З пазітыўнай дынамікай

- 13:35Планёрка ў рэгіёне

Аддзел адукацыі, спорту і турызму Мастоўскага райвыканкама ўжо трэці год запар утрымлівае пальму першынства ў абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі раённых выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці. Сёння пра паспяховае развіццё рэгіянальнай сістэмы адукацыі нам расказвае Валянцін Сцяпанавіч ЦІХАНОВІЧ, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мастоўскага райвыканкама.

— Валянцін Сцяпанавіч, перамогі ў конкурсах заўсёды вымушаюць адпавядаць зададзенай высокай планцы. Раскажыце, чым жыве сёння ваш раён, які настрой у педагагічным асяроддзі пануе?
— Дасягнутыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы пастаяннай падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, дзякуючы разуменню і асабістаму ўдзелу ў вырашэнні пытанняў старшыні райвыканкама Аляксея Сцяпанавіча Шафарэвіча, намесніка старшыні па сацыяльнай сферы Аляксандра Сяргеевіча Яраша.
Акрамя таго, я шчыра ўдзячны за вынікі такой працы ўсёй педагагічнай супольнасці Мастоўскага раёна. З такім кадравым патэнцыялам, якому ўласцівы энтузіязм і невычэрпная энергія, ёсць упэўненасць у тым, што бягучы навучальны год стане яшчэ больш плённым на дасягненні і пастаўленыя задачы будуць нам усім пад сілу.
І наколькі тэхнічна не былі б аснашчаны школы, па-ранейшаму ключавой фігурай адукацыйнага працэсу застаецца настаўнік. Нашы настаўнікі працуюць плённа і з вялікай самааддачай. Напрыклад, працэнт замацавання маладых спецыялістаў, выпускнікоў 2012 года, у сістэме адукацыі раёна пасля адпрацоўкі двух гадоў складае 76,2%.
А электронны вучэбны дапаможнік педагогаў Луненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета І.М.Бачаравай і Н.А.Буркас “Падарожжа па краіне Геаметрыя” ў намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс па вучэбным прадмеце” ўдастоены дыплома І ступені ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў рамках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
Яшчэ ў нас адбыўся I раённы конкурс даследчых работ і творчых праектаў дашкольнікаў “Я — даследчык”. Трое нашых школьнікаў прадстаўляюць раён на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, фізіцы і грамадазнаўстве. Чатырма дыпломамі адзначана паспяховае выступленне вучняў у абласным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.

— Але ж поспех немагчымы без пераадолення цяжкасцей, якія, як вядома, толькі загартоўваюць. Што найбольш турбуе начальніка аддзела адукацыі сёння?
— На сённяшні дзень асабліва хвалюе рэзкае скарачэнне колькасці навучэнцаў у сельскіх установах адукацыі. За апошнія два гады ў выніку аптымізацыі ліквідаваны 4 установы адукацыі, якія былі размешчаны ў сельскай мясцовасці.
У раёне няма ні адной установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, што хвалюе даўно, а цяпер асабліва, бо новы навучальны год будзе азнаменаваны ўвядзеннем профільнага навучання ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі, пра што гаворыцца ў дакуменце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб заканчэнні 2014/2015 навучальнага года”.
Застаецца праблема недахопу педагагічных кадраў. Нашы школы маюць патрэбу ў настаўніках-дэфектолагах, музычных кіраўніках, настаўніках замежнай мовы, рытмікі, педагогах-псіхолагах. Праблему вырашаем, запрашаючы да працягу педагагічнай дзейнасці настаўнікаў пенсійнага ўзросту.

— Валянцін Сцяпанавіч, яшчэ хацелася б пачуць ваша меркаванне адносна прэстыжу педагагічнай прафесіі. Што вы ўкладваеце ў гэтае паняцце і наколькі прэстыж залежыць ад памеру зарплаты? Каб добра зарабляць, трэба, адпаведна, і шмат працаваць. Але прэстыж не можа вырасці суразмерна заработнай плаце, бо гэта ў першую чаргу прафесіяналізм.
— Прэстыж — гэта аўтарытэтнасць людзей, уплыў іх на грамадства. Ад сучаснага настаўніка патрабуецца многае: цярпімасць, талерантнасць, эрудыцыя, метадычная і прафесійная кампетэнтнасць, валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі, любоў да дзяцей.
Педагагічны склад ва ўстановах адукацыі абнаўляецца штогод, але не заўсёды прыходзяць у школы тыя, хто адданы прафесіі. Для некаторых гэта своеасаблівы масток для атрымання новай завочнай адукацыі і адпрацоўкі пасля УВА, а далей яны — эканамісты, праграмісты ў фірмах. Раней лепшыя выпускнікі школ на досыць высокай конкурснай аснове паступалі на розныя спецыяльнасці педагагічных вышэйшых навучальных устаноў, а цяпер на гэтыя спецыяльнасці часцей паступаюць “сераднячкі”, а лепшыя выпускнікі імкнуцца атрымаць больш высокааплатныя прафесіі.
Для таго, каб павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі, трэба ў грамадстве і ў школах развіваць маральныя каштоўнасці. Разам з тым неабходна працаваць і над прывабнасцю іміджу настаўніка, напрыклад, распрацаваць сістэму пэўных сацыяльных гарантый, сістэму павышэння заработнай платы, магчыма, трэба зацвердзіць спецыяльныя гранты, што таксама паспрыяе павышэнню прэстыжу і сацыяльнага статусу педагога. І яшчэ: на педагагічных спецыяльнасцях універсітэтаў неабходна больш практыка-арыентаваная падрыхтоўка будучых настаўнікаў (пачынаючы з 1 курса).
На мой погляд, сёння ёсць патрэба ў распрацоўцы і далейшай рэалізацыі доўгатэрміновай дзяржаўнай праграмы “Настаўнік”. Вядома, прэстыж не можа вырасці хутка і суразмерна зарплаце, бо ў першую чаргу гэта прафесіяналізм. Але, прайшоўшы паступальныя ўзроўні развіцця, сістэма адукацыі і сам педагог будуць запатрабаваны дастаткова высокім узроўнем заработнай платы.
Прычыны, па якіх моладзь не хоча ісці працаваць у школы, можна пералічваць бясконца, але трэба спадзявацца, што ў хуткім часе іх пералік пачне скарачацца. Сёння дзяржава прыкладае для гэтага шмат намаганняў. Працуем у гэтым кірунку і мы. Вялікую дапамогу ў прафарыентацыйнай рабоце, у выніку якой перавага аддаецца педагагічным прафесіям, аказвае Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, рэгіянальны Цэнтр тэсціравання. Радуе, што на педагагічныя спецыяльнасці ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў 2014 годзе ў нашым раёне паступіла 20,5% выпускнікоў, прычым дзесяці выпускнікам мы выдалі мэтавыя накіраванні.
У цяперашні час на базе сярэдняй школы № 5 Мастоў упершыню адкрылі міжшкольныя факультатыўныя заняткі “Прафесія — педагог”, праграма якіх была прапанавана ўпраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. У новым навучальным годзе плануем такія заняткі арганізаваць на базе ўсіх школ горада.
У адпаведнасці з рашэннем калегіі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і з мэтай прафесійнай арыентацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі на базе гэтай жа пятай школы створаны раённы рэсурсны цэнтр па прафесійнай арыентацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. А выдавецтва “Красіка-Прынт” выпусціла брашуру нашага педагога-псіхолага В.І.Глаўніцкай “Псіхалагічнае суправаджэнне прафарыентацыйнай работы ва ўстанове адукацыі”. Працуем.

— Валянцін Сцяпанавіч, вялікі дзякуй за размову і жадаем поспехаў вам і вашым калегам.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.