З прафесіяналамі — да новай якасці

Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі краіны да новага навучальнага года набліжаецца до завяршэння. На Іванаўшчыне на правядзенне капітальных і бягучых рамонтаў са сродкаў раённага бюджэту выдзелена больш за 880 тысяч рублёў. Пра гэта расказаў госць нашай сённяшняй “Суботняй планёркі” начальнік аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці Сяргей Анатольевіч ВАРУХА.

— У межах падрыхтоўкі да новага навучальнага года са сродкаў раённага бюджэту на суму 580 тысяч рублёў былі праведзены капітальныя рамонты ў сярэдняй школе № 4 Іванава і Махроўскай сярэдняй школе. У гэтых установах абнавіліся харчаблокі: праведзена замена ўсёй абліцоўкі, напольнага і насценнага пакрыцця, праводзіцца работа па закупцы новага тэхналагічнага абсталявання і мэблі для сталовай на суму 82 тысячы рублёў. Акрамя таго, з бюджэту было выдзелена каля 192 тысяч рублёў для рамонту даху 5 устаноў адукацыі, замены свяцільнікаў на энергазберагальныя ў вучэбных класах, рамонту ганку ў Яечкавіцкай сярэдняй школе.

У ліпені ў новы будынак быў пераведзены Іванаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Тут былі праведзены работы па адаптацыі памяшканняў для размяшчэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, створаны ўмовы для якаснай рэалізацыі адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі.

— Сяргей Анатольевіч, а як быў арганізаваны адпачынак дзяцей на канікулах?

— У перыяд летняй аздараўленчай кампаніі з 1 чэрвеня па 26 ліпеня ў раёне працавалі 32 аздараўленчыя лагеры, у якіх палепшылі здароўе 1396 дзяцей. Акрамя 17 лагераў з дзённым знаходжаннем, на базе ўстаноў адукацыі дзейнічалі 9 дзённых профільных лагераў, у тым ліку перасовачны турысцка-краязнаўчы лагер “Вандроўнік”, профільны грамадзянска-патрыятычны лагер “Новае пакаленне”, лагеры спартыўна-аздараўленчай, краязнаўчай і экалагічнай накіраванасці. Была арганізавана таксама работа 6 лагераў працы і адпачынку, у якіх працавалі і аздараўляліся 100 навучэнцаў.

Мы ганарымся, што ў раёне на балансе аддзела па адукацыі ёсць стацыянарны дзіцячы аздараўленчы летнік “Брыганціна”, які размешчаны ў маляўнічым месцы на беразе Завішанскага возера. Летнік карыстаецца папулярнасцю не толькі ў жыхароў раёна, але і вобласці. За летні перыяд у ім адпачылі 440 навучэнцаў, з іх 25 — з іншых рэгіёнаў вобласці.

У аздараўленчых летніках быў якасна арганізаваны адпачынак навучэнцаў. Усе выхаваўчыя мерапрыемствы праводзіліся ў межах рэспубліканскіх акцый “Мы — за здаровы і бяспечны адпачынак!”, “Бяспечнае лета”, “Малая радзіма: эстафета карысных спраў” і інш.

— Наколькі эфектыўна працуе метадычная служба раёна? Як павышаюць прафесійны ўзровень вашы педагогі?

— Метадычнай службе сёння адводзіцца значная роля ў рэалізацыі інавацыйных ідэй, звязаных з рэфармаваннем сістэмы адукацыі. Таму метадысты раённага вучэбна-метадычнага кабінета сумесна з намеснікамі дырэктараў па вучэбнай рабоце арганізоўваюць аператыўнае задавальненне патрэб педагогаў адукацыйнага, інфармацыйнага, аналітычнага, навуковага і метадычнага характару.

Асаблівую ўвагу метадычная служба ўдзяляе станаўленню маладых педагогаў. Штогод арганізоўваецца работа раённай школы стажора, школ маладога спецыяліста, настаўніцтва, праводзіцца індывідуальная работа на ўзроўні ўстановы адукацыі. Два гады запар маладыя спецыялісты ўдзельнічаюць у Міжнародным конкурсе “Фестываль метадычных ідэй маладых педагогаў” у Нафтагорску Самарскай вобласці. І гэта таксама дае ім магчымасць прафесійна расці. Сістэмнае метадычнае суправаджэнне маладых спецыялістаў дазваляе рабіць ім першыя ўпэўненыя крокі ў сваім прафесійным станаўленні.

У практыку работы метадычнай службы раёна ўвайшло стварэнне электронных партфоліа педагогаў, прадстаўленне асноўных ідэй вопыту ў форме структурна-лагічных схем, артыкулаў у выданнях вучэбна-метадычнага кабінета і рэспубліканскага друку.

Актыўнае супрацоўніцтва з Атрадненскім упраўленнем Міністэрства адукацыі і навукі Самарскай вобласці Расіі дае магчымасць пяты раз правесці рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый на тэрыторыі Іванаўскага раёна. Кірмаш з’яўляецца эфектыўнай формай распаўсюджання педагагічнага вопыту. Штогод на кірмашы дзеляцца педагагічным вопытам каля 70 педагогаў вобласці, рэспублікі і Расійскай Федэрацыі, а ў якасці слухачоў і “пакупнікоў” удзельнічаюць больш за 400 педагогаў.

— Якія дасягненні навучэнцаў і педагогаў раёна натхняюць на новыя перамогі і даюць імпульс далейшай рабоце?

— Мы ганарымся нашымі педагогамі — прафесіяналамі сваёй справы, захопленымі і творчымі, і іх навучэнцамі — актыўнымі і крэатыўнымі. 22 навучэнцы раёна ўключаны у рэспубліканскі банк даных адораных навучэнцаў, 5 педагогаў узнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У 2017 годзе настаўніца хіміі гімназіі Іванава Ала Васільеўна Таболіна ўдастоена ганаровага звання “Чалавек года Брэстчыны”. Яе вучаніца, Настасся Расько, стала сярэбраным прызёрам 51-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды ў Астане.

Па ўдзеле ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Іванаўскі раён займае лідзіруючыя пазіцыі сярод сельскіх раёнаў Брэстчыны. Па выніках 2017/2018 навучальнага года раён заняў 1-е месца ў абласной спартакіядзе школьнікаў.

У нашых установах адукацыі мы імкнёмся стварыць умовы для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Акрамя арганізацыі профільнага навучання ў 10—11 класах (у новым навучальным годзе плануецца адкрыць профільныя класы на базе 16 устаноў з 20), у сярэдняй школе № 2 Іванава створаны ваенна-патрыятычны клас пагранічнай накіраванасці. У сярэдняй школе № 4 Іванава арганізавана навучанне ігры на музычных інструментах і вывучэнне факультатываў музычнай накіраванасці. Штогод навучэнцамі заваёўваецца больш за 100 узнагарод рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню ў творчых музычных конкурсах і фестывалях.

— Сяргей Анатольевіч, якія задачы ставіце на новы навучальны год?

— Задач на 2018/2019 навучальны год ставім шмат: гэта і арганізацыя прафесійнага навучання школьнікаў, і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, і забеспячэнне роўных умоў для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, і новыя падыходы да ацэнкі вучэбнай дзейнасці. Але самым актуальным пытаннем, на мой погляд, застаецца пытанне забеспячэння якасці адукацыі. І вызначаюць яго ў першую чаргу кваліфікаваныя кадры, здольныя вырашаць не толькі пытанні вузкай прадметнай накіраванасці, але і больш важныя задачы, такія як выхаванне маральнасці, фарміраванне грамадзяніна-патрыёта, тыя, якія ў Год малой радзімы становяцца асабліва актуальнымі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.