пакаленню. Ён пачаў працаваць ваенруком у вучылішчы № 24. З гэтага пачаўся яго прафесійны шлях у сістэме адукацыі — шмат гадоў працаваў у апараце Дзяржаўнага камітэта прафесійна-тэхнічнай адукацыі БССР. І гэтай рабоце аддаваў усяго сябе, таму і стаў выдатнікам прафтэхадукацыі БССР.

У Якава Андрэевіча мноства ўзнагарод: ордэн Айчыннай вайны II ступені, два медалі “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”, “За адвагу на пажары” і многія іншыя.

Любую справу, за якую б ні браўся, ён выконваў сумленна і адказна, і заслужыў павагу калег, сяброў, таварышаў па службе. У свой 95 дзень нараджэння Якаў Андрэевіч прымае шматлікія шчырыя віншаванні.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.