З прыхільнасцю да міралюбнасці і добрасуседства

- 10:44Інфармацыйная гадзіна

Асаблівасць знешняй палітыкі, што праводзіцца Беларуссю, — у прыхільнасці да каштоўнасцей міралюбнасці, талерантнасці і добрасуседства. Такім меркаваннем, каменціруючы тэмы, якія абмяркоўваліся ў час “Вялікай размовы з прэзідэнтам”, падзяліўся намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Іван Корж.

“Такая палітыка Беларусі вельмі каштоўная ў сучасным неспакойным, ня­простым свеце, у якім нямала экстрэмальных падзей, і, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, праводзіцца выключна ў інтарэсах гарантавання бяспекі і захавання міру на нашай планеце”, — адзначыў парламентарый. Іван Корж падкрэсліў, што Беларусь усё часцей выступае платформай міралюбных ініцыятыў.

“Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што беларусы супраць любых праяўленняў агрэсіі — і ваеннай, і інфармацыйнай. Аднак новыя пункты напружанасці з’яўляюцца ў тым ліку па перыметры нашай граніцы. Вельмі дакладна кіраўнік дзяржавы абазначае месца нашай краіны ў гарантаванні бяспекі не толькі на еўрапейскім кантыненце, але і ў сусветным маштабе. Для нармалізацыі сітуацый Беларусь часта мае канкрэтныя прапановы, выходзіць з рознымі ініцыятывамі”, — сказаў суразмоўнік. Пазіцыя рэспублікі адносна тых ці іншых падзей усё часцей гучыць на міжнародных арэнах, і да яе прыслухоўваюцца.

Іван Корж таксама лічыць, што ў гэтым напрамку пэўная роля адведзена парламенту. “Дэпутаты прадстаўляюць Беларусь, яе пазіцыю па пытаннях бяспекі, у тым ліку інфармацыйнай, у розных міжнародных арганізацыях — Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Міжпарламенцкім саюзе, Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД і г.д.”, — растлумачыў ён. Асаблівая ўвага знешнепалітычнаму вектару ўдзяляецца і ў Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. У якасці прыкладу Іван Корж назваў абмеркаванне тэм бяспекі з удзелам беларускіх дэпутатаў на важных міжнародных форумах — канферэнцыі па пытаннях барацьбы з тэрарызмам у Берліне, парламенцкім форуме па пытаннях бяспекі і разведкі ў Вашынгтоне, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі больш як 80 краін.