З правам выбару

Выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа — вельмі запатрабаваныя спецыялісты

За 70 з лішнім гадоў свайго існавання гэтая навучальная ўстанова набыла шмат слаўных традацый. Пра іх падрабязна расказвае музейная экспазіцыя, размешчаная, між іншым, у памяшканні манастыра бенедыкцінак XVI стагоддзя, як і інтэрнат для навучэнцаў. На мой погляд, адна з самых галоўных традыцый каледжа, які раней быў выключна педагагічным, — рыхтаваць яркія, адказныя і вельмі запатрабаваныя кадры. Вось і зараз — размеркаванне адбудзецца ў красавіку, а на сярэдзіну сакавіка ў каледж толькі з Мінскай вобласці даслана 112 заявак. Гэта пры тым, што з 73-х сёлетніх выпускнікоў-педагогаў 15 навучаюцца ў каледжы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Алена Васільеўна Жураўлёва, дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, расказвае:
— Многія сённяшнія навучэнцы — дзеці нашых колішніх выпускнікоў. Такая пераемнасць, можна сказаць, наш брэнд. І ў каледжы зараз 10 педагогаў — яго выпускнікі. Вось і Святлана Іванаўна, мой намеснік, у свой час закончыла каледж, я нават у яе выкладала.
Святлана Іванаўна Курчык, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, менавіта той чалавек, які пра размеркаванне ведае ўсё. Ад яе мы і даведваемся, што зараз у каледжы вучацца 442 чалавекі, большая частка з якіх атрымлівае менавіта педагагічную адукацыю па трох спецыяльнасцях: “Замежная мова (англійская і нямецкая)”, “Пачатковая адукацыя”, “Фізічная культура”. У наступным навучальным годзе да іх дабавіцца яшчэ адна надзвычай запатрабаваная спецыяльнасць — “Дашкольная адукацыя”. Акрамя гэтага, у каледжы ёсць спецыяльнасці “Дызайн”, “Турызм і гасціннасць”. — Навучэнцам я заўсёды гавару, што ехаць працаваць трэба туды, дзе табе рады, дзе цябе чакаюць, дзе дапамогуць, бо сама з вялікай цеплынёй успамінаю сваё першае працоўнае месца, — гаворыць С.І.Курчык. — Гэта быў Дзяржынскі раён Мінскай вобласці, невялікая вясковая школа. Ды і цяперашнія нашы навучэнцы — гэта ў асноўным вясковыя дзеці, многія ў свае школы і вяртаюцца. У іх дыпломах, дарэчы, пазначана кваліфікацыя “Настаўнік”, без указання канкрэтнай спецыяльнасці, а гэта дае маладым спецыялістам пэўную мабільнасць, магчымасць браць дадатковыя гадзіны, працаваць педагогамі-арганізатарамі, сацыяльнымі педагогамі, выхавальнікамі.
Сённяшнія чацвёртакурснікі са сваімі выкладчыкамі згодны. Яны зусім нядаўна вярнуліся з пераддыпломнай практыкі і цяпер ахвотна дзеляцца ўражаннямі і планамі на будучыню. Так, Сяргей Гусько, які прыехаў вучыцца ў Нясвіж з Бярозы Брэсцкай вобласці, спадзяецца, што першае працоўнае месца атрымае ў Салігорску, дзе бываў як удзельнік спартыўных спаборніцтваў. Яго аднагрупнік Уладзіслаў Швайко, ураджэнец Нясвіжа, і пераддыпломную практыку праходзіў у родным горадзе, і працаваць збіраецца тут, у роднай школе № 3, з якой ужо атрымаў запыт.
— Я паступала на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”, маючы мэтавае накіраванне, — гаворыць Алена Лашыцкая. — Еду ў Валожынскі раён працаваць у сваёй школе, гэта ў вёсцы Доры.
Даната Бранавіцкая, таксама будучая настаўніца пачатковых класаў, прыехала з Любанскага раёна Мінскай вобласці, але на работу збіраецца ехаць у сталіцу, адкуль прывезла запыт са школы № 186. Жыць дзяўчына спадзяецца ў сваякоў, хаця апошняе слова ў плане месца працы, канечне, застаецца за камісіяй па размеркаванні. Яе аднагрупніца Алена Шкуцько гаворыць, што педагогам вырашыла стаць дзякуючы добраму прыкладу сваіх настаўнікаў з вёскі Нагорнае Клецкага раёна. І хаця вытворчую практыку дзяўчына праходзіла ў Мінску, нават прывезла запыт са сталічнай школы, працаваць хутчэй за ўсё паедзе ў Азярцоўскую школу Мінскага раёна. Алена мае самы высокі рэйтынгавы бал па сваёй спецыяльнасці, таму і выбіраць можа з усіх прапаноў. Наступныя будучыя выпускніцы заканчваюць каледж па спецыяльнасці “Замежная мова”. Улада Лазінская, магіляўчанка, таксама знаходзіцца на адным з першых рэйтынгавых месцаў, але настроена паступаць на дзённае аддзяленне Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Хаця размеркаванне яе хвалюе не менш, чым іншых выпускнікоў. “А калі я не паступлю або паступлю на завочнае аддзяленне?” — гаворыць дзяўчына.
Дар’я Малюга з Клецка паступала ў каледж па мэтавым накіраванні, таму жыць будзе ў бацькоў, а працаваць у суседняй вёсцы Кухчыцы, дзе і праходзіла практыку. Гаворыць, што вельмі спадабаўся калектыў, таму сумненняў няма. І нават калі б у Дар’і не было жылля, у Кухчыцах ёй дапамаглі б — тут ёсць інтэрнат.
А вось Юлія Гладкая працуе ўжо зараз у адной з нясвіжскіх школ. Адміністрацыя каледжа дазволіла дзяўчыне са статусам сіраты вучыцца па індывідуальным плане, каб яна магла працаваць. Пасля атрымання дыплома Юлія, якая прыехала ў Нясвіж з Магілёўскай вобласці, вырашыла ў горадзе і застацца, магчыма, будзе працаваць ва ўсё той жа сярэдняй школе № 1 настаўніцай замежнай мовы. Гаворыць, што вялікі ўплыў на яе выбар зрабіла дырэктар школы Таццяна Іванаўна Дубовік, былая выпускніца каледжа.
Заўважу, што большасць з маіх маладых суразмоўцаў збіраюцца паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, у асноўным, на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка або ва ўніверсітэт фізічнай культуры і спорту, лінгвістычны ўніверсітэт.
Гэта тым больш зручна, што вучыцца яны могуць па скарочанай праграме, паступаючы адразу на трэці курс. Дагаворы аб навучанні ў скарочанай форме каледж заключыў з 12-цю УВА краіны, не толькі па педспецыяльнасцях, але і па дызайне і турызме. Гэта і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, і многія іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі. Прыкладна 90% выпускнікоў каледжа становяцца студэнтамі УВА ў першы год пасля атрымання дыплома настаўніка. Асноўныя заказчыкі педагагічных кадраў каледжа — гэта, канечне, установы адукацыі Мінскай вобласці, у якія, напрыклад, летась былі размеркаваны 89% выпускнікоў-педагогаў, з іх 17 чалавек — у Нясвіжскі раён. Хаця паступаюць сюды выпускнікі 9-х класаў з усёй краіны. І калі такія маладыя людзі прывозяць запыты са сваёй радзімы, камісія па размеркаванні, як правіла, ідзе ім насустрач. Так, Віктар Булат прывёз з практыкі не толькі запыт адной са школ Кобрына (Брэсцкая вобласць), але і такі пахвальны водзыў, што камісія наўрад ці не пагодзіцца накіраваць хлопца ў гэтую школу, бо ён паедзе туды, дзе яго чакаюць.
— Тут вялікае значэнне мае індывідуальная работа, — падкрэслівае С.І.Курчык. — І вельмі важна, каб маладыя спецыялісты замацаваліся на першым рабочым месцы. Пра гэта мы таксама клапоцімся, адсочваем сітуацыю не толькі на працягу трох гадоў, як патрабуюць нарматывы, а ўсе пяць. І вынікі, я лічу, вельмі нядрэнныя: замацавальнасць нашых выпускнікоў складае каля 80%. Думаю, тут немалую ролю адыгрывае тое, што мы з 1 курса даём навучэнцам прафесійную накіраванасць. Няхай першакурснікі вывучаюць агульнаадукацыйныя прадметы, але мы з першага дня настройваем іх на тое, што яны будучыя педагогі.
На размеркаванні абавязкова прысутнічаюць заказчыкі кадраў. Выйграюць, як правіла, тыя, хто загадзя дасылае самую падрабязную інфармацыю: якая школа, якая нагрузка, якое жыллё. Так робіць, нарыклад, аддзел адукацыі, спорту і турызму Валожынскага райвыканкама. Безумоўна, падобныя абгрунтаваныя запрашэнні асабліва цікавяць выпускнікоў. Летась, дарэчы, у Валожынскі раён паехалі 6 выпускнікоў Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа, сёлета, хутчэй за ўсё, туды накіруюцца не менш за пяць чалавек, бо менавіта столькі мэтавікаў з раёна заканчваюць каледж. Ну а самі выпускнікі, як правіла, загадзя едуць на магчымае месца працы, каб паглядзець школу, пазнаёміцца з калектывам і г.д.

Загадчык сектара арганізацыйна-кадравай работы ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Святлана Валер’еўна Глябовіч: “Установы адукацыі зацікаўлены ў тым, каб да іх прыязджалі маладыя кадры. Добра, калі гэта маладыя спецыялісты, якія паступалі па мэтавым накіраванні. У 2015 годзе ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступілі 190 мэтавікаў з вобласці, а гэта значыць, што яны будуць працаваць на сваіх месцах не менш за пяць гадоў. Сваёй УВА на Міншчыне няма, але мы цесна супрацоўнічаем з педуніверсітэтам імя Максіма Танка, падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве.
А каледжаў, якія рыхтуюць настаўнікаў у Мінскай вобласці, тры: у Нясвіжы, Салігорску і Барысаве. Яны таксама рыхтуюць вельмі запатрабаваных спецыялістаў з практыка-арыентаванай адукацыяй. Мы арыентуем іх на далейшае атрыманне вышэйшай адукацыі.
Важна і тое, як заказчыкі кадраў кантактуюць з маладымі спецыялістамі, як расказваюць пра свае школы. Так, нашы вясковыя школы зусім не глыбінка, яны сучасныя, камп’ютарызаваныя, матэрыяльна добра забяспечаны. І база школ, і ўвага мясцовых улад, даплаты за здымнае жыллё, іншыя заахвочванні даюць свой плён. Маладых педагогаў абавязкова ўрачыста прадстаўляюць на жнівеньскіх педагагічных канферэнцыях, заахвочваюць іх да ўдзелу ў прафесійных конкурсах, у райвыканкамах дапамагаюць вырашыць надзённыя пытанні з тым жа жыллём.
Летась у вобласць прыехалі 873 маладыя педагогі з вышэйшай адукацыяй, 117 з іх — мэтавікі. Хацелася б, каб да нас больш прыязджала настаўнікаў фізікі, хіміі, матэматыкі. Працуем над гэтым”.

Зразумела, што пры высокай запатрабаванасці кадраў выпускнікі каледжа маюць магчымасць выбару першага месца працы. Так, ужо сёння заявак на настаўнікаў замежнай мовы больш за 200% у адносінах да колькасці выпускнікоў (гэта не лічачы запытаў, якія чацвёртакурснікі прывезлі з месцаў сваёй вытворчай практыкі). Не менш запатрабаваны і педагогі пачатковай адукацыі, чакаюць паўсюль і настаўнікаў фізічнай культуры. Таму не здзіўляе, што хуткае размеркаванне тут нікога не палохае. Для будучых педагогаў гэта проста пачатак працоўнай дзейнасці з правам выбару яе месца.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *