З пазітыўнымі тэндэнцыямі

- 11:08Планёрка ў рэгіёне

Пра некаторыя вынікі трэцяй чвэрці, вясновыя канікулы, прафарыетацыю і работу з бацькамі наша гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама Аленай КАВАЛЁВАЙ. Сістэма адукацыі і выхавання раёна вельмі дынамічная. Тут працуюць згодна з патрабаваннямі часу.

— Алена Георгіеўна, скончылася самая працяглая трэцяя чвэрць. Як яна прайшла?

— Так, завяршылася самая важная і адказная чвэрць навучальнага года. Для перша­класнікаў — гэта першыя дасягненні ў вучэбнай дзейнасці, першае дарослае ўсве­дамленне сябе ў калектыве аднагодкаў, для выпускнікоў — адчуванне стартавай лініі ў дарослае жыццё: планы на далейшую прафесію, першыя вынікі тэсціравання, думкі аб перспектывах.

Яшчэ адной адметнасцю трэцяй чвэрці з’яўляецца трэці этап рэспубліканскай алімпіяды. Гаворачы аб навучэнцах-алімпіядніках, хочацца падзяліцца пазітыўнымі тэндэнцыямі гэтага навучальнага года ў нашым раёне: колькасць пераможцаў па выніках абласнога этапу ў параўнанні з мінулым годам стала большай і дасягнула 8 чалавек. На рэспубліканскі этап рыхтуюцца чацвёра дзяцей. Гэта двое навучэнцаў Брылеўскай сярэдняй школы (па матэматыцы і нямецкай мове), вучаніца Церашковіцкай сярэдняй школы (па грамадазнаўстве) і курсант ліцэя МНС. Усе яны ўжо прайшлі падрыхтоўку на абласных зборах, якія праводзіліся на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. У цяперашні час працягваюць займацца з педагогамі ў школах і з абласнымі трэнерамі — дыстанцыйна.

— Як былі арганізаваны вясновыя канікулы, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю?

— Усё прайшло спакойна. Бацькам і дзецям дадзены рэкамендацыі па абмежаванні наведвання ўстаноў з масавым знаходжаннем людзей. Школамі арганізаваны дыстанцыйныя заняткі рознай накіраванасці, якія спадабаліся нашым дзецям. Акрамя таго, умовы надвор’я дазвалялі шмат гуляц­ь на свежым паветры. Ва ўстановах былі адкрыты лагеры дзённага знаходжання, якія наведвалі 230 дзяцей, у 13 школах звыш 100 падлеткаў удзельнічалі ў рэалізацыі праектаў па другаснай занятасці. Дзецям цікава ўдзельнічаць у жыцці школы і па-за межамі вучэбнага працэсу. Мы выконваем неабходныя меры: ва ўсіх установах ёсць дэзынфіцыруючыя сродкі, рэгулярна апрацоўваюцца паверхні. Зараз перыяд, які дазваляе дзецям паказаць важнасць здаровага ладу жыцця, неабходнасць захавання асабістай гігіены, а гэта дысцыплінуе.

Вельмі актыўна ідзе падрыхтоўка да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі. 2 красавіка мы запусцілі раённую квест-гульню “Нашчадкі Вялікай Перамогі”. Першы этап праходзіць дыстанцыйна, вучні рэгіструюцца з дапамогай QR-кода, запаўняюць анкету. Кожны тыдзень яны будуць атрымліваць заданні ад штаба на электроннай пляцоўцы і выконваць іх у адведзены час. Тэматыка заданняў — малая радзіма ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Другі этап плануем правесці напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі на базе аздараўленчага лагера “Сожскі бераг” (у пасёлку Чонкі Гомельскага раёна) у рэжыме анлайн.

— А на чым грунтуецца ваша дзейнасць у рабоце з бацькамі?

— Ва ўстановах адукацыі Гомельскага раёна функцыянуе 21 бацькоўскі клуб. Некаторыя з іх працуюць з катэгорыяй бацькоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе вузкіх спецыялістаў. Торфазаводская сярэдняя школа працуе ў асветніцкім кірунку з бацькамі навучэнцаў усіх узроставых катэгорый. Колькасць удзельнікаў клубаў мяняецца ў залежнасці ад таго, для якой узроставай катэгорыі прызначана тэма заняткаў. У некаторых школах функцыянуе клуб для бацькоў, чые дзеці здзейснілі правапарушэнне або злачынства. Ім таксама неабходна дапамога і падтрымка прафесіяналаў.

— Як арганізоўваеце дапрофільную падрыхтоўку школьнікаў у гэтым навучальным годзе?

— У 2019/2020 навучальным годзе профільнае навучанне  арганізавана ў 13 устано­вах адукацыі раёна. У бягучым годзе 139 адзінаццацікласнікаў вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні (69,2%). Гэта замежная мова, беларуская мова, біялогія, геаграфія, гісторыя Беларусі, матэматыка, руская мова, фізіка, хімія. У 2019/2020 навучальным годзе ў раёне працягнулі функцыянаваць профільныя класы педагагічнай накіраванасці (у Красненскай сярэдняй школе). Акрамя таго, у раёне ўпершыню адкрыты профільны клас аграрнай накіраванасці ў Лапацінскай сярэдняй школе.

Актуальнымі напрамкамі работы па дапрофільным навучанні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца дыягностыка, прафадукацыя, прафдыягностыка, кансультаванне, прафесійнае выхаванне. У раёне функцыянуюць аб’яднанні па інтарэсах рознага профілю для будучага самавызначэння навучэнцаў (па кветкаводстве, “Умелыя ручкі”, “Юныя географы-краязнаўцы”). Штогод у перыяд з кастрычніка па снежань навучэнцы ўстаноў адукацыі Гомельскага раёна ў рамках рэалізацыі праекта “Універсітэцкія суботы” наведваюць навукова-папулярныя лекцыі, майстар-класы, лабараторныя практыкумы і трэнінгі па рознай тэматыцы, якія праводзяцца на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі Гомеля.

— Якую ролю адводзіце дзейнасці РВМК, асабліва ў рабоце з маладымі настаўнікамі?

— У 2019/2020 навучальным годзе ў раён прыйшлі 7 маладых спецыялістаў — настаўнікі біялогіі і хіміі. Для пераадолення тых цяжкасцей, якія адчуваюць маладыя спецыялісты ў пачатку свайго прафесійнага шляху і падчас адаптацыі, пачынаючаму педагогу варта аказваць сістэматычную і рознабаковую дапамогу. У сувязі з гэтым у агульную сістэму работы Гомельскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета з маладымі спецыялістамі раёна ўваходзіць павышэнне кваліфікацыі, самаадукацыя, працэс атэстацыі, удзел у конкурсах, канферэнцыях, абагульненне і распаўсюджванне педагагічнага вопыту (адкрытыя заняткі, майстар-класы), актыўны ўдзел у рабоце педагагічных саветаў, метадычных аб’яднанняў, творчых груп.

Акрамя таго, у раёне працуюць школы маладога настаўніка. Кожныя заняткі ў такіх школах пачынаюцца з актуалізацыі педагагічнай ідэі, напрыклад, прапануецца ў рэбусе прачытаць цытату вялікага педагога або запоўніць азбуку педагагічнай думкі. Гэта спрыяе эфектыўнай камунікацыі, педагогі ўключаюцца ў работу па пэўнай тэме. Сумесна з кіраўнікамі раённай школы маладога настаўніка была прынята сістэма навучання ў рамках модуляў: першы — знаёмства з перадавым (інавацыйным) педагагічным вопытам (верасень — лістапад). Другі — работа з навучэнцамі і бацькамі (верасень — май). Трэці — самаадукацыя і самарэалізацыя, назапашванне ўласнага педагагічнага вопыту і яго трансляцыя (лістапад — май).

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Самае галоўнае — бяспека і захаванне здароўя нашых дзяцей. Хочацца мець магчымасць для стварэння ва ўстановах адукацыі паўнавартаснага здароўезберагальнага асяроддзя, камфортных і развіццёвых умоў. Улічваючы “ўзрост” нашых сельскіх школ і дзіцячых садкоў, тут ёсць над чым працаваць. Яшчэ адно пытанне, якое патрабуе асаблівай увагі, — кадравае забеспячэнне. Мудрасць і вопыт старэйшага пакалення настаўнікаў мы стараемся спалучаць з інавацыйнымі поглядамі маладых і таленавітых педагогаў. Вынікам нашай працы бачу адукацыю сельскага школьніка, якая не ўступае гарадскому ўзроўню. І размова тут не толькі пра акадэмічныя веды, але і пра грамадзянскую пазіцыю, імкненне да асобаснага росту.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.