З рога ўсяго многа

- 10:00Навіны рэгіёнаў, Рознае
Двухдзённае пасяджэнне абласнога метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці адбылося ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Размова ішла аб ролі і задачах педагога дадатковай адукацыі ў развіцці творчай асобы дзіцяці.

У рэгіёне назіраецца запатрабаванасць у аб’яднаннях па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Усяго ў Гомельскай вобласці дзейнічае 921 аб’яднанне, дзе займаецца больш за 12 тысяч навучэнцаў.
— У сучасных умовах, калі культура перажывае росквіт, творчая асоба ўсё больш і больш запатрабавана грамадствам ва ўсіх сферах дзейнасці, — адзначыла на адкрыцці пасяджэння дырэктар палаца С.В.Якіменка. — Вось чаму для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў патрэбен педагог-прафесіянал, чыя дзейнасць накіравана на фарміраванне мастацкага густу дзяцей і падлеткаў, перадачу ім ведаў, уменняў і навыкаў, далучэнне да традыцый свайго народа. Творчае дзіця — гэта не вынік паспяховага пошуку педагога, а карпатлівая праца педагога і выхаванца.
Напярэдадні правядзення абласнога этапу ІІІ Рэспубліканскай выставы дзіцячай творчасці “З рога ўсяго многа” паўстала пытанне аб тэхналогіі праектавання ў працы педагога дадатковай адукацыі. Гэта было першае пытанне, якое разглядалася на пасяджэнні метадычнага савета. Загадчык інфармацыйна-метадычнага аддзела абласнога Палаца творчасці Н.І.Бокунь адзначыла, што праектная дзейнасць — гэта ў першую чаргу перспектыва прафесійнага росту, і яна прадугледжвае вялікую падрыхтоўчую работу. Значны вопыт праектнай дзейнасці ў галіне выяўленчай творчасці ўжо маецца ў такіх установах дадатковай адукацыі, як Мазырскі, Калінкавіцкі, Парыцкі раённыя цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, а таксама ў Жлобінскім гарадскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”. Праекты многіх з іх былі прадстаўлены на Рэспубліканскай выставе дзіцячай творчасці “Святочнае кола”.
Аб народных мастацкіх традыцыях як крыніцы духоўнага выхавання расказаў удзельнікам пасяджэння кіраўнік народнай студыі “Сузор’е” Парыцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі А.Д.Туравец. Ён адзначыў, што выхаванне духоўнасці цесна звязана з веданнем гісторыі і культуры малой радзімы, з інтарэсам дзяцей да традыцый продкаў. Так, традыцыі старой парыцкай керамікі знайшлі сваё адлюстраванне ў сучасных работах навучэнцаў студыі. У дзяцей узнікае цікавасць не толькі да тэхнік, якія выкарыстоўвалі іх дзяды і прадзеды, яны хочуць як мага больш даведацца пра зараджэнне і развіццё гэтага напрамку, спрабуюць сабраць свае звесткі ў старэйшага пакалення родзічаў і знаёмых.
Вопыт работы па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў узорнай студыі “Каляровыя алоўкі” Калінкавіцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прадставіў яе кіраўнік Г.Д.Сафронаў.
Зрабіць заняткі ў студыі выяўленчага мастацтва цікавымі і эфектыўнымі дазваляюць ужо традыцыйныя мерапрыемствы аб’яднання па інтарэсах: фестываль “Графіці”, штогадовыя сустрэчы з ветэранамі, акцыя “Табе, любімы горад”, мастацкі роспіс паркавых скульптур і сцен, сацыяльная рэклама. Вялікая ўвага ў студыі ўдзяляецца выхаваўчай рабоце і фарміраванню здаровага ладу жыцця. Дзякуючы падтрымцы раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, выхаванцы студыі працавалі над праектам “У добры шлях”. Навучэнцы аформілі першую сацыяльную рэкламу на транспарце. Рэкламны слоган на аўтобусе гарадскога маршруту № 9 Калінкавіч заклікае кінуць шкодныя звычкі і пачаць весці здаровы лад жыцця.
Другі дзень пасяджэння метадычнага аб’яднання праходзіў на базе гімназіі № 10 Гомеля. Размова ішла аб сучасных тэндэнцыях у модзе, прынцыпах пабудовы калекцый розных тыпаў. Пра гэта расказала стыліст, візажыст, выкладчык прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання С.Б.Буцькавец.
Важным дадаткам работы метадычнага аб’яднання ў гэты дзень стала дэманстрацыя калекцый мадэляў. Так, тэатр моды гомельскай гімназіі № 10 прадставіў свае цікавыя калекцыі адзення “Вясёлая градка” і “Моn ami”. А тэатр моды Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна Гомеля, які неаднаразова выходзіў у фіналісты рэспубліканскага конкурсу “Млын моды”, прадставіў удзельнікам пасяджэння калекцыі “Карамелька” і “Феерыя”. У нейкім сэнсе гэта быў майстар-клас для педагогаў дадатковай адукацыі. Яны маглі не толькі паглядзець на цікавыя работы калег і навучэнцаў, а яшчэ атрымаць адказы на пытанні і пераняць вопыт кіраўнікоў тэатраў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.