З перспектывамі

Сімвалічныя белыя галубы ўзляцелі ў чыстае неба. Так першакласнікі новай  школы заявілі аб тым, што яны сталі школьнікамі. У Астраўцы ўрачыста адбылося адкрыццё школы № 3.

Вучнямі новай навучальнай установы сталі 432 хлопчыкі і дзяўчынкі, працаваць з імі будзе каля ста настаўнікаў і супрацоўнікаў. Дарэчы, першым месцам работы новая школа стане для 15 маладых спецыялістаў.

Як расказала дырэктар навучальнай установы Людміла Сасноўская, школа адпавядае самым сучасным патрабаванням адукацыйнага і выхаваўчага працэсу: у класах ужо ёсць 14 інтэрактыўных дошак, абсталяваны тры камп’ютарныя класы і тры лінгафонныя кабінеты, актавая зала разлічана на 280 чалавек, азы рабочых прафесій можна будзе атрымліваць у вучэбных майстэрнях, слясарнай і сталярнай майстэрнях. Спартыўны блок — гэта валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, хакейная каробка, бегавыя дарожкі, спартыўная і трэнажорная залы. Спартыўная зала плошчай 576 квадратных метраў дазволіць адначасова займацца тут вучням двух класаў. А карыстацца багатай спартыўнай інфраструктурай школы змогуць і жыхары мікрараёна.

На ўрачыстасці пабывалі ганаровыя госці: намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Курганская. Ад іх школа атрымала падарункі — сертыфікаты на набыццё спартыўнага інвентару, камп’ютарнай тэхнікі і мэблі.

Асаблівасцю новай школы ў горадзе беларускіх атамшчыкаў стане і інфармацыйна-пазнавальны цэнтр “Мірны атам”, на базе якога будзе працаваць, як яго назваюць у школе, “Атамны клас”.

— Ужо 3 верасня мы абмеркавалі з дырэктарам дэпартамента па рабоце з рэгіёнамі і органамі дзяржаўнай улады канцэрна “Расатам” Святланай Чурылавай перспектывы дзейнасці ў гэтым навучальным годзе, — расказвае Людміла Станіславаўна Сасноўская. — Галоўная мэта цэнтра “Мірны атам” —  прафарыентацыйная работа з нашымі навучэнцамі, звязаная з атрыманнем  імі ў далейшым спецыяльнасцей, якія будуць запатрабаваны на Беларускай АЭС. Гэта і правядзенне навукова-даследчых работ, удзел у конкурсах, атрыманне ведаў аб атамнай энергіі і прынцыпах работы атамных электрастанцый, супрацоўніцтва з гарадамі, дзе пабудаваны такія станцыі. Будзем запра­шаць у цэнтр не толькі навучэнцаў нашай і іншых навучальных устаноў, але і дарослых жыхароў Астраўца.

Профільнае навучанне па фізіцы і хіміі ў новай школе таксама плануюць арганізаваць з перспектывай прафарыентацыі навучэнцаў на прафесіі мірнага атама.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай  № 3 Астраўца.