З радасцю да людзей, з карысцю для сябе

Праблема занятасці навучэнцаў пасля ўрокаў мае першаснае значэнне. Школьныя гурткі дапамагаюць выявіць актыўных, таленавітых і дапытлівых і з карысцю заняць іх вольны час.

Аб’яднанні па інтарэсах, гурткі, якія дзейнічаюць на базе Сыраваткінскага ясляў-сада — сярэдняй школы, — своеасаблівы масток, які дапамагае дзецям трапіць у дарослае жыццё і атрымаць станоўчы вопыт. Прымяненне інтарэсам, схільнасцям дзеці знаходзяць у наведванні гурткоў “Майстэрства рукадзелля”, “Чароўны пэндзлік”, “Лыжная падрыхтоўка”, “Юны інспектар руху”, драматычнага гуртка “Адлюстраванне” і інш. Усяго ва ўстанове працуе 10 гурткоў розных кірункаў. Уся работа з дзецьмі сарыентавана на асобу, развівае навыкі супрацоўніцтва з равеснікамі і дарослымі.

Гурток “Папяровыя фантазіі” запрашае ў дзіўны свет творчасці. Здольнасць паперы захоўваць дадзеную ёй форму, запас трываласці дазваляе рабіць не толькі забаўныя вырабы, сувеніры, але і даволі патрэбныя вырабы для штодзённага выкарыстання: закладкі, упакоўкі для падарункаў, падстаўкі пад алоўкі, пеналы.

З першых заняткаў дзеці пачынаюць разумець, што паняцця “смецце” для мастака не існуе. Малодшыя школьнікі асвойваюць розныя тэхнікі: тарцаванне, квілінг, арыгамі, мастацкае вырэзванне.

Гурток “Чароўны пэндзлік” дае магчымасць знаёмства і прымянення нетрадыцыйных прыёмаў выяўленчай дзейнасці ў рабоце з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. Вучні асвойваюць мастацкія прыёмы праз ненадакучлівае прыцягненне да працэсу малявання. Такія тэхнікі, як маляванне адбіткамі пальцаў, далоні, ватнымі палачкамі, ніткай, мыльнымі бурбалкамі, кляксаграфія і іншыя, вельмі падабаюцца дзецям. Акварэльныя тэхнікі (маляванне па мокрым, малюнкі з соллю) дазваляюць адпрацоўваць свабодныя рухі ліній на паперы, развіваюць творчасць і вобразнае мысленне.

Дзякуючы арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці прыходзіць разуменне, што школа — месца, дзе не толькі атрымліваюць веды. Тут ты становішся ўдзельнікам урокаў дабрыні і міласэрднасці, вучышся дзяліцца радасцю зносін, рабіць жыццё ярчэйшым і больш захапляльным.

Добрай традыцыяй сталі сустрэчы ў філіяле тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Цёплы дом” у вёсцы Лылойці.

Вучні разам з кіраўнікамі рыхтуюць святочныя праграмы для адзінокіх людзей сталага ўзросту, якія пражываюць у гэтай установе. Адна з такіх сустрэч стала асабліва запамінальная як для дарослых, так і для вучняў. Школьнікі выходзілі на імправізаваную сцэну, каб прачытаць вершы, праспяваць песні, паказаць інсцэніраваныя пастаноўкі. Канцэрт прайшоў на адным дыханні. У канцы сустрэчы дзеці падарылі пажылым сувеніры, зробленыя сваімі рукамі на занятках гурткоў. І шмат станоўчых эмоцый!

Вялікае значэнне ў нашай установе надаецца спартыўным гурткам. Трэніровачныя заняткі па падрыхтоўцы да лыжных спаборніцтваў ладзяцца на працягу года. Лыжаролеры — адзін з асноўных сродкаў падрыхтоўкі лыжнікаў у бясснежны перыяд і выкарыстоўваюцца для ўдасканалення тэхнікі перамяшчэння на лыжах і развіцця спецыяльных фізічных якасцяў. Яны дазваляюць паўтараць рухі лыжніка ва ўсіх спосабах перамяшчэння (хады, пераходы, павароты, спускі г.д.). Спатрэбіцца толькі невялікая дапрацоўка зімой. І вынікі не прымусяць сябе чакаць.

У склад зборнай каманды Гродзенскай вобласці рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ўвайшлі А.Грывіцкая, Г.Мацюшонак, А.Крушынская, А.Грыб, А.Ёч, А.Шчарбінская, якія занялі ІІІ месца ў агульнакамандным заліку.

Бронзавымі прызёрамі спаборніцтваў сталі Арцём Ёч і Ганна Мацюшонак. Яны былі ўзнагароджаны граматамі, падарункамі і грашовымі сертыфікатамі. Узнагароды пераможцам уручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка.

Будзем спадзявацца, што шчаслівыя хвіліны школьнага жыцця стануць апорай, дапамогуць дзецям у будучыні дастойна пераадольваць цяжкасці на шляху да мэты.

Ларыса САНЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Сыраваткінскага
ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.