З паспяховым дэбютам!

Беларускія школьнікі сталі прызёрамі Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды (EGEO 2020). Дзесяцікласнік гімназіі № 1 Брэста Дзяніс Рабчук заваяваў залаты медаль, а таксама стаў абсалютным пераможцам дадатковага геаграфічнага конкурсу HERE GEO challenge. Адзінаццацікласнік гімназіі № 33 Мінска Дзмітрый Шпартаў узнагароджаны бронзавым медалём. Сертыфікат удзельніка ўручаны дзесяцікласніку гімназіі № 2 Віцебска Дзмітрыю Міхасько.

Кіраўнікамі нацыянальнай зборнай выступілі дацэнт кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ Людміла Факеева і дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Дзмітрый Курловіч.

Еўрапейская геаграфічная алімпіяда праводзіцца з 2015 года. Гэта індывідуальныя спаборніцтвы для дзвюх узроставых катэгорый удзельнікаў: 12—15 і 16—19 гадоў. Арганізатары алімпіяды — факультэт геаграфіі Бялградскага ўніверсітэта, Рэгіянальны цэнтр таленавітай моладзі і Інстытут адораных і таленавітых дзяцей і моладзі (Сербія). Дарэчы, сёлета беларусы ўпершыню сталі ўдзельнікамі гэтых спаборніцтваў. Усяго ў алімпіядзе прынялі ў­дзел больш за 70 школьнікаў з 14 краін свету: Беларусі, Расіі, Азербайджана, Літвы, Эстоніі, Сербіі, Чэхіі, Бельгіі, Малдовы і інш.

Алімпіяда прайшла ў дыстанцыйным фармаце на англійскай мове. Яна ўключала тры туры: тэарэтычны, практычны і мультымедыйны. Навучэнцы выконвалі заданні і тэсты па асноўных раздзелах геаграфіі, а таксама правялі аналіз касма­здымкаў і карт тэрыторый. У межах конкурсу HERE GEO challenge школьнікі на платформе геаінфармацыйнай сістэмы распрацоўвалі свае карты і рэдагавалі існуючыя.

Пераможца алімпіяды навучэнец гімназіі № 1 Брэста Дзяніс Рабчук — неаднаразовы прызёр рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па геаграфіі. На яго рахунку таксама “серабро” на BalticiGeo і “бронза” на International Earth Science Olympiad. Гэтыя перамогі, як і “золата” EGEO-2020, сталі магчымымі ў многім дзякуючы настаўніцы геаграфіі Алене Арнольдаўне Сакалоўскай, якая змагла захапіць прадметам і натхніць Дзяніса на поспех.

— Шчыра скажу, не чакаў такога выніку алімпіяды, — расказвае Дзяніс. — У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй, што склалася і ў нашай краіне і ў свеце, не было асабліва ні матывацыі, ні настрою, увогуле ніякіх спадзяванняў на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах. А потым, калі аб’явілі аб алімпія­дзе, пачаў спешна рыхтавацца. Галоўны ўпор быў зроблены на самастойную падрыхтоўку, чытанне дадатковай літаратуры. Асаблівую ўвагу ўдзяляў практычнаму этапу. Праўда, на сёлетніх спаборніцтвах, якія праходзілі ў анлайн-фармаце, мы не выязджалі на мясцовасць, замест гэтага нам прада­ставілі гатовыя здымкі, карты і іншыя матэрыялы.

Акрамя геаграфіі, у Дзяніса шмат рознабаковых захапленняў. Малады чалавек з задавальненнем удзельнічае ў інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?”, а каманда “Галандскі нацюрморт”, у склад якой ён уваходзіць, лічыцца адной з самых моцных у краіне. А яшчэ Дзяніс захапляецца беларускай паэзіяй і стварае паэтычныя муралы на вуліцах свайго горада. Дарэчы, у цэнтры Брэста ўжо з’явіліся муралы з творам Максіма Багдановіча “Санет”, Ніны Мацяш “Без цябе” і Генадзя Бураўкіна “Атруцi мяне вясновым хмелем”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУ.