З Сібіры — з “серабром”

- 11:35Спартыўныя падзеі

Калі ў сэрцы Сібіры — Краснаярску — праходзіла цырымонія закрыцця XXIX Сусветнай зімовай універсіяды 2019 года, у Нацыянальным аэрапорце Мінск прызямліўся самалёт з беларускімі біятланістамі — удзельнікамі ўніверсіяды. Іх горача віталі родныя, сябры, балельшчыкі. А Максіма Вараб’я, студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, шчыра віншавалі: спартсмен заваяваў для беларускай каманды трэці медаль універсіяды.

Сярэбраны медаль Максім атрымаў у мас-старце на дыстанцыі 15 кіламетраў.

— Гэта мая першая ўніверсіяда. Усё вельмі спадабалася, траса добрая, балельшчыкі падтрымлівалі вельмі горача. Сярод іх — большасць расіян, яны сустракалі на трасе як свайго, — дзеліцца ўражаннямі сярэбраны прызёр спаборніцтваў. — Канечне, разлічваў на медаль, але, шчыра кажучы, думаў, што ўдасца атрымаць яго ў спрынце ці праследаванні — медаль у мас-старце стаў прыемнай нечаканасцю. Наперадзе ў мяне адпачынак. Буду шу­каць снег у Беларусі і катацца на лыжах.

XXIX Сусветная зімовая ўніверсіяда на 11 дзён сабрала спартсменаў з 58 краін свету, якія змагаліся за 76 камплектаў узнагарод. Нашу краіну прадстаўляла каманда з 21 спартсмена ў 4 відах спорту — фрыстайле, біятлоне, лыжных гонках і спартыўным арыентаванні на лыжах.

— У гэтым годзе на ўніверсіядзе была вельмі высокая канкурэнцыя, асабліва з боку расійскіх спартсменаў. Спаборніцтвы прымала Расія, і гэтая краіна выставіла надзвычай вялікую і моцную каманду, супрацьстаяць якой было вельмі складана. Нашы спартсмены выступілі годна, заваяваўшы тры медалі, некалькі разоў былі вельмі блізка да прызавых месцаў, — расказвае Віталь Мікалаевіч Стрыгельскі, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. — Універсіяды — гэта апора спорту вышэйшых дасягненняў. Усе нашы алімпійскія чэмпіёны і прызёры перамагалі ў свой час у Рэспубліканскай і Сусветнай універсіядзе. І мы спадзяёмся, што спартсмены, якія праявілі сябе ў гэтым годзе ў Краснаярску, таксама стануць алімпійскімі чэмпіёнамі.

Віталі студэнтаў-спартсменаў у аэрапорце не толькі іх сябры, блізкія, але і прадстаўнікі Беларускай федэрацыі біятлона і Міністэрства адукацыі. Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, адзначыў, што Міністэрства адукацыі ўдзяляе вялікую ўвагу студэнцкаму і школьнаму спорту.

— Сёння мадэрнізуецца матэрыяльна-тэхнічная база УВА, у краіне праводзіцца Рэспублікан­ская ўніверсіяда, шэраг чэмпіянатаў і кубкаў. Радуе, што студэнцкі спорт развіваецца — нашы студэнты выступаюць на мерапрыемствах сусветнага маштабу і паказваюць добрыя вынікі.

Агонь XXIX Сусветнай зімовай універсіяды пагашаны, наступны раз ён загарыцца праз два гады ў Швейцарыі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.