Не ўяўляю, як жыць у межах

Калі яна ідзе па гістфаку падчас перапынку, не праходзіць хвіліны, каб нехта не падбег: “Ларыса Анатольеўна, як пажываеце? А можна вас абняць?”. “Сонейка”, “дабрыня”, “гумар”, “інтэлект”, “справядлівасць”, “адкрытасць” — першыя словы, што прыгадваюць студэнты, якія наперабой расказваюць пра кандыдата філалагічных навук дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ларысу ГЕДЗІМІН. Цяжка сказаць лепш, бо адносіны моладзі сведчаць самі за сябе.

Прафесійная гісторыя будучага педагога пачалася ў 5 класе. Тады малую зачаравала настаўніца рускай мовы і літатуры, якая расказвала так натхняльна і паслядоўна, як ніхто іншы (не дзіўна, што пры тлумачэнні новага ўжо на сваіх занятках для Ларысы Гедзімін важным было рабіць гэта структуравана і схематычна). Падросшы, дзяўчына зацікавілася вывучэннем беларускай мовы. Яе хвалявала стаўленне да роднай мовы ў грамадстве. У выніку школьніца аддала перавагу філалагічнаму факультэту БДУ.

— Выбіраючы, таксама разглядала прафесію псіхолага. Але ў 1989 годзе псіхолагаў рыхтавалі толькі ў Маскве і Ленінградзе (з аднаго боку, бацькі не хацелі адпускаць далёка адзіную дачку, з другога — спаборнічаць з усімі ахвочымі з Савецкага Саюза за 25 месцаў падавалася вар’яцтвам). Па сутнасці сваёй я чысты матэматык, і можна было звярнуць увагу на гэта, але спецыяльнасці тыпу “Бухгалтарскі ўлік у народнай гаспадарцы” мяне зусім не натхнялі. Так, дзякуючы пры­хільнасці да мовы, стала відавочна, што ў сям’і з’явіцца першы педагог, — расказвае Ларыса Анатольеўна.

Гавораць, што на філфаку адразу становіцца зразумела, чым у далейшым будзе займацца студэнт — мовай ці літаратурай. Гэтак жа было з Ларысай Гедзімін: яна з самага пачатку ведала, што пойдзе ў мовазнаўства (спецыяліст смяецца, што чалавекам літаратуры яе нельга было назваць ніколі: у школе вершы на памяць вучыла са скрыпам, а імёны галоўных герояў у буйных творах запамінала праз адно). Да таго ж хацелася раўняцца на выкладчыкаў-мовазнаўцаў Аляксандра Кіклевіча, Барыса Плотнікава, Леаніда Бурака, Льва Шакуна і Адама Супруна. 

У педагогіку малады спецыяліст прыйшла не адразу пасля заканчэння ўніверсітэта: спачатку працавала карэктарам у выданнях “Першацвет” і “Роднае слова”, заканчвала аспірантуру пры Нацыянальнай акадэміі навук. З 2000 года Ларыса Анатольеўна выкладае беларускую мову на гістарычным факультэце БДУ. Па словах выкладчыцы, на яе прафесійным шляху ўсё склалася найлепшым чынам, бо паступова з жыцця сыходзіла непатрэбнае (сёння спецыяліст не ўяўляе сябе ў ролі карэктара).

— Самае каштоўнае ў маёй прафесіі — магчымасць фармі­раваць асобу, уплываць на станаўленне студэнтаў, мяняць неш­та ў іх светапоглядзе. Многія першакурснікі прыязджаюць здалёк — ім трэба вучыцца жыць без баць­коў. У гэты час дзеці вельмі адзінокія. І калі проста пакласці руку на плячо ці ўсміхнуцца — як ажываюць іх вочы! Студэнты адкрываюцца, звяртаюцца па параду. Калі нехта прыходзіць да мяне з праблемай, гэта шмат каштуе, — дзеліцца выкладчыца. — Часта даводзіцца чуць: “Ты ў іх укладаеш-укладаеш, а яны разыходзяцца. Навошта?”. Я не разумею такіх пытанняў. Важна не тое, каб дзеці заўсёды былі побач (хоць і прыемна, калі пра цябе памятаюць), а тое, каб у іх усё было ў парадку. Калі робіш нешта карыснае, не трэба чакаць аддачы.

Ларыса Анатольеўна прызнаецца, што, калі заканчваецца семестр, яна знаходзіцца ў стане тугі: не хапае гарэзлівых позіркаў, знаёмых твараў. Гаворыць, што яе асноўная праблема — тое, што хутка прывязваецца, прыкіпае да студэнтаў. 

— Я глыбокая сава, і ў звычайных умовах устаць да першай пары для мяне — праблема. Але ж ведаеш, што студэнты чака­юць, — бяжыш да іх! Прыходзіш — і быццам прапелерчык з’яўляецца, колькі б шмат ні працаваў, — усміхаецца Ларыса Гедзімін. — У пачатку семестра складана выкладчыку і лёгка студэнту (першы імкнецца зацікавіць, затрымаць увагу, шукае дзейсныя спосабы засваення матэрыялу, “разжоўвае”, а апошні слухае). А ў канцы мы мяняемся месцамі.

Здаецца, што студэнты адчуваюць цёплыя адносіны да сябе. Хлопцы і дзяўчаты параўноўваюць Ларысу Анатольеўну з разгорнутай кнігай, кажуць: чытаеш яе, і кожны раз знаходзіш нешта новае.

— Штотыдзень мы чакалі заняткі па беларускай мове, і, здаралася, прыходзілі да іншых груп, каб больш паслухаць Ларысу Анатольеўну. Ідзеш ёй насустрач — і ўжо ўсміхаешся. У гэтага чалавека неверагодная аддача пазітыву, — расказвае моладзь.

Фотакамера — пастаянны спадарожнік Ларысы Анатольеўны па-за работай. Для яе любімы занятак — гісторыя, якая ажывае. Педагог пераканана, што фотаздымкі могуц­ь шмат пра што расказаць. Асаблівасці архітэктуры розных гадоў, народныя строі, наладжванне побыту, звычкі — тое нямногае, што можна даследаваць, дзякуючы фатаграфіям (цяга да мінулага таксама набліжае выкладчыка да студэнтаў). Гэта захапленне перадалося педагогу ад бацькі, і зараз цікавасць пераняла яе дачка Марыя. Такое баўленне часу дапамагае Ларысе Ге­дзімін адпачыць, прывесці ў парадак унутраны стан.

— Найперш трэба імкнуцца да душэўнага спакою, бо спакой у іншых праяўленнях — лянота. Калі ты загружаны працай і навокал — мітусня, але на душы ўсё гарманічна — гэта самае важнае, — лічыць мовазнавец.

Нягледзячы на прастату і сціпласць выкладчыка (Ларыса Анатольеўна любіць паўтараць, што ў яе прафесійнай біяграфіі “няма нічога звышнезвычайнага”), нельга не заўважыць крыніцу энергіі, схаваную недзе ўнутры. Здаецца, што Ларыса Гедзімін не можа знаходзіцца доўгі час на адным месцы, і ёй неабходна прастора для новых ідэй.

— Не ўяўляю сабе, як гэта — спакойна ся­дзець ці жыць у межах, — гаворыць педагог.

А я лаўлю сябе на думцы, што калі б Ларыса Анатольеўна была карцінай, наўрад ці пад яе знайшлася б рама.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.