З першага курса — да навуковых вяршынь

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару як пераможца спаборніцтва за 2019 год сярод навуковых арганізацый.

Рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава, доктар
эканамічных навук, прафесар
Валянціна Багатырова.

Установа вышэйшай адукацыі паспяхова рэалізуе стратэгію мадэлі “Універсітэт 3.0”, пашырае інавацыйныя практыкі праз 13 вучэбна-навукова-вытворчых комплексаў, што працуюць на ўсіх факультэтах у адпаведнасці з профілямі падрыхтоўкі спецыялістаў, удзельнічае ў выкананні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці на 2016—2020 гады. Па выніках навукова-даследчай работы і інавацыйнай дзейнасці за 2019 год у розных галінах народнай гаспадаркі знайшлі ўкараненне 142 вынікі навуковых даследаванняў, у адукацыйным працэсе — 338 распрацовак, створаных у ВДУ. За мінулы год ва ўніверсітэце рэалізаваны 12 заданняў дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, 13 праектаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, гранты дактарантаў, аспірантаў, студэнтаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 18 навукова-даследчых работ па заказах прадпрыемстваў і арганізацый. Навуковая, навукова-тэхнічная і інавацыйная дзейнасць ажыццяўляецца на трыццаці пяці кафедрах дзесяці факультэтаў і ў навукова-даследчым сектары. ВДУ сёння працуе і развіваецца як буйны інавацыйны навукова-даследчы і адукацыйна-культурны цэнтр у сферы многаўзроўневай адукацыі на аснове сучасных патрабаванняў, тэхналогій і стандартаў якасці ва ўмовах эфектыўнай мнагапрофільнай ма­дэлі ўніверсітэцкага комплексу, што забяспечвае атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых, падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, добраахвотную падрыхтоўку да ваеннай службы для задавальнення запытаў рэгіёна і грамадства ў высокакваліфікаваных, кампетэнтных і канкурэнтаздольных кадрах, якія маюць безумоўныя перавагі на ўнутраным і знешнім працоўных рынках. Універсітэт паслядоўна і бесперапынна нарошчвае свой навуковы патэнцыял: толькі ў 2019 го­дзе яго супрацоўнікі абаранілі 4 доктарскія і 4 кандыдацкія дысертацыі, у студзені — лютым — яшчэ тры кандыдацкія дысертацыі. За год на базе УВА былі арганізаваны і праведзены 15 навукова-практычных канферэнцый, з іх 12 міжнародных, выкладчыкамі выдадзены 24 манаграфіі, 152 падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, 580 навуковых артыкулаў, 743 матэрыялы канферэнцый. ВДУ ганарыцца 15 навукова-педагагічнымі школамі, прызнанымі і вядомымі як у Беларусі, так і за яе межамі. У ходзе выканання ўсіх тыпаў праграм вучоныя ўніверсітэта ствараюць новыя тэорыі, методыкі, распрацоўкі, базы даных. У аспірантуры адкрыта 20 спецыяльнасцей па 9 галінах навук. Ва ўніверсітэце функцыя­нуюць дзве навукова-даследчыя лабараторыі і тры студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі. Пры кафедрах пра­цуюць 35 студэнцкіх навуковых гурткоў. На XXVI Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў 120 даследаванняў маладых вучоных ВДУ адзначаны дыпломамі, у тым ліку 25 — першай ступені, аўтары двух прызнаны лаўрэатамі конкурсу. Сямёра студэнтаў ВДУ ў мінулым годзе сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Шлях у вялікую навуку, прафесійны поспех пачынаюцца з правільнага рашэння аб выбары будучай прафесіі, — упэўнена загадчык падрыхтоўчага аддзялення ВДУ Лілія Алізарчык. — Сёлета ўніверсітэт прапануе абітурыентам 28 цікавых, запатрабаваных і перспектыўных спецыяльнасцей, прычым 3 — упершыню. Факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій будзе ажыццяўляць набор па спецыяльнасці “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі” з вывучэннем дзелавой англійскай мовы. Філалагічны факультэт парадаваў дзвюма новымі спецыяльнасцямі: “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)” і “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)”. Мы маем вялікія рэзервы, магчымасці і накіроўваем іх у першую чаргу на стварэнне спрыяльных умоў для сучаснай адукацыі і гарманічнага асобаснага развіцця кожнага нашага студэнта. Мы “вместе генерируем успех”— менавіта так гучыць адно з тлумачэнняў абрэвіятуры “ВГУ”. Далучайцеся!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ВДУ імя П.М.Машэрава.