З пазітывам па жыцці

- 10:01Людзі адукацыі

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна (цяперашнім БрДУ імя А.С.Пушкіна) з’явілася многа новых спецыяльнасцей: “Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова”, “Беларуская мова і літаратура. Гісторыя”, “Руская мова і літаратура. Англійская мова”. Спецыяльнасць “Біялогія. Псіхалогія” выклікала тады вялікую цікавасць у абітурыентаў: гэта цяпер псіхолаг — звычайная прафесія, а раней? Ды яшчэ ў спалучэнні з папулярным прадметам факультэта прыродазнаўства. Менавіта тады, у першыя наборы, трапіла на гэтую спецыяльнасць абітурыентка са Століншчыны. З таго часу прайшло два з паловай дзясяткі гадоў. Біялогіяй яна ў сваім жыцці займалася мала, а вось псіхалогія стала сэнсам жыцця. Яна — педагог-псіхолаг ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Святлана Аляксееўна Жыхар.

Калі настаўнік ніколі не працаваў у школе, дзе ёсць педагог-псіхолаг, яму не зразумець усёй важнасці яго работы. Гэта толькі на першы погляд словы, што складаюць змест абавязкаў педагога-псіхолага, простыя і сухія: псіхалагічная дыягностыка, карэкцыя, кансультаванне, прафілактыка, асвета… А па сутнасці гэта пастаянныя вывучэнні, размовы, тлумачэнні, і вельмі важна не памыліцца нават у падборы слоў, бо падлеткавы ўзрост — вельмі складаны перыяд у жыцці чалавека, а ў ліцэі вучацца толькі дзесяці- і адзінаццацікласнікі. Менавіта ў гэты час юнакі і дзяўчаты спрабуюць вызначыць сэнс і мэты свайго жыцця, стаць самастойнымі, многія праблемныя сітуацыі імкнуцца “разруліць” самі, на жаль, не заўсёды паспяхова, таму дыягностыка эмацыянальнага стану вучняў у псіхолага на першым плане. “Трэба помніць, што за любыя паводзіны дзяцей у адказе дарослыя, — вельмі правільныя словы Святланы Аляксееўны. — Галоўнае — дапамагчы вучням усвядоміць, што няўдач не варта баяцца, яны неад’емная частка шляху да галоўнай перамогі. Важна навучыць дзяцей бачыць любыя падзеі ў пазітыўным ключы, тады жыццё становіцца цікавым і насычаным!”

“Вельмі цікава даведацца пра асаблівасці свайго тэмпераменту, інтэлекту, самаацэнкі, узровень калектывізму, дэпрэсіі, сілы волі, — гавораць вучні 10-х класаў. — Таму ўсе тэсты, што прапаноўвае Святлана Аляксееўна, выконваем з задавальненнем і да яе ў кабінет пагутарыць заходзім часта”.

Не сакрэт, што выбраць правільна свой прафесійны шлях — задача няпростая. Часта так бывае, што вучань ужо ў 5 класе цвёрда ўпэўнены, кім хоча стаць. А бывае і наадварот: адзінаццацікласнік стаіць на раздарожжы і не ведае, у які бок падацца. У такім выпадку на дапамогу абавязкова прыйдзе Святлана Аляксееўна Жыхар: вывучыць псіхалагічныя схільнасці да пэўнай групы прафесій, выпрацуе асабістую прафесіяграму, запросіць для тэсціравання і рэкамендацый супрацоўнікаў цэнтра “Арыенцір” БрДУ імя А.С.Пушкіна, правядзе прафарыентацыйны тыдзень, пагутарыць асабіста — вось далёка не поўны пералік мерапрыемстваў псіхолага ў дапамогу будучым абітурыентам. Нездарма распрацаваныя ёй матэрыялы па тэме “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення” былі прадстаўлены на XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту.

Святлана Аляксееўна пастаянны ўдзельнік бацькоўскіх сходаў — як агульналіцэйскіх, так і класных, добры памочнік класных кіраўнікоў, настаўнікаў пры падрыхтоўцы да атэстацыі, ажыццяўляе псіхолага-педагагічнае суправаджэнне ўдзельнікаў алімпіяд, членаў навуковага таварыства, настаўнікаў — членаў інавацыйнага праекта. Раз за разам у настаўніцкай можна ўбачыць брашуры, рэкамендацыі па вырашэнні розных жыццёвых праблем і прыпіску: “Вазьміце, калі ласка, паважаныя настаўнікі, для карыстання”.

Энергіі, жыццярадаснасці, аптымізму гэтай чароўнай жанчыны можна толькі пазайздросціць. Гэтыя якасці прывабліваюць і старшакласнікаў. “Не ўяўляем свайго навучання ў ліцэі без Святланы Аляксееўны. Яна не проста псіхолаг, яна чалавек, які заўсёды знаходзіцца на пазітыве. Гэты настрой перадае нам, што так важна напярэдадні выпускной і ўступнай кампаніі”, — гавораць адзінаццацікласнікі. Няхай так будзе і далей!

Людміла БУРВІН,
настаўнік-метадыст ліцэя Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.