З шырока заплюшчанымі вачыма

Хто навучыць дзяцей бачыць хлусню?

Гандаль людзьмі з’яўляецца трэцім па прыбытковасці злачынствам у свеце пасля продажу зброі і наркотыкаў. За 15 гадоў Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці зарэгістравала амаль чвэрць мільёна ахвяр трафікінгу. У асноўным гэта жанчыны і дзяўчынкі — менавіта яны складаюць пераважную большасць тых, хто пакутуе ад сексуальнай эксплуатацыі ці трапіў у працоўнае рабства. Нягледзячы на шматлікія меры, якія прымаюцца міжнароднымі арганізацыямі, поўнасцю спыніць трафікінг пакуль што немагчыма: злачынцы знаходзяць усё новыя спосабы падману ахвяр.

Крыніца жывога тавару

Штогод Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі сумесна з міністэрствамі ўнутраных і замежных спраў праводзіць тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Сусветнаму дню барацьбы з гандлем людзьмі. Звярнуць увагу грамадства на праблему трафікінгу і пака­заць неабходнасць аб’яднання намаганняў для выкаранення праблемы — галоўная мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары мерапрыемстваў. На дасягненне гэтых мэт таксама быў накіраваны тэматычны брыфінг, які прайшоў 30 ліпеня. Ён стаў пляцоўкай для абмеркавання і ацэнкі таго, што ўдалося зрабіць у сферы барацьбы з гандлем людзьмі, а таксама даў старт другому этапу кампаніі “Навучыце дзяцей бачыць хлусню”, якая прайшла ў інтэрнэце.

Глабальны план дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН у 2010 годзе. Гэты дакумент дазволіў стварыць міжведамасную каардынацыйную групу па барацьбе з трафікінгам, у якую сёння ўваходзяць больш за 20 міжнародных арганізацый.

Інфармацыйная кампанія, якая гэтым разам перамясцілася ў сацыяльныя сеткі, накіравана на інфармаванне бацькоў і спецыялістаў, што працуюць з дзецьмі, аб праблеме сексуальнага насілля і эксплуатацыі непаўналетніх, у тым ліку далучэння іх да вырабу парнаграфіі. На жаль, гэтая з’ява для нашай краіны застаецца актуальнай і дагэтуль носіць латэнтны характар. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітрый Радзіслававіч Цаюн заўважыў, што праблема гандлю людзьмі застаецца важнай як для ўсяго свету, так і для нашай краіны.

“Сёння гэта добра арганізаваны, наладжаны транснацыянальны від злачыннай дзейнасці. Ён прыносіць каласальныя даходы, супастаўныя з прыбыткам ад гандлю зброяй і наркотыкамі, — расказаў прадстаўнік крымінальнай міліцыі. — Работа, якую правялі праваахоўныя органы, дазволіла зменшыць маштабы гандлю людзьмі ў нашай краіне і ўзяць сітуацыю пад кантроль. З 2005 года былі перакрыты 727 каналаў вывазу і ўвозу лю­дзей для эксплуатацыі. Асноўныя кірункі, куды вывозяць грама­дзян, ужо паспелі стаць традыцыйнымі: Расійская Федэрацыя, краіны Блізкага Усходу і Еўрапейскага саюза”.

З 2000 года, як паведаміў Д.Р.Цаюн, было выяўлена 4421 злачынства, звязанае з трафікінгам. Таксама былі ліквідаваны 22 злачынныя арганізацыі і 85 арганізаваных груп, якія здзяйснялі злачынствы, звязаныя з гандлем людзьмі.

“Наша краіна з’яўляецца крыніцай паходжання жывога тавару, — канстатаваў Дзмітрый Цаюн. — Удзяляючы максімальна высокую ўвагу барацьбе з сучасным рабствам як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні, наша краіна з’яўляецца ўдзельнікам усіх ключавых міжнародных дагавораў у згаданай сферы, а таксама актыўна выступае з ініцыятывамі па ўмацаванні барацьбы з гандлем лю­дзьмі па ўсім свеце. Дзякуючы адной з такіх ініцыятыў, 30 ліпеня было прызнана Міжнародным днём барацьбы з гандлем людзьмі, які адзначаецца з мэтай аб’яднання намаганняў у галіне антытрафікінгу. У нас рэалізуецца нацыянальны план барацьбы з гандлем людзьмі, які прадстаўлены ў некалькіх праграмах. Акрамя гэтага, у краіне прыняты закон аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Ён увабраў у сябе ўвесь станоўчы сусветны вопыт і практыкі ў дадзенай сферы”.

Сёння рэалізуецца шэраг мер, накіраваных на барацьбу з гандлем людзьмі. Гэта ўдасканаленне нацыянальнага заканадаўства, сумесная актыўная дзейнасць дзяржаўных органаў і міжнародных арганізацый. Дзякуючы гэтаму, маштабы чыстага гандлю людзьмі ў нашай краіне ўдалося знізіць. Як вынік, сёння праваахоўнікі выяўля­юць іншыя, звязаныя з трафікінгам злачынствы. У асноўным гэта выкарыстанне людзей для заняткаў прастытуцыяй, выкарыстанне дзяцей у порназдымках. Тым не менш, практыка паказала, што з’яўляюцца новыя выклікі і пагрозы ў сферы эксплуатацыі, галоўная з якіх — распаўсюджванне новых тэхналогій. Яны шырока прымяняюцца ва ўсіх сферах арганізаванай злачыннасці, у тым ліку ў гандлі людзьмі. Прымяняючы сучасныя тэхналогіі, трафікёры імкнуцца апярэдж­ваць праваахоўнікаў, яны рэалізуюць увесь ланцужок трафікінгу, выкарыстоўваючы камп’ютар.

Сёлета спаўняецца 20 гадоў з дня падпісання Палермскага пратакола — пратакола аб папярэджванні і спыненні гандлю людзьмі (асабліва дзецьмі і жанчынамі), які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.

Несумненна, асаблівую трывогу вызываюць злачынствы, звязаныя з сексуальным насіллем над дзецьмі. Дзмітрый Цаюн кажа, што ў сучасных умовах сітуацыя ўскладняецца тым, што зносіны педафіла і дзіцяці перанесены ў інтэрнэт. Там злачынцы могуць доўга заставацца незаўважанымі міліцыяй, а пацярпелыя будуць працягваць падвяргацца гвалту.

“Магчымасць выдаваць сябе за каго заўгодна, у тым ліку і за равесніка, дазваляе педафілам лёгка ўступаць у кантакт з будучымі ахвярамі ў мэтах секс-чатынгу, секс-торшэру і сексцінгу, — працягвае размову намеснік начальніка ўпраўлення. Гэтыя дзеянні не толькі нано­сяць дзецям псіхалагічную шкоду, але і з’яўляюцца інструментамі іх псіхалагічнай падрыхтоўкі да сексуальнага кантакту. Набывае актуальнасць новая форма гандлю людзьмі — арганізаванае жабраванне, калі вярбоўшчыкі выкарыс­тоўваюць дзяцей для дасягнення сваіх злачынных мэт. Зносіны ў інтэрнэце значна ўскладняюць выяўленне фактаў гандлю людзьмі. Разумеючы гэта, мы пачынаем максімальна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі ў барацьбе з рабствам і спадарожнымі злачынствамі”.

Праўда ці падман?

Трафікінг як з’яву нельга разглядаць адасоблена. Тэма стаіць побач з гендарнай роўнасцю, з ВІЧ як фактарам уразлівасці, — гэта тыя прычыны, якія прыво­дзяць да гандлю людзьмі. Менавіта такія сацыяльныя з’явы ляжаць у аснове мандатаў усіх агенцтваў ААН.

Другі этап інфармацыйнай кампаніі “Навучыце дзяцей бачыць хлусню” не мае тэрміну прыдатнасці: трафікінг з’яўляецца актуальнай тэмай, якая можа закрануць кожнага. Тое, што інфармацыйная кампанія праводзіцца ў сацыяльных сетках, — гэта правільна і сучасна: не толькі дзеці, але і бацькі право­дзяць у інтэрнэце шмат часу. На гэта звярнуў увагу часовы павераны ў справах ЗША ў нашай краіне Джэфры Джук. Дарэчы, ЗША з’яўляюцца даўнім партнёрам нашай краіны ў супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

У сваім відэазвароце прадстаўнік ЗША таксама звярнуў увагу на тое, што трафікінг закранае ўсе краіны свету. “Мы сумесна дасягнулі вялікага прагрэсу, але зрабіць трэба яшчэ больш. Гандаль людзьмі — праблема глабальная. Мы дзякуем вашай краіне, ААН, МАМ (Міжнародная арганізацыя па міграцыі) і іншым арганізацыям, якія абараняюць людзей”, — звярнуўся да ўдзельнікаў брыфінгу Дж. Джук.

Дарэчы, менавіта агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAІD) працягвае аказваць нашай краіне падтрымку ў супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Дзякуючы міжнародным сувязям, больш за 10 тысяч чалавек з груп рызыкі змаглі атрымаць усю інфармацыю пра патэнцыяльную небяспеку, а таксама прайшлі праз рэабілітацыю і рэінтэграцыю.

А створаная бясплатная гарачая тэлефонная лінія і анлайн-кансультацыі дапамагаюць даведацца пра бяспечны выезд у 144 краіны свету.

Вывучыць і падзяліцца

Адной з вядучых кампаній у сферы барацьбы з гандлем лю­дзьмі з’яўляецца Міжнародная арганізацыя па міграцыі. 25 гадоў назад МАМ пачала глабальную рэалізацыю праграм па згаданай тэме.

Старшыня прадстаўніцтва МАМ у Беларусі Махым Аразмухамедава паведаміла, што за 18 гадоў пры падтрымцы донараў была аказана дапамога больш чым 3850 людзям, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі.

“Штогод мы запускаем інфармацыйную кампанію і засяроджваем увагу на пэўных пытаннях. Сёння ў фокусе міжнароднай увагі тыя, хто працуе на перадавой, гэта значыць ідэнтыфікуе пацярпелых, аказвае ім дапамогу і змагаецца за іх правы, — акцэнтавала ўвагу прадстаўнік МАМ. — Роля гэтых спецыялістаў асабліва ўзрастае ва ўмовах пандэміі каранавіруса: яны першымі кантактуюць з ахвярамі трафікінгу. Адметна, што сёлета спаўняецца 20 гадоў Канвенцыі ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці. Міжнародная арганізацыя па міграцыі заўсёды высока ацэньвала намаганні Беларусі ў галіне барацьбы з гандлем людзьмі”.

Міжнародная арганізацыя па міграцыі падтрымлівае не толькі ідэю правядзення інфармацыйных кампаній. На працягу 4 гадоў міністэрствы замежных і ўнутраных спраў арганізоўваюць летні аздараўленчы лагер “Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся”. Гэта адна з яскравых і насамрэч важных ініцыятыў, накіраваных на вырашэнне праблемы гандлю людзьмі. Яна стала магчымай дзякуючы падтрымцы МАМ.

Летні лагер з’яўляецца яскравым паказчыкам супрацоўніцтва і партнёрства міжнародных арганізацый і донараў, зацікаўленых у вырашэнні праблемы трафікінгу. Сёлета “Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся” прайшоў 4-ты раз. Як заўсёды, ён быў праведзены напярэдадні Міжнароднага дня барацьбы з гандлем людзьмі і праходзіў у рамках інфармацыйнай кампаніі “Спыні гандаль людзьмі”. Асноўная мэта кампаніі — натхніць маладых людзей на тое, каб яны таксама зрабілі свой уклад у рэалізацыю ініцыятыў, пачалі вывучаць праблему, дзейнічаць і дзяліцца сваімі ведамі з іншымі. Сёлета ў лагеры, як і ў папярэднія гады, было 18 удзельнікаў, якіх адабрала журы на конкурснай аснове. Для падлеткаў праводзіліся трэнінгі, інфармацыйныя гадзіны і лекцыі ад экспертаў шматлікіх ведамстваў.

Адметнасць сёлетняй ініцыятывы ў тым, што лагер право­дзіўся ў фармаце анлайн. Усе інтэрактывы, дыскусійныя пляцоўкі і ўрокі экспертаў былі рэалізаваны ў фармаце digital.

Ульяна Масловіч — адна з ­удзельніц лагера — засталася пад уражаннем ад праекта.

“Сёлета лагер праходзіў у новым фармаце — digital. Шчыра кажучы, спачатку гэта напалохала, таму што мне было незразумела, якім чынам мы бу­дзем камунікаваць, як бу­дзем разумець, што правільна чуем адно аднаго, — падзялілася ўражаннямі Ульяна. — Але арганізатары выдатна падышлі да вырашэння гэтага пытання: дыстанцыйны анлайн-лагер дазволіў абменьвацца меркаваннямі, слухаць запрошаных спецыялістаў. Гэта было вельмі цікава. Мы выкарыстоўвалі не толькі стандартныя спосабы камунікацыі, але і шматлікія месенджары, тэсціравалі розныя пляцоўкі. Запрошаныя спецыялісты далі нам унікальны вопыт, які, я упэўнена, у будучыні абавязкова спатрэбіцца.

За тыдзень мы не толькі разгледзелі праблему трафікінгу, але і знайшлі аднадумцаў, з якімі, спадзяюся, рэалізуем дастатковую колькасць ініцыятыў, якія дапамогуць зрабіць гэты свет лепшым. Хачу сказаць вялікі дзякуй і ўдзельнікам, і арганізатарам лагера за тыя веды, якія мы атрымалі, і за атмасферу, створаную ў лагеры. Спадзяюся, што мы абавязкова сустрэнемся наступным летам, але ўжо афлайн”.

Дзякуючы ўдзелу ў лагеры, тэмай гандлю людзьмі і працоўнай эксплуатацыі таксама зацікавіўся Ілья Харытанюк.

“Мне спадабаліся людзі, з якімі мы разам былі ў лагеры. Напэўна, гэта адзінае месца, дзе я бачыў столькі амбіцыйных, ініцыятыўных, добрых і вельмі разумных людзей. Усе яны імкнуцца арганізоўваць штосьці новае, у іх шмат ідэй і праектаў. Спецыялісты, з якімі нам давялося працаваць падчас правядзення праекту, вельмі цікавыя, іх даклады прымусілі шмат аб чым задумацца. Спачатку здавалася, што мы многае ведаем, шмат у чым разбіраемся, але пасля ўдзелу ў лагеры погляд на некаторыя пытанні быў зменены”. 

Наталля САХНО.
Фота аўтара.