З профільнай групы — ва ўніверсітэт

Педагогаў сярэдняй школы № 2 Мастоў Гродзенскай вобласці парадавалі поспехі сёлетніх выпускнікоў профільных класаў. Вучні выдатна справіліся з заданнямі цэнтралізаванага тэсціравання, атрымаўшы высокія балы, у тым ліку і тры запаветныя сотні. У выніку маладыя людзі сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў, дзе працягнуць вывучаць прадметы, якія іх цікавілі ў школе.

Настаўніца са стабальнікам Іванам Мауціным.

Не памыліцца ў выбары

Сярэдняя школа № 2 Мастоў мае шматгадовы вопыт арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання з улікам магчымасцей, здольнасцей і запытаў вучняў. Працаваць у гэтым кірунку пачалі ў 1994 годзе, калі фарміраваліся класы з вывучэннем на павышаным узроўні асобных вучэбных прадметаў: матэматыкі, рускай і англійскай моў. Пазней, у 2000 годзе, у школе быў адкрыты ліцэйскі дзясяты клас з вывучэннем на паглыбленым узроўні англійскай мовы і матэматыкі. З 2005 па 2009 год выкарыстоўвалася мадэль мультыпрофільнага навучання, пры якой задавольваліся ўсе запыты вучняў. Высокаматываваныя дзеці на павышаным узроўні вывучалі па два-тры прадметы ў межах максімальнай дапушчальнай вучэбнай нагрузкі.

З 2014 года школа перайшла на профільнае навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Практыка паказвае, што правільна арганізаваная работа ў гэтым кірунку дазваляе дасягнуць поспеху. Так, нядаўна чатыры медалісты з профільнай фізіка-матэматычнай групы, дзе на павышаным узроўні выкладаліся матэматыка і фізіка, сталі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Два выпускнікі па­ступілі ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, два — у Гро­дзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы на фізіка-тэхнічны і факультэт матэматыкі і інфарматыкі. Важна і тое, што ўсе вучні з гэтай профільнай групы будуць навучацца ва ўстановах вышэйшай адукацыі на бюджэтнай аснове. Акрамя таго, сёлета з ліку тых, хто вывучаў на павышаным узроўні рускую і англійскую мовы, пяць маладых людзей паступілі ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. З іх чатыры медалісты, сярод якіх два набралі 100 балаў на ЦТ. А з сямі вучняў, якія вывучалі на павышаным узроўні гісторыю Беларусі і грамадазнаўства, два паступілі на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.

У чым жа сакрэт поспеху? Намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцу матэматыкі Аліну Паўлаўну Тамчук пры планаванні профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі заўсёды асабліва хвалюе пытанне асэнсаванага выбару вучнямі прадметаў, якія яны будуць вывучаць на павышаным узроўні. Важна задаволіць усе запыты школьнікаў, стварыць умовы для якаснай падрыхтоўкі да выніковай атэстацыі і ўступных экзаменаў. Выбар прадметаў для больш глыбокага вывучэння немалы, таму часцей за ўсё ў школе пры рэалізацыі профільнага навучання выкарыстоўваюцца другая і трэцяя мадэлі фарміравання класаў. З улікам патрабаванняў да арганізацыі профільнага навучання ва ўстанове адукацыі заўсёды ёсць магчымасць прапанаваць дзецям вывучаць на павышаным узроўні рускую і англійскую мовы, фізіку, матэматыку, хімію, біялогію, гісторыю і грамадазнаўства. Для гэтага маюцца адпаведныя ўмовы: сучаснае інфармацыйнае асяроддзе, высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, матэрыяльна-тэхнічныя і вучэбна-метадычныя рэсурсы.

Усвядомленасць выбару профілю навучання ў значнай ступені залежыць ад якасці дапрофільнай падрыхтоўкі. У 2018/2019 навучальным годзе Міністэрства адукацыі прапанавала ў якасці дапрофільнай падрыхтоўкі ўвесці вывучэнне асобных прадметаў на павышаным ўзроўні на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Такую магчымасць у школе выкарысталі. У 5—7 класах асобныя групы вучняў пачалі вывучаць на павышаным ўзроўні англійскую мову, вучні аднаго з 8-х класаў — матэматыку. Такім чынам, школьнікі атрымалі магчымасць праверыць свае сілы, падрыхтавацца да выбару профілю навучання на трэцяй ступені. У выніку выпускнікі 9 класа, якія два гады на павышаным узроўні вывучалі матэматыку, выбралі фізіка-ма­тэматычны профіль навучання на трэцяй ступені. Дапрофільная пад­рыхтоўка ў 8—9 класах забяспечваецца ў тым ліку праз шырокую сетку факультатыўных заняткаў па ўсіх вучэбных прадметах, якія адкрываюцца ў пачатку навучальнага года па запытах вучняў і заявах іх бацькоў.

Безумоўна, шлях да профільнага навучання няпросты, але неабходны. Галоўным матывам у выбары профілю навучання з’яўляецца падрыхтоўка да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. І задача школы і настаўнікаў — стварыць умовы для атрымання вучнямі глыбокіх ведаў і павышэння іх канкурэнтаздольнасці.

Зацікаўленасць у працэсе навучання і ў высокім выніку

У Аліны Паўлаўны Тамчук багаты вопыт работы менавіта ў профільных класах. Настаўніца імкнецца перадаць адносіны да свайго прадмета — матэматыкі — і даць трывалыя веды па ім сваім вучням.

— І сам прадмет, і яго выкладанне вельмі цікавыя і захапляючыя, — адзначае А.П.Тамчук. — Матэматыка дапамагае фарміраваць у дзяцей навыкі і якасці паспяховых лю­дзей: настойлівасць, гібкасць мыслення, творчы падыход, а таксама ўменне тлумачыць і даказваць, весці пошук шляхоў дасягнення мэты без гатовых алгарытмаў.

Настаўніцы важна, што большасць вучняў разумеюць: прадмет ім патрэбны, яго добрае веданне адкрывае шмат перспектыў. Маладыя людзі выказва­юць жаданне вучыцца ў профільных класах, старанна працуюць, і гэта дапамагае ім дасягнуць сваіх мэт пры паступленні.

Сёлета Аліна Паўлаўна асабліва ганарыцца вучнем Іванам Мауціным. Юнак атрымаў 100 балаў па матэматыцы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Парадавала і тое, што ўсе выпускнікі профільнай групы, дзе на павышаным узроўні выкладаліся матэматыка і фізіка, здавалі ЦТ па гэтых прадметах. Гэта сведчыць пра тое, што выбар профілю навучання два гады назад быў не выпадковым, а асэнсаваным.

Аліна Паўлаўна шмат увагі ­ўдзяляе рабоце з высокаматываванымі вучнямі. Зацікавіць дзяцей прадметам важна з самага пачатку — з 5 класа. Менавіта цікавасць — адзін з інструментаў, які падахвочвае вучняў да больш глыбокага пазнання, развівае іх здольнасці. Паступова ў іх узнікае жаданне далей вывучаць прадмет на павышаным узроўні. Для гэтага кожны ўрок павінен здзіў­ляць, не быць шаблонным. Асабліва гэта важна, калі размова ідзе пра работу з высокаматываванымі вучнямі, якія дакладна ведаюць, што ім патрэбна, і не прымаюць аднастайнасці.

— Важна адчуваць запыты сваіх вучняў і іх магчымасці, забяспечваць умовы для іх рэалізацыі, — разважае А.П.Тамчук. — Напрыклад, нашаму стабальніку Івану Мауціну заўсёды хапала жадання і энергіі працаваць дадаткова, у тым ліку з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў. Яму было нецікава выконваць простыя заданні. Ён з вялікім жаданнем браўся за складаныя задачы і адчуваў задавальненне ад дасягнення мэты. Дарэчы, гэта можна сказаць не толькі пра Івана, але і пра астатніх вучняў профільнай групы, дзе я выкладала матэматыку. 

Настаўніцу прыемна ўразіла тое, што пасля цэнтралізаванага тэсціравання Іван расказваў у першую чаргу пра тыя задачы, якія былі складанымі і таму найбольш цікавымі для яго. Мэтанакіраванасць, настойлівасць, зацікаўленасць і глыбокія веды па матэматыцы дазволілі хлопцу дасягнуць высокіх вынікаў і ў вывучэнні фізікі. Ён, пастаянны пераможца раённай алімпіяды па матэматыцы, з 9 класа пачаў займаць першыя месцы і па фізіцы. Вынікам яго карпатлівай работы сталі спачатку дыплом III ступені на абласным этапе алімпіяды па фізіцы ў 10 класе, а затым дыплом II ступені на абласным этапе і ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ў 11 класе.

На матэматыцы — стаўка на нешаблоннасць і хуткі тэмп работы

У профільных групах, дзе выкладае Аліна Паўлаўна, менавіта цікавая матэматычная задача становіцца матэрыялам для азнаямлення вучняў з новымі паняццямі, для развіцця лагічнага мыслення, фарміравання міжпрадметных сувязей. Матэматыка для вучня пачынаецца з праблемы, а пошук рацыянальных сродкаў вырашэння праблемы — гэта першы крок на шляху станаўлення асобы. Нестандартнае матэматычнае заданне ставіць вучня перад пэўнымі цяжкасцямі, якія патрабуюць значных разумовых намаганняў. Праблемнае заданне стварае сітуацыю, у якой ён павінен не разгубіцца, ацаніць узровень складанасці, прапанаваць шляхі вырашэння праблемы. Калі пры гэтым ёсць варыянты, выбар, гэта стварае больш магчымасцей для поспеху. У выніку ў вучня з’яўляецца дакладнае разуменне: заўсёды можна знайсці выхад з любой складанай сітуацыі.

А.П.Тамчук стараецца выкарыстоўваць на ўроках матэматыкі розныя віды прадукцыйных, творчых задач, якія вельмі станоўча ўспрымаюць яе вучні. Педагог заўсёды імкнецца навучыць іх весці пошук рашэння нават самай непадатлівай, на першы погляд, задачы. Безумоўна, можна запомніць схемы, алгарытмы рашэння многіх задач і потым карыстацца імі. Аднак сапраўдны матэматычны поспех у тым, каб навучыцца рашаць нешаблонна. Для таго каб дзеці не губляліся пры сустрэчы са складанай задачай незнаёмага тыпу, не баяліся складаных заданняў, варта навучыць іх такому падыходу, пры якім сама задача становіцца аб’ектам даследавання. Пры гэтым спачатку трэба правесці аналіз задачы — тут трэба параўноў­ваць, аналізаваць, супастаўляць і класіфікаваць. Наступным крокам становіцца пошук шляхоў рашэння, выбар самага аптымальнага варыянта. І нарэшце надыходзіць час для рашэння і абгрунтавання сваіх дзеянняў.

У профільных класах вучням заўсёды даспадобы нестандартныя задачы, якія рашаюцца не хутка, нейкім стандартным шляхам, а на падставе лагічных заключэнняў і высноў. Ім цікава, калі пастаўлена праблема, у якой неабходна ра­забрацца. Пры гэтым дзеці вучацца яшчэ і правільна размяркоўваць час, што важна і пры ўдзеле ў конкурсах і алімпіядах, падчас здачы экзаменаў і ЦТ.

З высокаматываванымі і адоранымі вучнямі вядзецца сіс­тэмная работа па падрыхтоўцы іх да ўдзелу ў алімпіядным руху. Для рашэння алімпіядных задач, зразумела, недастаткова ведаў, прадугледжаных праграмай школьнага курса матэматыкі. Таму вучні з настаўнікам і самастойна вывучаюць яшчэ і дадатковы матэрыял. Затым на ўроках пры рашэнні задач гэтыя дзеці знаходзяць прымяненне сваім дадатковым ведам: правілам, формулам, уласцівасцям, прыёмам і г.д. І рашэнне задачы атрымліваецца прыгожым, і рацыянальна выкарыстоўваецца час. Гэта, у сваю чаргу, зацікаўлівае астатніх вучняў, якія таксама хочуць пазнаёміцца з рацыянальнымі прыёмамі. На ўроках у профільных класах (групах) такая магчымасць ёсць. Напрыклад, А.П.Тамчук са сваімі вучнямі выкарыстоўвае тэарэму Менелая, метад рацыяналізацыі пры рашэнні лагарыфмічных і паказальных няроўнасцей, метад замены функцый для рашэння няроўнасцей і іншыя.

— Навыкі матэматычнага даследвання вельмі шмат значаць для паглыбленага матэматычнага развіцця дзіцяці, — падкрэслівае Аліна Паўлаўна. — Дабіцца поспеху дапамагае прынцып дзейнасці — уключэнне вучня ў вучэбна-пазнавальную дзейнасць. Для гэтага неабходна арганізоў­ваць даследча-пошуковую работу на ўроках праз стварэнне праблемных сітуацый. Таксама важна развіваць варыятыўнае і творчае мысленне — уменне параўноўваць, аналізаваць, супастаўляць, класіфікаваць, вылучаць галоўнае і знаходзіць самы аптымальны варыянт рашэння той ці іншай задачы.

Настаўніца заўважыла, што цікавыя задачы — адзін з класічных момантаў, дзякуючы якому для вучняў урок матэматыкі праходзіць вельмі хутка. Аліна Паўлаўна стараецца будаваць работу так, каб прывучаць усіх дзяцей да самастойнасці і даволі хуткага (хоць і з улікам індывідуальных магчымасцей) тэмпу работы, каб яны без прамаруджвання маглі спраўляцца з заданнямі.

У гэтым таксама залог будучых ма­тэматычных поспехаў.

— Тэмп урока ў мяне дастаткова высокі, — адзначае А.П.Тамчук. — У профільных класах вучні могуць яго трымаць. Хочацца за ўрок даць як мага больш, разледзець розныя тыпы задач па тэме, разабраць розныя метады рашэння стандартных і нестандартных задач, звярнуць увагу на памылкі і небяспечныя месцы.

Пры падобным падыходзе ў вучняў развіваецца высокі ўзровень мыслення. Але нават пры такім тэмпе ёсць вучні, якія працу­юць з апярэджаннем. Ім настаўніца прапануе задачы-вывады, дзе патрабуецца вывесці формулу, даказаць пэўныя уласцівасці. Затым гэтымі формуламі яны карыстаюцца пры рашэнні задач. Калі ўрок падышоў да лагічнага завяршэння і застаецца хаця б хвіліна, Аліна Паўлаўна прапаноўвае новае заданне. Часам вучні рашаюць яго імгненна ці прапануць свае варыянты і затым дома рашаюць прапанаваным метадам. А бывае і так, што варыянтаў рашэння няма, і гэта становіцца асновай для далейшай творчай работы, зацікаўленасці ў выкананні дамашняга задання. У большасці выпадкаў вучні спраўляюцца з падобнымі заданнямі, таму што ўзровень іх складанасці ці арыгінальнасці пабуджае да дзеянняў.

Сёлетнія дасягненні выпускнікоў пераконваюць педагагічны калектыў і вучняў школы ў тым, што профільнае навучанне ў групах дае свой вынік. У планах — і далей рабіць на яго стаўку, каб дзеці мелі магчымасць на павышаным узроўні вывучаць любімыя прадметы і рыхтавацца да паступлення.

Таццяна ШЫМКО.