“Па выніках работы сістэмы адукацыі за 2018 год граматай Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны калектыў Опсаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Браслаўскага раёна ў намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі” сярод сельскіх устаноў адукацыі, — расказаў начальнік аддзела па адукацыі Браслаўскага райвыканкама Іван Антонавіч Абаровіч. — Вынікі ЦТ за мінулы год сведчаць пра тое, што нашы выпускнікі мелі сярэдні бал вышэйшы за абласны па 9 прадметах, і гэта дазволіла раёну заняць 5-е месца ў Віцебскай вобласці”.
— Работа з адоранымі навучэнцамі ў раёне таксама на належным узроўні, — працягвае Іван Антонавіч. — У 2017/2018 навучальным годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды Алена Волкава, навучэнка 10 класа Браслаўскай гімназіі, атрымала дыплом ІІІ ступені па беларускай мове і літаратуры і стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У 2018/2019 навучальным годзе па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда раёна заваявала 9 дыпломаў. Браслаўскі раён увайшоў у лік пераможцаў па колькасці заваяваных дыпломаў разам з Першамайскім, Чыгуначным, Кастрычніцкім раёнамі Віцебска, Полацкім раёнам і Наваполацкам. У IX НПК “Эўрыка” (конкурс работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці) прынялі ўдзел 15 работ. Па выніках конкурсу 3 работы сталі пераможцамі (па астраноміі, рускай літаратуры, лінгвістыцы (беларуская мова) і ўзнагароджаны дыпломамі І і ІІІ ступені. У лютым 2019 года ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару прынялі ўдзел 2 навучэнцы з сельскіх устаноў адукацыі.
— Што праводзіцца ў раёне з мэтай прафарыентацыі навучэнцаў? Ці функцыянуюць аграрныя класы?
— Разам з упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Браслаўскага райвыканкама распрацаваны сумесны план прафарыентацыйнай работы на 2018/2019 навучальны год, у якім прадугледжана супрацоўніцтва з сельгасарганізацыямі раёна, Відзаўскім прафтэхкаледжам, фермерам-прадпрымальнікам. З 1 верасня 2018 года ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” у 10-х класах 7 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна навучэнцы асвойваюць прафесіі агародніка, разьбяра па дрэве і бяросце, швачкі, выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ. У Відзаўскай сярэдняй школе, Опсаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе, Друйскім яслях-садзе — сярэдняй школе функцыянуюць аграрныя класы, навучэнцы якіх наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, вывучаюць на павышаным узроўні хімію, біялогію, фізіку, матэматыку. Установамі адукацыі заключаны дагавор з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй, што дае права выпускнікам мець ільготы пры паступленні ў гэтую ўстанову.
У Браслаўскай гімназіі створаны педагагічныя класы для 6 навучэнцаў 10 класа, для 5 вучняў 11 класа, дзе арганізаваны факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. У браслаўскай сярэдняй школе № 2 для 13 навучэнцаў 10 класа створаны клас МНС, дзе прадугледжана вывучэнне на павышаным узроўні гісторыі, замежнай мовы, грамадазнаўства. Супрацоўнікі МНС праводзяць практычныя і тэарэтычныя заняткі па АБЖ, гісторыі пажарнай справы, медыцынскай падрыхтоўцы, асновах правядзення выратавальных работ.
У 10 установах агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня”, “Прафесіі маёй мары”. Асноўная мэта дзейнасці вучэбных бізнес-кампаній у раёне — вырошчванне экалагічна чыстай расады аднагадовых кветкавых раслін (Браслаўская гімназія), выраб сувенірнай прадукцыі (Відзаўская сярэдняя школа) і атрыманне прыбытку пасля рэалізацыі прадукцыі. Адзін з кірункаў прафарыентацыйнай работы — арганізацыя аздараўленчых лагераў працы і адпачынку. Для 15 навучэнцаў раёна ў мінулым годзе працаваў сацыяльна-эканамічны аздараўленчы бізнес-лагер.
Заслугоўвае ўвагі праект браслаўскай сярэдняй школы № 1 імя А.М.Жданава “У майстэрню разам з татам”, які рэалізоўвае настаўнік працоўнага навучання А.М.Пятроўскі. Для татаў і іх сыноў (ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў) па суботах у школьнай майстэрні арганізоўваюцца сумесныя заняткі, акцыі, працоўныя справы. Займаецца ад 10 да 30 чалавек. У рамках гэтага праекта ў 2018 годзе рэалізаваны праект “Дзіцячая пляцоўка “Мара дзяцінства”. У выніку ва ўстанове адукацыі была добраўпарадкавана тэрыторыя плошчай 60 кв.м для навучэнцаў школы і дзяцей мікрараёна. Малыя архітэктурныя формы для пляцоўкі выраблены з экалагічна бяспечных матэрыялаў, дрэва. На пляцоўцы штодня гуляе каля 30 дзяцей.
— Якія міжнародныя сувязі ў сферы адукацыі вы наладжваеце з замежнымі дзяржавамі?
— Браслаўская гімназія падпісала дагавор аб супрацоўніцтве з даўгаўпілскай сярэдняй школай № 10 (Латвія). У рамках дагавора праводзяцца сумесныя лагеры адпачынку. Напрыклад, вясновы міжнародны маладзёжны дыскусійны лагер і зімовы лінгвакультуралагічны лагер на базе Браслаўскай гімназіі. Восенню нашы навучэнцы прымаюць удзел у навуковай экспедыцыі ў Сілене, якая арганізоўваецца даўгаўпілскай сярэдняй школай № 10 і Даўгаўпілскім універсітэтам. Рэалізоўваюцца сумесныя праекты, накіраваныя на вывучэнне традыцый і культуры Паазер’я (калядныя сустрэчы сумесна з ГА “Уздым” (Даўгаўпілс) і рыжскай сярэдняй школай № 54).
Браслаўская гімназія актыўна ўдзельнічае ў інтэрнэт-праектах (праект iEARN Holiday Cards Exchange), з’яўляецца ініцыятарам і каардынатарам аднаго з іх (iEARN праект “Свет, у якім мы жывём”). Штогод гімназісты паспяхова выступаюць на міжнародных прадметных алімпіядах: алімпіядзе “Навыкі XXI стагоддзя”, арганізаванай Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэтам (Кацярына Лукша з 9 класа і Мікіта Сачыўка з 10 класа прайшлі на вочны тур і былі запрошаны ў Маскву), Міжнароднай анлайн-алімпіядзе па англійскай мове Skyeng Super Cup (у Кацярыны Лукша — дыплом ІІІ ступені на ўзроўні вобласці). Прадстаўнікі гімназіі прымаюць удзел у міжнародных конкурсах, напрыклад, на атрыманне стыпендыі ў рамках праграмы Еўрапейскай школы Усходняга партнёрства (Тбілісі, Грузія).
— Якія інавацыйныя праекты рэалізоўваюцца ў вашым раёне?
— З лютага 2019 года Опсаўскі яслі-сад — сярэдняя школа, Слабодкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа, Друйскі яслі-сад — сярэдняя школа былі адабраны сярод сельскіх школ Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей па выніках I адкрытага конкурсу “Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій” і ў рамках супрацоўніцтва з ГА “Беларускі зялёны крыж”, якая рэалізоўвае праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”, атрымалі гранты на добраўпарадкаванне прышкольных участкаў. У Опсаўскі яслі-сад — сярэднюю школу паступіў у бязвыплатнае карыстанне парнік даўжынёй 6 м коштам каля 500 рублёў, што дазволіць установе павялічыць колькасць расады таматаў, капусты і іншых культур. Ужо выкананы работы па ачыстцы старога саду, пераразмеркавана тэрыторыя прышкольнага ўчастка (аддзелы лекавых траў, пладова-ягадных кустоў). У планах — арганізаваць вырошчванне туй на продаж, закупку новых гатункаў яблынь з больш працяглым тэрмінам захоўвання пладоў. Друйскі яслі-сад — сярэдняя школа атрымаў грант у памеры 400 рублёў, які будзе накіраваны на набыццё садовага інвентару. Слабодкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа па выніках конкурсу атрымаў дыплом І ступені і грант на 2 500 рублёў для набыцця полікарбанатнай цяпліцы.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота прадастаўлена рэдакцыяй газеты “Браслаўская звязда”.