З прытулку — дадому

- 17:22Сацыяльны ракурс

У Дзяржынскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры з прытулкам, што размешчаны ў вёсцы Станькава, адной з асноўных мэт работы лічаць вяртанне як мага большай колькасці дзяцей у родныя сем’і. У спецыялістаў з Дзяржыншчыны (Мінская вобласць) гэта стабільна атрымліваецца: 70—75% дзяцей, якія трапілі ў прытулак, штогод вяртаюцца ў родныя сем’і. А дзейнічае СПЦ з прытулкам з 2006 года.

Цяпер у прытулку 10 месцаў для дзяцей, і час ад часу, як, напрыклад, мінулым летам, яны бываюць цалкам запоўнены, хаця сярэдняя напаўняльнасць складае 60%. — Галоўная наша задача — дапамагчы дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, вярнуць ім надзею на пераадоленне цяжкасцей, падтрымаць іх, — гаворыць дырэктар установы Вацлаў Аляксандравіч Макарэвіч. — Сацыяльная падтрымка мае на ўвазе стварэнне рэабілітацыйнай прасторы для выпрацоўкі ў непаўналетніх пазітыўнай матывацыі да новых сацыяльных умоў. Гэта арганізацыя іх вольнага часу і развіццё творчых здольнасцей, фізічнае развіццё і далучэнне да здаровага ладу жыцця, прывіццё сацыяльных і камунікатыўных навыкаў, маральнае і духоўнае выхаванне.

Мой суразмоўнік не хавае (ды і што тут хаваць, справа, на жаль, вядомая!) — асноўная прычына ўзнікнення сітуацыі, калі прымаецца рашэнне аб тым, што дзецям неабходна дзяржаўная абарона, з’яўляецца злоўжыванне бацькамі алкаголем. Таму важны складнік рэабілітацыі сям’і — работа з дарослымі. Спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам — а тут, акрамя дырэктара і яго намесніка, ёсць, канечне, сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі, выхавальнікі, памочнік выхавальніка — працуюць на актуалізацыю ўнутраных рэсурсаў сям’і. Дабіцца гэтага ад нядбайных бацькоў складана, але ў большасці выпадкаў спецыялісты з задачай спраўляюцца. Яны імкнуцца матываваць сем’і на пазітыўныя змены, як вынік — на вяртанне дзяцей.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што амаль з 400 непаўналетніх ад 3-х да 17-і гадоў, якія знаходзіліся ў прытулку за ўвесь час яго існавання, некаторыя малыя траплялі ў яго па заявах адзінокіх маці, якім не было ў каго прасіць дапамогі, калі жанчыны хварэлі. Але, безумоўна, асноўная колькасць дзяцей была часова адабрана з нядобранадзейных сем’яў.

— У практыцы рэабілітацыйнай работы з сям’ёй мы выкарыстоўваем, напрыклад, сеткавыя сустрэчы і работу сямейнай гасцёўні, — расказвае Вацлаў Аляксандравіч. — Так, у гасцёўні праходзяць сустрэчы-дыялогі, круглыя сталы, заняткі з элементамі трэнінгаў, праводзяцца спартыўныя святы з удзелам бацькоў і дзяцей, тэматычныя бацькоўскія сходы і іншыя мерапрыемствы.

Для ўдзелу ў сямейнай гасцёўні запрашаюць, дарэчы, не толькі бацькоў, у адносінах да дзяцей якіх прызнана неабходнасць дзяржаўнай абароны. Сюды запрашаюць мам і татаў, якім камісія па справах непаўналетніх вярнула малых і ў чыіх сем’ях назіраецца ўстойлівая рэмісія, станоўчая дынаміка. Таксама спецыялісты запрашаюць на падобныя сустрэчы тых дарослых, каму таксама па рашэнні КСН дзеці вернуты, а сям’я знаходзіцца на постпрытулкавым суправаджэнні. Удзельнічаюць у рабоце гасцёўні спецыялісты СПЦ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Сеткавыя сустрэчы як форма работы з сям’ёй дазваляюць прыцягнуць бацькоў у працэс планавання і рэалізацыі праграм сацыяльнай рэабілітацыі іх сем’яў, мабілізаваць рэсурсы родных гэтых сем’яў, спецыялістаў устаноў адукацыі, іншых арганізацый, людзей, якія могуць паўплываць на вырашэнне канкрэтных праблем канкрэтнай сям’і, змяніць стэрэатыпныя адносіны сям’і і яе сацыяльнага акружэння.

Мэта сеткавай сустрэчы — абмеркаванне жыццёвай сітуацыі і вызначэнне сумесных дзеянняў па пераадоленні існуючых праблем. Канечне, у адзіночку бацькі, якія зусім заблыталіся, іх не вырашаць. Таму ім на дапамогу прыходзіць сур’ёзная падтрымка: блізкія, спецыялісты ўстановы, у якой вучылася дзіця да таго, як трапіла ў прытулак (сацыяльны педагог, педагог-псіхолаг, класны кіраўнік, дырэктар), спецыялісты прытулку, прадстаўнікі іншых ведамстваў (інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх, урач-нарколаг, старшыня сельсавета і інш.).

— У рабоце з сям’ёй важнае значэнне мае выкарыстанне знешніх рэсурсаў для яе падтрымкі, — тлумачыць В.А.Макарэвіч. — Для іх максімальнага задзейнічання ў нашым раёне арганізавана доўгатэрміновая дабрачынная акцыя “Магчымасць тварыць дабро”. У яе рамках дабрачынцы дапамагаюць сем’ям, дорачы ім рэчы, неабходныя для наладжвання нармальнага жыцця: мэблю, бытавую тэхніку. Калі сям’я знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, пры падтрымцы грамадскіх арганізацый дапамагаем ёй — гэта дапамога ў выглядзе прадуктаў харчавання, будаўнічых матэрыялаў, неабходных для рамонту, той жа мэблі.

Вось так і дасягаюцца такія значныя паказчыкі, як 70% вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і. Выпадкі, калі тыя ж дзеці зноў вярталіся ў прытулак, тут былі, але іх зусім нямнога, і здараліся яны не праз год-два пасля рэабілітацыі сям’і, а праз куды большы тэрмін. Умовы ж пражывання ў прытулку нядрэнныя — у клопаце пра дзяцей задзейнічаны дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі-дабрачынцы (Чырвоны Крыж, “Крыніца адраджэння”, Дзяржпагранкамітэт, Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, іншыя).

— Вопыт паказвае, што формы работы з сям’ёй, якімі мы карыстаемся, спрыяюць фарміраванню даверу паміж бацькамі і спецыялістамі, робяць удзел бацькоў у рэалізацыі плана рэабілітацыі сям’і асэнсаваным і мэтанакіраваным, — дадае Вацлаў Аляксандравіч. — Бацькі атрымліваюць матывацыю да самастойнага змянення мадэлі паводзін, умоў, якія прывялі да ўзнікнення рызыкі для дзяцей.

Марына ХІДДЖАЗ.