З павагай да салдат Перамогі

З году ў год 9 Мая мы аддаём даніну павагі тым, хто адстаяў мір на нашай зямлі. Памяць пра гераізм абаронцаў Айчыны трэба захоўваць і берагчы дзеля будучых пакаленняў. Гэта добра разумеюць педагогі нашай школы, дзе патрыятычнаму выхаванню ўдзяляецца асаблівая ўвага.

Відамлянскія вучні часта наведваюць мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Не стаў выключэннем і сёлетні май. Малодшы навуковы супрацоўнік мемарыяла К.У.Кучынская правяла для школьнікаў аглядную экскурсію па Брэсцкай крэпасці і музеі, дзе расказала пра яе абарону, экспанаты і здымкі фільма “Брэсцкая крэпасць”.

— Гэты дзень запомню на ўсё жыццё, — упэўнены дзевяцікласнік Павел Новік. — На плошчы Цырыманіялаў я разам з аднакласнікамі стаў членам БРСМ. Асаблівыя ўражанні пакінуў Пост Памяці № 1. Памочнік начальніка штаба паста У.Д.Паграбняк расказаў нам пра яго гісторыю і дзейнасць. Вельмі цікавай і пазнавальнай атрымалася экскурсія па вахтавым памяшканні, якую правяла навучэнка Брэсцкага каледжа бізнесу і права Кацярына Бярозкіна. Экскурсавод азнаёміла нас з распарадкам дня юнармейцаў і лепшымі атрадамі ганаровай вахты ля Вечнага агню.

Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі пачаліся ў нашым аграгарадку з мітынгу ля памятнага знака. Дырэктар ААТ “Відамлянскае” М.М.Страпко ў сваім выступленні нагадаў, якой цаной была заваявана перамога ў вайне, дзе загінуў кожны трэці беларус, павіншаваў усіх са святам і пажадаў мірнага неба.

Сёлета наша школа ў рамках рэспубліканскай акцыі “Бессмяротны полк” правяла мерапрыемства “У адным страі — хто жывы і хто загінуў у баі”, у якім удзельнічалі родныя тых, хто загінуў на вайне. Вучні трымалі ў руках партрэты блізкіх.

Пад кіраўніцтвам дырэктара школы Т.Б.Страпко была падрыхтавана літаратурна-музычная кампазіцыя “Паклонімся вялікім тым гадам”: вучні даведаліся, што за час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі СССР былі разбураны 1710 гарадоў, больш за 70 тысяч вёсак і каля 32 тысяч заводаў. Школьнікі згадалі Ф.П.Хахракова, чыё імя носіць піянерская дружына. Гэты дзевятнаццацігадовы юнак, ураджэнец Пермскага краю Расіі, гераічна загінуў пры вызваленні вёскі Відамля.

Агітбрыгада з ліку адзінаццацікласнікаў перанесла гледачоў у першыя хвіліны вайны. Ніводны з прысутных не застаўся раўнадушным.

Піянеры дружыны падрыхтавалі агітбрыгаду “Маленькія героі вялікай вайны”. Асабліва моцныя ўражанні ў гледачоў пакінуў патрыятычны танец пяцікласнікаў са стужкамі пад песню “А закаты алые, алые, алые”. Гучалі вершы пра вайну ў выкананні дзяцей і педагогаў. Цікавымі атрымаліся і музычныя нумары, падрыхтаваныя рознымі класамі.

Завяршылася літаратурна-музычная кампазіцыя гімнам дэмакратычнай моладзі свету, які праспявалі ўсе ўдзельнікі святочнай праграмы.

Аксана РОСЛЯК,
педагог-арганізатар Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.