З палескім каларытам: цікавыя ідэі і праекты прапануюць ва ўстановах адукацыі Піншчыны

- 13:20Пресс-тур «Настаўніцкай»

У тым, што ва ўстановах адукацыі Піншчыны працуюць яркія і творчыя педагогі, на рахунку якіх шмат цікавых ідэй і праектаў, журналісты “Настаўніцкай газеты” пераканаліся падчас двухдзённага прэс-туру ў гэты самабытны куток Палесся.

Музей у мініяцюры

У сярэдняй школе № 16 Пінска паспяхова рэалізаваны праект “Музей у мініяцюры”, што знаёміць з традыцыйнай культурай і побытам палешукоў.

— У рамках праекта, — расказвае яго кіраўнік настаўніца рускай мовы і літаратуры Інга Дубоўская, — створаны тэматычны музейны куток, які адначасова з’яўляецца і майстэрняй па вырабе мініяцюрных лялечных экспанатаў памерам 1:12. Гэта не толькі робіць музей цікавым і адметным, але і дазваляе размясціць на невялікай плошчы даволі шмат мабільных экспазіцый, вырабленых у спецыяльных румбоксах і не прывязаных да аднаго вучэбнага кабінета.

Рэалізацыі праекта папярэднічала вялікая краязнаўчая работа па зборы інфармацыі пра традыцыйныя рамёствы і асаблівасці побыту палешукоў. Шмат цікавага юныя краязнаўцы даведаліся ў этнаграфічных музеях Іванаўскага, Драгічынскага, Пінскага і Столінскага раёнаў, а таксама падчас сустрэч з мясцовымі рамеснікамі. Сабраная інфармацыя стала асновай для даследчых работ, адзначаных на конкурсах рознага ўзроўню.

 

Назапасіўшы неабходны матэрыял, Інга Дубоўская разам з ініцыятыўнымі вучнямі пачала ствараць тэматычны музейны куток у мініяцюры, які размясціўся ў кабінеце мастацтва. У кутку прадстаўлены экспазіцыі “Традыцыйныя промыслы і рамёствы Палесся”, “Хата палешука”, “Гарадская культура і побыт” і “Дом шляхціча”. Вялікую дапамогу ў зборы экспанатаў (вышытых і тканых вырабаў, прадметаў з лазы і саломы) аказалі бацькі
вучняў.

Адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял кутка шырока выкарыстоўваецца на ўроках мастацтва, гісторыі, рускай мовы і беларускай літаратуры. Тут праводзяцца інтэрактыўныя экскурсіі для малодшых школьнікаў, дзе яны даведваюцца, як выглядалі хаты продкаў і як палешукі ўладкоўвалі жытло сто гадоў назад, знаёмяцца з асноўнымі рамёствамі, распаўсюджанымі на Палессі, ствараюць ніткі з лёну, “вышываюць” узоры на ручніку і нават абстаўля­юць пакой у сялянскай хаце.

Акрамя таго, журналістам быў прэзентаваны вопыт эфектыўнай арганізацыі працоўнага навучання на аснове метаду праектаў у вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці.

Настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння Андрэй Тарэл­кін расказаў, як выхоўвае рукастых юнакоў і рыхтуе алімпіяднікаў. У сваю чаргу настаўнік фізікі Андрэй Лысы азнаёміў з дзейнасцю інжынерных класаў, а педагог-арганізатар Іна Юшкевіч падзялілася, як з дапамогай гульнявых праектаў разнастаіць шосты школьны дзень.

Цікавае побач

Дзіцячы сад № 20 Пінска адметны рэалізацыяй праектаў і адукацыйных маршрутаў, над якімі педагогі працуюць разам з бацькамі.

Адзін з іх — “Цікавае побач! Дарогамі малой радзімы!”. Праект накіраваны на прыцягненне бацькоў да адукацыйнага працэсу, а таксама на павышэнне іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці ў пытаннях вывучэння мясцовых краязнаўчых аб’ектаў і арганізацыі вольнага часу з дзецьмі.

— У праекце прадстаўлена сучасная і цікавая форма ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў — “Маршрут выхаднога дня”, — расказвае загадчыца ўстановы Ірына Занькавец. — Распрацаваныя педагогамі маршруты накіраваны на вывучэнне цікавых сацыяльных аб’ектаў Пінска і Пінскага раёна.

Вывучаць з дзецьмі месцы, дзе жывеш, гуляць па мікрараёне, па знаёмых вуліцах і ве­даць, чым яны славяцца — задача, якая пад сілу бацькам. Такая магчымасць прадастаўляецца ў выхадныя дні, калі дарослыя могуць больш часу правесці са сваімі дзецьмі і на ўласным прыкладзе выхаваць у іх любоў да свайго горада.

— Праект “Цікавае побач” быў рэалізаваны ў тры этапы: падрыхтоўчы, асноўны і рэфлексіўны, — тлумачыць Ірына Мікалаеўна. — Былі вывучаны навукова-метадычная літаратура, інтэрнэт-рэсурсы і станоўчы вопыт калег па выкарыстанні сучасных форм узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў. Пасля гэтага арганізавалі творчую групу па распрацоўцы маршрутаў.

Прымяняй, але правярай!

У пінскай гімназіі № 2 імя архіепіскапа Стэфана шмат таленавітых педагогаў, вядомых не толькі на Брэстчыне.

Сярод іх — настаўнік-метадыст, фі­наліст заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, пераможца рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак у галіне штучнага інтэлекту Алена Шумак.

Педагог назапасіла цікавы вопыт работы па развіцці крытычнага мыслення вучняў на ўроках рускай літаратуры з дапамогай ChatGPT і нейрасетак:

— Штучны інтэлект нельга ігнара­ваць, бо яго магчымасці актыўна выкарыстоўваюць школьнікі, а ў сучасным свеце лічбавых тэхналогій ён адыгрывае дамінуючую ролю. Тым не менш нейрасеткі сталі прафесійным выклікам для многіх настаўнікаў, у тым ліку філолагаў, якія сутыкнуліся з вялікай колькасцю сачыненняў, напісаных з дапамогай штучнага інтэ­лекту. Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя сачыненні лёгка пазнавальныя па стандартнасці фармулёвак і фактычных памылках, традыцыйныя бясплатныя праграмы па выяўленні плагіяту ацэньваюць такія работы як арыгінальныя.

Часцей за ўсё вучні ў зносінах са штучным інтэлектам не ўмеюць дакладна фармуляваць запыты, падказкі і інструкцыі, таму атрыманыя вынікі нерэлевантныя. Дзеці настолькі давяраюць нейрасеткам, што не могуць крытычна аднесціся да матэрыялу, прапанаванага імі. Безумоўны давер да штучнага інтэлекту звязаны з актыўным пазіцыянаваннем у грамадстве думкі, нібыта ён здольны замяніць чалавека. Гэта прывяло да таго, што вучні актыўна звяртаюцца да чат-ботаў, заснаваных на штучным інтэлекце, выключна для спісвання, а нейрасеткі, якія генерыру­юць выявы, выкарыстоўваюць толькі ў забаўляльных мэтах.

Каб гэтага не было, Алена Рыгораўна вырашыла развіваць у школьнікаў навыкі крытычнага мыслення ў рабоце са ШІ. Так, з дапамогай нейрасетак яна паспяхова генерыруе розныя партрэты на ўроках літаратуры. Для гэтага вучні павінны знай­сці апісанні герояў і навучыцца правільна складаць промты (запыты).

Увагу прыцягнуў і цікавы вопыт гімназіі па фарміраванні ў вучняў духоўна-маральнай культуры і патрыятызму. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Мацукевіч прэзентавала дзейнасць рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні і профільнага атрада “Дарогай дабра”, а класны кіраўнік ваенна-патрыятычных класаў Вольга Саўчук расказала пра асаблівасці духоўнага і патрыятычнага выхавання ў іх. Сакрэтамі педагагічнага майстэрства падзяліліся настаўнікі-метадысты Галіна Купрыянчык, Вольга Шчарбакова, Таццяна Пархамчук і Алена Шумак, а таксама Таццяна Лінкевіч.

Пераадолець цяжкасці

У сярэдняй школе № 10 Пінска створана інклюзіўнае асяроддзе, якое дапамагае вучням набываць веды і навыкі для далейшай рэалізацыі ў жыцці, а таксама ёсць робалабараторыя і цудоўныя ўмовы для развіцця фізічных якасцей.

Установа адукацыі — апорная пляцоўка для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тут адкрыты 2 спецыяльныя і 13 інтэграваных класаў. Дырэктар школы Сяргей Тамільчык расказаў, што для навучэнцаў распрацаваны комплекс мер па стварэнні ўмоў для роўнага доступу да адукацыі і камфортнага знаходжання на ўроках.

— Сучасныя адаптаваныя вучэбныя заняткі дазваляюць дзецям набываць практычныя навыкі, якія яны змогуць прымяняць у далейшым, — упэўнена настаўніца працоўнага навучання Наталля Зіневіч.

Для дзяцей з АПФР у школе арганізаваны заняткі па прафесіі раскройшчык матэрыялаў. Для правядзення ўрокаў прыстасаваны кабінеты працоўнага навучання, якія аснашчаны неабходнымі інструментамі, мэбляй і тэхнікай.

Каб данесці дзецям тэорыю, Наталля Зіневіч дэманструе відэаролікі і фільмы. Са слоў педагога, яны дазваляюць убачыць асаблівасці прафесіі раскройшчыка, азнаёміцца з сучасным раскройным абсталяваннем, вывучыць спосабы работы з неабходнымі матэрыяламі.

— На занятках раблю ўхіл на  асваенне канкрэтных працоўных навыкаў, — расказвае настаўніца. — Авалодваючы прыёмамі раскрою нажніцамі ўручную, навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця выконваюць раскрой мяшкоў для абутку, спартыўнай формы, сталовай бялізны, касынак і фартухоў, прыхватак для гарачага, а таксама вырабляюць кухонныя ручнікі.

Робалабараторыя школы стала прасторай, дзе навучэнцы праводзяць фізічныя адкрыцці і фарміруюць інжынернае мысленне.

— Наша школа прайшла доўгі і складаны шлях да фарміравання класа інжынернага кірунку, — расказвае настаўніца фізікі сярэдняй школы № 10 Пінска Вольга Тарасюк. — Усё пачалося з таго, што наша ўстанова перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Хачу вучыцца ў STEM-класе”. Праз некаторы час адкрыўся і STEAM-цэнтр.

— Сёння ў школе сем поўных камплектаў “РОББО”, — адзначае педагог. — Камплект робататэхнічнага абсталявання “РОББО” прызначаны для таго, каб навучыць школьнікаў асновам мікраэлектронікі, праграмавання і робататэхнікі ў межах рэалізацыі вучэбных праграм факультатыўных заняткаў, аб’яднанняў па інтарэсах. Але галоўнае, што ён дазваляе выклікаць цікавасць да фізікі, пачынаючы з малодшых класаў. Бо фізіка — гэта не толькі формулы, але і разуменне свету.

З назіранняў Вольгі Тарасюк, многія дзеці ўспрымаюць фізіку як складаную і абстрактную навуку. Але калі яны бачаць, як робат рухаецца, рэагуе на святло, вымярае адлегласць, то фізіка ажывае для іх.

На пытанне, чым карысныя камплекты “РОББО” для пачатковай школы, Вольга Тарасюк адказвае, што наборы фарміруюць цікавасць да тэхнікі праз гульню і творчасць:

— У сярэдняй школе “РОББО” развіваюць навыкі праграмавання, логікі, праектавання, дапамага­юць у падрыхтоўцы да алімпіяд і конкурсаў. У старшых класах наборы дазваляюць працаваць з рэальнымі інжынернымі задачамі, мадэля­ваць, збіраць, тэсціраваць прылады. У выніку нашы вучні паступаюць ва УВА, валодаючы базавымі кампетэнцыямі, вопытам каманднай работы і разуменнем інжынернага працэсу.

Адукацыйная робататэхніка — гэта прамежкавы крок паміж дзіцячай цікавасцю і прафесійнай інжынернай кар’ерай. Педагог адзначае, што гэта ў тым ліку магчымасць пабудаваць бесперапынную адукацыйную траекторыю, дзе кожны наступны этап — лагічны працяг папярэдняга.

— Робататэхніка дапамагае выхаваць будучых інжынераў, здольных думаць нестандартна, працаваць у камандзе, распрацоўваць інавацыі, — падсумоўвае настаўніца.

У школе ведаюць, як пры­віць дзецям любоў і да фізкультуры. Ужо тры гады запар вучні — пераможцы трэцяга і заключнага этапаў Рэспуб­ліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Па выніках мінулага навучальнага года сярэдняя школа № 10 Пінска стала абсалютнай пераможцай у гарадской спартакіядзе сярод навучэнцаў школ і гімназій горада, набраўшы 135 з магчымых 138 балаў і выйграўшы спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе, футболе, баскетболе і валейболе.

— Не толькі перамогамі мы можам ганарыцца, — з гордасцю гаворыць настаўніца фізічнай культуры Дар’я Курадавец. — У мінулым навучальным годзе сумесна з АСП СДЮШАР ФК “Хваля-Пінск” у нашай школе былі адкрыты два спецыялізаваныя па спорце футбольныя класы — 5 “С” і 6 “С”, навучэнцы якіх не толькі ўваходзяць у склад зборнай школы па футболе, але і з’яўляюцца пераможцамі абласнога этапу “Шкаліяды”.

З верасня ва ўстанове арганізавалі набор у групу спартыўна-педагагічнага кірунку. У ёй біялогія, а таксама фізічная культура і здароўе вывучаюцца на павышаным узроўні.

У другі дзень прэс-туру журналісты пабывалі ва ўстановах адукацыі Пінскага раёна. Аб гэтым — у найбліжэйшым нумары. Падрабязнасці работы педагогаў — у нас­тупных матэрыялах “Настаўніцкай”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ, Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
Відэа Ульяны КАСЦЮНІНАЙ