З педагагічным азартам

- 16:20Людзі адукацыі, Рознае

Сапраўдны настаўнік — гэта моцны духам і ўпэўнены ў сабе чалавек. І так было ва ўсе часы, бо ў гэтым высакароднасць і філасофія гэтай прафесіі. Не ўсе могуць раздзяляць такую філасофію, але тут, як гаворыцца, ты або настаўнік, або не. Педагагічны лёс маёй сённяшняй гераіні доўжыцца ўжо амаль 30 гадоў. Стаць настаўніцай яна загарэлася яшчэ ў першым класе і за ўвесь гэты час яе педагагічная зорка не згасла. Нягледзячы ні на якія адукацыйныя і жыццёвыя сітуацыі, Зоя Аляксандраўна Бушэйка ні на секунду не пашкадавала аб выбраным шляху, бо цвёрда пераканана, што гэта яе прызванне.

Зоя Аляксандраўна працуе ў сярэдняй школе № 32 Гродна, дзе не проста выкладае беларускую мову і літаратуру, а выхоўвае сапраўдных патрыётаў нашай краіны, якія шчыра любяць родную мову, ніколі ёй не здрадзяць і не адракуцца. Як прызналася настаўніца, у яе самой абвостранае пачуццё патрыятызму. Яна не разумее прыроду паходжання такой абвостранасці, але выязджаючы за межы краіны з нецярпеннем чакае моманту перасячэння беларускай мяжы, а калі давялося чатыры гады жыць і працаваць у Маскве, то каб не забыцца родную мову, усе лісты сябрам пісала толькі па-беларуску. Ды і прыгожай сябе адчувае толькі ў беларускіх сукенках.
Але галоўным аргументам для скептыкаў з’яўляюцца жыццёвыя поспехі былых і вучнёўскія цяперашніх выхаванцаў Зоі Аляксандраўны. У прыватнасці, яе першая пераможца алімпіяды па беларускай мове і літаратуры скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, другая — эканамічны ўніверсітэт, яшчэ дзве вучаніцы прысвяцілі сябе вывучэнню лінгвістыкі. А пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры 2013 года Дзмітрый Даўгаполік цяпер студэнт філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, куды паступіў з дакладнай устаноўкай: каб беларускім, родным словам дастукацца да душ і сэрцаў сваіх суайчыннікаў дзеля павышэння іх духоўнасці.
Магчыма, усё гэта гучыць пафасна, але патрыятызм апрыёры не можа быць іншым. Акрамя таго, усведамленне сябе беларусам — гэта вяршыня педагагічнага майстэрства Зоі Аляксандраўны. А шлях да вяршыні вельмі няпросты, бо патрабуе штодзённай карпатлівай настаўніцкай працы.

І калі прыходзіць у чарговы 5 клас, то першыя ўрокі заўсёды носяць натхняльны характар. Зоя Аляксандраўна стараецца ўлюбіць у свой прадмет з першага погляду. І ёй гэта ўдаецца, а затым заўсёды атрымліваецца, што на алімпіяду па беларускай мове і літаратуры ідуць самыя моцныя вучні школы.
Зоя Аляксандраўна — настаўнік-эксперыментатар, даследчык. У яе метадычным арсенале эфектыўныя формы і метады работы, прычым ступень эфектыўнасці вызначаецца толькі доследным шляхам.
— Неабходна зрабіць так, каб дзецям на ўроку было цікава, таму ў нас гучаць песні, мы ствараем прэзентацыі. Шукаю цікавыя формы правядзення ўрокаў. За ўсе гады работы ні разу не прыйшла на заняткі без плана-канспекта, дзе абавязкова стаўлю мэты. Некалі мне выкладчык методыкі сказала, што ўрок павінен быць настолькі разнастайным, каб дзіця не стамлялася ад аднабаковых заданняў, таму перад урокам уважліва падбіраю заданні, каб яны не паўтараліся.
Мая задача зрабіць так, каб вучні паверылі ў мяне і палюбілі мой прадмет. Стараюся быць сябрам для сваіх вучняў ва ўсіх адносінах. Пачынаючы з 5 класа мы ездзім на экскурсіі па нашай прыгожай краіне. Заўсёды гавару школьнікам, што Уладзімір Караткевіч аб’ездзіў Беларусь з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень. Да 11 класа мае навучэнцы маю ць унушальны багаж гістарычных ведаў і ўражанняў. З цяперашнімі пяцікласнікамі мы таксама выязджалі на кожных канікулах.
Акрамя таго, кожнае лета з дзецьмі ідзём у паход. Мінулым летам хадзіла з адзінаццацікласнікамі, калі яны ўжо здалі тэсціраванне і сталі студэнтамі, — адзначыла настаўніца.
Дарэчы, вучні Зоі Аляксандраўны падчас здачы ЦТ амаль заўсёды выбіраюць беларускую мову. Сярэдняя школа № 32 адзіная ў Гродне, дзе да 90 працэнтаў выпускнікоў выбіраюць беларускую мову для здачы ЦТ. Ні адзін вучань не карыстаецца паслугамі прыватнага рэпетытара. А 18 чалавек набралі ад 70 да 94 балаў.

Настаўніца ўвесь час займаецца самаадукацыяй. Нядаўна пацвердзіла вышэйшую катэгорыю і пераканана, што такі экзамен неабходны, бо матывуе да самаразвіцця і нават перагляду сваёй педагагічнай пазіцыі. Мае сертыфікат упэўненага карыстальніка камп’ютарам.
— Цяперашнія дзеці крыху іншыя. Я гэта бачу па сваіх пяцікласніках, якія ўключаны ў імклівы інфармацыйны паток. Для многіх беларуская мова як замежная, але я змагаюся з гэтым. Адразу прашу, каб яны ў бібліятэцы бралі беларускамоўную мастацкую літаратуру, а потым праводзім хвілінку чытання, калі па некалькі чалавек расказвае аб прачытаным. Гэта развівае і ўзбагачае мову навучэнцаў. І яшчэ адзін момант: у мяне на ўроках няма мабільных тэлефонаў. Вучні ніколі не чулі і не бачылі і майго тэлефона. Вось такая ў нас узаемапавага.
Дзяцей ні ў якім разе нельга ламаць, якога б яны пакалення ні былі. Мы, настаўнікі, павінны шукаць новыя падыходы да сучасных дзяцей. Таму я хаджу на розныя семінары, каб вывучаць гэтыя падыходы. Прынамсі, нядаўна вывучала новую мадэль урока. Мадэль звыклага для многіх урока патрабуе змен як на арганізацыйным этапе, праверцы дамашняга задання, так і падчас падрыхтоўкі дзяцей да ўспрымання новага матэрыялу і ўласна яго тлумачэння. Цяпер настаўнік на кожным этапе ўрока павінен быць побач з вучнямі і ўсё рабіць разам з імі, — адзначыла мая суразмоўніца.
Вялікая роля ў педагагічнай дзейнасці настаўніцы адводзіцца індывідуальнаму падыходу да вучняў. Асаблівае месца займае работа з адоранымі дзецьмі. Яна распрацавала сваю праграму па выяўленні навучэнцаў з крэатыўным мысленнем, якая раскрывае і развівае лінгвістычныя, філалагічныя здольнасці навучэнцаў.

Зоя Аляксандраўна ўмела спалучае тэорыю з практыкай. Вопытам сваёй работы з адоранымі навучэнцамі яна неаднаразова дзялілася на педагагічных саветах школы, раённых, гарадскіх і абласных метадычных аб’яднаннях. Зразумела, што такі падыход да работы з вучнямі дае высокія дасягненні і вынікі. На працягу 12 гадоў выхаванцы Зоі Аляксандраўны становяцца пераможцамі раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове і літаратуры. На рахунку настаўніцы 30 перамог на алімпіядах рознага ўзроўню.
— Ужо ў другім паўгоддзі 5 класа я разумею, у каго ёсць здольнасці да прадмета, і першая прапанова — займацца мовай на высокім узроўні — адрасуецца вучню. Але ў гэтай справе абавязкова павінна быць супрацоўніцтва з бацькамі, таму гэтая прапанова агучваецца і бацькам. Я расказваю ім пра сістэму работы з вучнем, пра ўжо дасягнутыя ім поспехі па беларускай мове. Далей пачынаецца штодзённая сумесная работа, прычым на высокім узроўні. Я не лічу, што калі вучань перамагае на школьным этапе, то абавязкова стане пераможцам на раёне і г.д.
Наша сумесная дзейнасць па падрыхтоўцы да алімпіяды пачынаецца з вывучэння моўных раздзелаў, прычым не азнаямляльна. Мы працуем з кожным раздзелам асобна і вельмі сур’ёзна. Напрыклад, бяром “Фанетыку і гукі мовы” і вывучаем усё, што іх тычыцца, нават захопліваючы ўніверсітэцкую праграму. Звяртаемся да самай рознай літаратуры. Усе кнігі па мовазнаўстве, якія з’яўляюцца ў кнігарнях, адразу трапляюць і ў маю кніжную шафу, як, зрэшты, і прадметныя часопісы, якія выпісваю. Так, гэта, канечне, вялікая нагрузка, але чым меншае дзіця, тым лепш яно засвойвае мову.
За гады работы з алімпіяднікамі я сабрала вялікую колькасць заданняў. У ход ідуць і алімпіядныя заданні мінулых гадоў. Пакуль мы не адпрацуем усе нюансы фанетыкі, да наступнага раздзела не пераходзім. Самым працаёмкім раздзелам з’яўляецца “Лексіка”, таму на яе вывучэнне адводжу больш часу. У 5 класе мы не абмяжоўваемся сінонімамі, антонімамы. Мае пяцікласнікі-алімпіяднікі ведаюць, што такое аксюмаран, антытэза.

Вы спытаеце, адкуль бярэцца час на такую падрыхтоўку? Я не абмяжоўваюся факультатывамі і дадатковымі заняткамі. Ёсць у нас з алімпіяднікам вольная хвілінка, значыць, мы займаемся. Ёсць у мяне вольная хвілінка, значыць, шукаю, напрыклад, цікавыя заданні для ўдасканалення вуснага выказвання алімпіяднікаў. Навучыць пісьменнасці прасцей, чым творчасці, але і тут ёсць выйсце. Нараўне з хвілінкай чытання ў нас ёсць хвілінка гаварэння. Мае пяцікласнікі ведаюць структуру вуснага выказвання і хвілінку гаварэння, якую праводжу практычна на кожным уроку, мы выкарыстоўваем для папаўнення слоўнікавага запасу. На дошцы запісваю тэму, на якую дзеці выказваюцца. Канечне, спачатку я іх папраўляю, затым гэта робяць аднакласнікі, але ў старшых класах у маіх вучняў праблем з вусным выказваннем і, адпаведна, гаварэннем няма.
З алімпіяднікамі мы стварылі сотні вусных выказванняў, якія падзелены па раздзелах. А пачыналася ўсё з таго, што зноў-такі брала мастацкую літаратуру і выпісвала цікавыя радкі пісьменнікаў пра мову, каханне, радзіму, духоўнасць і г.д. Затым ужо з дзецьмі ствараем “чароўныя сшыткі”, дзе пры падрыхтоўцы да вуснага выказвання можна знайсці трапныя эпітэты, параўнанні, супастаўленні. Ёсць асобныя сшыткі з архаізмамі.
Лічу, што акрамя здольнасцей, якія мае вучань, павінна быць вялікае жаданне. Трэба зацікавіць вучня так, каб заняткі гэтым прадметам сталі хобі, захапленнем не толькі для школьніка, але і для настаўніка. Увогуле, настаўнік павінен быць апантаным, і тады дзіця паверыць у яго, — вось так у некалькіх словах расказала пра сваю сістэму работы з адоранымі вучнямі Зоя Аляксандраўна.
А потым прызналася, што работа з алімпіяднікамі — гэта не проста хобі, а штодзённая патрэба, у якой яна ніяк не можа сабе адмовіць, тым больш полымя азарту ўвесь час падтрымліваюць пераможцы. Як, напрыклад, Таццяна Шульга, якая ўжо даўно вучыцца ў лінгвістычным універсітэце, але ў штодзённым жыцці карыстаецца выключна беларускай мовай, нават падчас сесіі.
Акрамя таго, доўгі час Зоя Аляксандраўна з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры школы, кіраўніком гуртка мастацкага чытання, навучэнцы якога станавіліся пераможцамі рытарычных конкурсаў. Яшчэ на працягу некалькіх гадоў Зоя Аляксандраўна як настаўнік-трэнер праводзіла заняткі з філалагічна адоранымі навучэнцамі ўстаноў адукацыі раёна.

Педагог развівае творчыя здольнасці вучняў і ў пазакласнай рабоце. Яны прымаюць удзел у конкурсах чытальнікаў, сачыненняў. Зоя Аляксандраўна распрацоўвае сцэнарыі да свят і памятных дат. Выступленні вучняў пад яе кіраўніцтвам заўсёды атрымліваюць самыя высокія адзнакі.
Разам з тым Зоя Аляксандраўна любіць хакей, ведае ўсіх знакамітасцей гэтага віду спорту і з задавальненнем ходзіць са сваімі вучнямі на гульні. Яна шчыры і вельмі адказны чалавек. Дзеці ёй давяраюць не толькі свае вучнёўскія праблемы, але і душэўныя, дзеляцца сваім жыццёвым досведам і нават запрашаюць на вяселлі.
Зоя Аляксандраўна пераканана, што яе сённяшнія пяцікласнікі палюбяць сваю зямлю, убачаць прыгажосць лясоў і гаёў, захопяцца чароўнасцю блакітных азёр і скажуць сваёй настаўніцы: “Самыя высокія зоры, самае блакітнае неба, самая зялёная трава, самыя прыгожыя кветкі — на маёй Беларусі! А самыя мілагучныя словы — словы маёй роднай мовы!”

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.