З павагай да ўнікальнасці кожнага

- 11:41Навіны рэгіёнаў

Інклюзія — гэта не проста максімальнае ўключэнне асоб з асаблівасцямі развіцця ў грамадскае жыццё, гэта пераход да новага светапогляду ў грамадстве, калі прызнаецца, паважаецца і цэніцца ўнікальнасць кожнага чалавека. Упэўнена ўкараняецца інклюзія ва ўстановах адукацыі нашай краіны. “Інклюзіўныя працэсы ў адукацыі” сталі тэмай для абмеркавання на навукова-практычным семінары, які прайшоў у Мінскім абласным ІРА.

Фота да матэрыяла: З павагай да ўнікальнасці кожнага.Мерапрыемства аб’яднала каля 150 кіраўнікоў і педагогаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі з усіх абласцей і сталіцы нашай краіны. Таксама ўдзел у семінары ўзялі прадстаўнікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, НІА, РІПА, калегі з Шадрынскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (Расія).

Семінар прымеркаваны да важнай падзеі — 25-годдзя развіцця на Міншчыне сістэмы спецыяльнай адукацыі. Гэтая чвэрць стагоддзя была часам актыўнай бесперапыннай работы, і адзначалі дату таксама ў рабочым рэжыме — маштабным мерапрыемствам.

На пленарным пасяджэнні ўдзельнікаў мерапрыемства вітала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Т.В.Апраніч. Таццяна Валянцінаўна падкрэсліла, што на семінары не толькі будуць падведзены вынікі работы за 25 гадоў, неабходна таксама выпрацаваць стратэгічныя падыходы развіцця сістэмы спецыяльнай адукацыі на найбліжэйшыя 5 гадоў, абазначыць эфектыўныя формы ўзаемадзеяння па навучанні і выхаванні дзяцей з АПФР, абмеркаваць актуальныя пытанні спецыяльнай адукацыі.

Спецыяльная адукацыя сёння з’яўляецца неад’емнай часткай сістэмы адукацыі краіны ў цэлым і Міншчыны ў прыватнасці. Т.В.Апраніч адзначыла, што найбольш значнымі вынікамі развіцця сістэмы спецыяльнай адукацыі ў вобласці за апошнія гады стала стварэнне сістэмы ранняй комплекснай дапамогі ў ЦКРНіР, дасягненне амаль поўнага — 99, 9% — ахопу спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай дзяцей, якія стаяць на ўліку ў абласным банку даных, шырокае распаўсюджванне інтэграванага навучання і выхавання, забеспячэнне бесперапыннай адукацыі, у тым ліку атрыманне прафесіі асобамі з АПФР. Адной з умоў развіцця і ўдасканалення спецыяльнай адукацыі з’яўляецца стварэнне адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, здольнага забяспечыць патрэбы кожнага дзіцяці. Яно арганізавана ў 90% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Універсальнае безбар’ернае асяроддзе забяспечана ў 17 установах, і работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана. З 2016 года выконваецца план рэалізацыі Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР у Беларусі.

Безумоўна, за 25 гадоў сістэма спецыяльнай адукацыі вельмі змянілася. Усе гэтыя змены назірала і ўкараняла іх разам з калегамі Ніна Канстанцінаўна Віктароўская, якая шмат гадоў узначальвае Мінскі абласны ЦКРНіР. Яна расказала аб мінулым і сённяшнім дні, а таксама аб стратэгіі развіцця адукацыйнай прасторы спецыяльных устаноў адукацыі Міншчыны. За перыяд з 1993 года колькасць інтэрнатных устаноў, дзе выхоўваюцца дзеці з АПФР, зменшылася з 17 да 7. 25 гадоў назад не было ніводнага ЦКРНіР, не існавала класаў і груп інтэграванага навучання, апорных устаноў, дзеці не атрымлівалі раннюю комплексную дапамогу. Сёння ж ЦКРНіР ёсць у кожным раёне, дзейнічае таксама абласны цэнтр, дзеці наведваюць 1219 класаў і 283 групы інтэграванага навучання і выхавання, працуюць 55 апорных устаноў, у 5 разоў паменшылася колькасць дзяцей, якія вучацца дома. За гэтымі лічбамі — каласальная праца вялікай колькасці педагогаў.

Галоўнае, што мяняецца з цягам часу, — адносіны да асаблівых дзяцей і падыходы да арганізацыі іх выхавання і навучання.

— Аналізуючы і ўдасканальваючы нашу сістэму, мы ўсвядомілі, што і ў дзіцяці, і ў сям’і павінен быць выбар — вучыцца ў спецыяльнай установе адукацыі ці выбраць інтэграванае навучанне і выхаванне, — расказвае Н.К.Віктароўская. — Безумоўна, не дзіця павінна прыстасоўвацца да ўстановы, а ўстанова павінна ствараць умовы для яго навучання. Мы перасталі разглядаць дзіця як праблему, бо праблема толькі ў недасканаласці сацыяльнага асяроддзя, акружэння, і таму мы рыхтуем установы дашкольнай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі да навучання дзяцей з АПФР.

З мэтай павышэння якасці спецыяльнай адукацыі ў вобласці створаны 8 абласных рэсурсных цэнтраў, на базе якіх праводзіцца значная колькасць метадычных мерапрыемстваў. За гэтыя гады ва ўстановах адукацыі было рэалізавана 47 эксперыментальных і інавацыйных праектаў. Актыўна вывучаўся і ўкараняўся вопыт замежных калег — рэалізаваны 8 міжнародных праектаў з удзелам Мінскага абласнога ЦКРНіР і 18 — з удзелам іншых устаноў спецыяльнай адукацыі вобласці. У гэтым навучальным годзе ў 9 установах адукацыі рэалізоўваецца 7 міжнародных і рэспубліканскіх праектаў.

Навучанне дзяцей з асаблівасцямі развіцця і падрыхтоўка іх да самастойнага жыцця не завяршаецца з атрыманнем дакумента аб спецыяльнай адукацыі. Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці апошнім часам стала стварэнне спецыяльных умоў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі такіх дзяцей ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай i прафесiйна-тэхнічнай адукацыі. Улічваючы спецыфіку вобласці і інклюзіўныя тэндэнцыі ў адукацыі, было вырашана пайсці па шляху стварэння ў гэтых установах вучэбных груп, у якіх разам займаюцца дзеці з АПФР і іх аднагодкі, якія развіваюцца тыпова. За апошнія 10 гадоў сетка такіх інтэграваных груп павялічылася з 3 да 30. Сёння ў 10 установах ажыццяўляецца падрыхтоўка навучэнцаў з АПФР па 6 кваліфікацыях. Гэтая стратэгія аказалася дастаткова эфектыўнай. Акрамя таго, у чатырох дапаможных школах-інтэрнатах працуюць класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі, дзе выпускнікі атрымліваюць прафесійную падрыхтоўку па 6 кваліфікацыях. Сёння з упэўненасцю можна канстатаваць, што ўстановы ПТА і ССА выходзяць на іншы, больш прагрэсіўны, узровень выхавання не толькі асаблівых дзяцей, але і ўсіх навучэнцаў.

Акрамя таго, дырэктар Мінскага абласнога ЦКРНіР абазначыла прыярытэтныя задачы далейшай работы.

Аб рэсурсным забеспячэнні інклюзіўных працэсаў у Беларусі расказала на пленарным пасяджэнні С.М.Фяклістава, дацэнт кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Т.В.Лісоўская, загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА, у сваім выступленні засяродзіла ўвагу на кампетэнтнасным падыходзе ў адукацыі дзяцей з АПФР. У працэсе ўдасканалення сістэмы спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці, развіцця сеткі класаў інтэграванага навучання і выхавання ўзнікла праблема ўдасканалення падрыхтоўкі кадраў для работы. Аб асаблівасцях павышэння кваліфікацыі педагогаў ва ўмовах пераходу да інклюзіўнага навучання расказала рэктар МАІРА С.У.Сітнікава. Прадоўжыла пленарныя выступленні А.Ю.Фалевіч, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі асоб з АПФР ва ўстановах прафесiйна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яна расказала аб стане і тэндэнцыях прафесійнай адукацыі асоб з АПФР у Беларусі.

Расійскія калегі далучыліся да работы семінара дыстанцыйна, прадставіўшы відэадаклад аб вопыце работы лабараторыі дыягностыкі і карэкцыі псіхамаўленчага развіцця дзіцяці, якая дзейнічае ў Шадрынскім дзяржаўным педагагічным універсітэце.

Прадоўжылася работа семінара ў рамках пяці секцый: “Інклюзіўныя працэсы ў дашкольнай адукацыі”, “Інклюзіўныя працэсы ў агульнай сярэдняй адукацыі”, “Траекторыі атрымання прафесіі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, “Сучасныя тэхналогіі работы з дзецьмі з цяжкімі і (або) множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі”, “Работа з сям’ёй дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Спецыялісты абмяркоўвалі пытанні фарміравання ў вучняў інклюзіўнай культуры, арганізацыі ва ўстанове інтэграванага навучання і выхавання інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі ў рынак працы. Таксама яны звярнулі ўвагу на спосабы аказання сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі бацькам, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Педагогі дзяліліся вопытам выкарыстання аўтарскіх мультымедыйных прэзентацый, аўдыявізуальных комплексаў, канструктара LEGO, нетрадыцыйных матэрыялаў у рабоце з дзецьмі з рознымі парушэннямі. У рамках секцый праводзіліся цікавыя майстар-класы, напрыклад, “Як пасябраваць з асаблівым дзіцем”, “Форум-тэатр як эфектыўная форма работы з сям’ёй дзіцяці з АПФР” і інш.

Убачылі ўдзельнікі мерапрыемства і тых, дзеля каго яны працуюць. Сваё творчае выступленне паказалі навучэнцы Ждановіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Гэтыя дзеці асаблівыя і ў той жа час такія звычайныя, са звычайнымі дзіцячымі жаданнямі — жыць, ствараць, сябраваць. Абмен вопытам у рамках семінара — гэта яшчэ адзін крок да таго, каб жаданні такіх дзяцей спраўджваліся.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.