З пэндзлем па жыцці

Наталля Яўгенаўна Шуманская лічыць сябе самым шчаслівым чалавекам у свеце, бо колькі сябе памятае, займаецца сваёй любімай справай. Засынала і прачыналася з пэндзлем, не давала высыхаць фарбам у палітры яшчэ дашкольніцай. Усе школьныя гады правяла ў мастацкім гуртку, ні дня без мальберта не прайшло і ў студэнцкім жыцці. А апошнія 36 гадоў яна кіруе тым, сваім, гуртком, які стаў народнай студыяй выяўленчага мастацтва “Вытокі” Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці.

Падказаў шлях у мастацтва маленькай Наталлі мастак газеты “Зорька” Ула­дзімір Лось, куды дзяўчынка даслала свой малюнак птушкі. Уладзімір Васільевіч прыслаў дзяўчынцы ліст, у якім пахваліў яе, але сказаў, што ў птушкі чалавечыя вочы, і параіў Наталлі знайсці ў Слуцку гурток і развіваць там свой талент. Пазней адначасова са школай у дзяўчынкі з’явіўся і гурток у Палацы піянераў. Пад кіраўніцтвам мастака Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна дзяўчынка і асвойвала асновы чараўніцтва над аркушам.

Пра паспяховасць таго навучання гаварылі шматлікія ўзнагароды, перамога за перамогай на розных конкурсах. Самым каштоўным для Наталлі Яўгенаўны стаў медаль, які яна дзіцем атрымала ў “Артэку” сярод лепшых юных мастакоў розных краін (пуцёўка на цэлых два месяцы ў гэты лагер стала ўзнагародай за чарговую перамогу на рэспубліцы).

“У мяне было шчаслівае творчае дзяцін­ства, і калі вырасла, гэта спыняць не хацелася. Наадварот, хацелася вучыцца далей і потым вучыць іншых, таму лагічным працягам пасля 8-х класаў стала атрыманне адукацыі ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К.Глебава, а пасля — на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта. Праца­ваць вярнулася ў родны Слуцк. Спачатку працавала адразу ў дзвюх школах горада, але хутка перайшла ў свой родны цэнтр творчасці”, — успамінае Наталля Яўгенаўна.

Цяпер пад кіраўніцтвам педагога мастацкую навуку тут асвойваюць 70 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе трое дзяцей Н.Я.Шуманскай таксама наведвалі яе студыю, іх малюнкі ахвотна публікавалі дзіцячыя друкаваныя выданні, яны не раз перамагалі і на рэспубліканскіх, і на міжнародных конкурсах выяўленчага мастацтва. Але гэтыя перамогі — дробязь у параўнанні з тым, якія якасці выпрацоўвае ў дзіцяці маляванне, лічыць педагог і аргументуе: “Усе дзіцячыя стрэсы, праблемы лёгка выпраўляюцца алоўкам на аркушы. Выяўленчае мастацтва дапамагае падцягнуць і школьныя прадметы. Намаляваць гістарычную сцэну немагчыма, не вывучыўшы гэты гістарычны перыяд па падручніках і дакументальных фільмах. Зубра мы сфатаграфуем падчас паездкі ў Белавежскую пушчу, а каб намаляваць дэльфіна ў моры, трэба пачытаць пра клімат у падручніках па геаграфіі, у параграфе па біялогіі знайсці будову цела дэльфіна. Акрамя таго, заняткі жывапісам развіваюць у дзецях назіральнасць, увагу, цярпенне, працавітасць. Якую б прафесію яны потым ні выбралі, гэтыя якасці ніколі не будуць лішнімі.

Хаця прыкладна палова з тых дзяцей, якія некалі ў 6—7 гадоў пераступілі парог студыі, на выпуску выбірае сабе прафесіі менавіта мастацкага профілю: мастака, педагога выяўленчага мастацтва, дызайнера, ілюстратара, архітэктара і інш. Калі ў дзіцяці з’яўляецца мара пра пэўную прафесію, Наталля Яўгенаўна робіць усё, каб яна ў яго ажыццявілася: падстройвае пад яго праграму, ускладняе пэўныя кірункі, каб падрыхтаваць дзіця да паступлення. Асабліва актуальна гэта ў дачыненні да чарчэння. Па словах педагога, калі школьнікі вывучалі чарчэнне 3 гады, гэта не было праблемай, а цяпер, калі яно вывучаецца ўсяго год, даводзіцца шмат дапамагаць дзецям па-за школьнай праграмай.

Усяго за гады работы Наталля Яўгенаўна вывела на прафесійную мастацкую дарогу больш за сотню сваіх выпускнікоў. Сёння яны працуюць педагогамі ў школах, установах дадатковай адукацыі, у профільных сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах краіны, кіруюць дзіцячымі мастацкімі школамі. Нехта з выпускніц распісвае сцены храмаў, нехта — робіць ілюстрацыі да кніг. Многія выпускнікі студыі сталі вядомымі мастакамі і ў нашай краіне, і далёка за яе межамі. Усе яны пастаянныя госці ў студыі, таму дзверы тут не зачыняюцца, а чайнік не паспявае астываць.

Спрабуючы спазнаць педагагічныя сакрэты маёй суразмоўніцы, я заўважыла самы галоўны: яна адчувае мяжу паміж творчасцю і правільнасцю.

“Вучыць маляваць трэба паступова і нагрузку даваць дзецям па сілах. Адразу запрэгчы — значыць страціць дзіця. Не трэба ставіць дзіця і ў рамкі — так творчасці не бу-дзе, — гаворыць Наталля Яўгенаўна. — Часта педагогі выпраўляюць дзіцячыя памылкі на іх жа малюнках. Гэтага нельга рабіць. Калі зусім нейкая недарэчнасць — патлумач ці намалюй (але ні ў якім разе не на яго малюнку). Ды і тут арыентавацца трэба на ўзрост: калі ў 5 гадоў дзіця намалюе ў кошкі 5 лап, то на гэта можна не звяртаць увагі, але калі гэта малюнак 10-гадовага дзіцяці, то гэта ўжо павінна насцярожыць, нават калі дзіця — прыхільнік сімвалізму. Як без умення катацца на каньках не станеш віртуозам-фігурыстам, так і тут: без ведання базы, асноў свой мастацкі почырк не выпрацуеш, ды і мастацтва не будзе. Тое ж і з моднымі мастацкімі кірункамі: маляваннем далонькамі, адбіткамі і г.д. Іх можна прымяняць толькі для разнастайнасці, для адпачынку (мы таксама з імі знаёмімся), у аснове ж усяго — акадэмічнае мастацтва, якое дазваляе паступова асвойваць просты і акварэльны аловак, васковую і пастэльную крэйду, акварэль і алей, гуаш і акрыл”.

Яшчэ адно правіла Наталлі Яўгенаўны — ніякіх адбораў. Яна адштурхоўваецца не ад талентаў дзяцей, а ад іх жадання, бо ўпэўнена, што навучыць маляваць можна кожнага: “Да мяне часта прыходзяць дзеці, якія ў свае нават 8—9 гадоў не ўмеюць правільна трымаць аловак, але маюць велізарны запас цярпення і жадання навучыцца. Яны прыслухоўваюцца да кожнага слова педагога, выконваюць усе дамашнія заданні, робяць эскізы, замалёўкі. Так, з імі працаваць трэба даўжэй, але праз некалькі гадоў радуешся, гледзячы, якімі яны сталі. І шчыра прызнаюся, што я люблю ўсіх сваіх навучэнцаў. Прычым працавітых — яшчэ больш, чым таленавітых”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.