“З сучаснымі “зэтамі” важна наладзіць дыялог”

Для журналістаў сустрэчы з педагогамі-краязнаўцамі заўсёды свята. Выдатныя суразмоўнікі, яны абавязкова падзеляцца з табой цікавымі думкамі па тым ці іншым аспекце развіцця краязнаўчай справы. Не стаў выключэннем і нядаўні І Рэспубліканскі краязнаўчы форум. Секцыя “Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе” была сапраўднай скарбонкай вопыту, ідэй, меркаванняў. Так, асаблівасці краязнаўчай і музейнай дзейнасці з сучаснымі падлеткамі, якіх прынята называць пакаленнем Z, удзельнікі секцыі абмеркавалі разам з настаўнікам гісторыі сярэдняй школы Міра Карэліцкага раёна Валерыем Іванавічам БРАНТАМ.

“Яны ў першую чаргу запамінаюць не змест якой-небудзь крыніцы інфармацыі, а месца, дзе гэтая інфармацыя знахо­дзіцца, а яшчэ дакладней — шлях і спосаб, як да яе дабрацца”.

Кліпавае мысленне, хуткая стамляльнасць, неўспрыманне дарослага чалавека як аўтарытэта — рознае можна пачуць пра сённяшніх падлеткаў, прадстаўнікоў пакалення Z. Праўда ў гэтых словах, канечне, ёсць, аднак гэтая праўда не такая ўжо і змрочная. “З сучаснымі “зэтамі” важна наладзіць дыялог, і тады першапачатковыя складанасці ў зносінах з падлеткамі не будуць здавацца праблемай. Я не адношу сябе да катэгорыі людзей, якія любяць гань­біць маладое пакаленне. І ўсё ж дарослыя не з’яўляюцца абсалютным аўтарытэтам для “зэтаў”, і мае равеснікі самі прызнаюць, што дзеці пераўзыходзяць іх у многіх навыках, асабліва што тычыцца інфармацыйных тэхналогій. Школьнікі не заўсёды адчуваюць піетэт да старэйшых, часта паводзяць сябе з імі разняволена. Тым не менш гэта не ўяўляе асаблівай праблемы, калі яны бачаць ваш саўдзел у рабоце з імі. “Зэты” павінны бачыць у вас не проста кiраўнiка музея, гуртка або клуба, а лідара, кажучы простымі словамі, важака. Вучні ведаюць, што са мной сумна не бывае. Мы можам стаць і экскурсаводамі, і юнымі пажарнымі, і камандай КВЗ. “Зэты” не павінны сумаваць”, — падзяліўся Валерый Іванавіч.

Кожную суботу на базе народнага гістарычна-краязнаўчага музея сярэдняй школы Міра праходзіць пасяджэнне клуба “Захавальнікі”. Тэмы, якія прапаноўвае Валерый Іванавіч, успрымаюцца падлеткамі па-рознаму. Нешта можа зацікавіць, як кажуць, з ходу, а нешта наадварот. Адразу гучаць пытанні накшталт “А чаму менавіта гэтая тэма?”, “А чым яна цікавая?”. Па словах Валерыя Іванавіча, для вучняў, сапраўды, важна атры­маць адказы на гэтыя пытанні. Яны хочуць даведацца нешта новае для сябе. Неабходнасць рэгулярна атрымліваць новую інфармацыю (асабліва візуальную) — адна з адметнасцей пакалення Z. “Мы з вучнямі зрабілі гульню “Міразнаў­ства”, — расказаў педагог. — Гульня — гэта цудоўна, у ёй таксама ўсё візуалізавана. Кароткія пытанні, чатыры варыянты адказу і карцінка. Успрымаецца на выдатна. Мы цэлую гадзіну з дзецьмі гулялі, і цікавасць у іх не знізілася. Галоўны акцэнт трэба рабіць на выяве. Калі вучань успрымае выяву, то ён успрымае і пытанні”.

Яшчэ адна адметнасць “зэтаў” — кліпавае мысленне. “Яны ў першую чаргу запамінаюць не змест якой-небудзь крыніцы інфармацыі, а месца, дзе гэтая інфармацыя знаходзіцца, а яшчэ дакладней — шлях і спосаб, як да яе дабрацца. Таму іх трэба пастаянна “падгру­жаць” заданнямі, якія не патрабу­юць уключэння даўгачаснай памяці: параўнанне выяў, пошук аналагаў, кампаноўка слайдаў і г.д. І трэба памятаць, што “зэты” — выдатныя пошукавікі, асабліва калі патрабуецца пера­працаваць інфармацыю з розных крыніц. Вучням складана аналізаваць нейкія падзеі, ім складана ўнікаць у іх сутнасць. Але яны ўмеюць вельмі добра знаходзіць інфармацыю. Лічыцца, што тыповы “зэт” здольны ўтрымліваць інфармацыю ў сярэднім 10—15 мінут. Хаця апошнія даследаванні паказваюць, што гэты час яшчэ карацейшы — усяго каля 15 секунд”, — падзяліўся Валерый Іванавіч.

“Зэты” павінны бачыць у вас не проста кiраўнiка музея, гуртка або клуба, а лідара, кажучы простымі словамі, важака”.

Адсюль і выснова: у дзей­насць школьных музеяў варта ўносіць карэкціроўкі, каб ціка­васць у падлеткаў была пастаяннай, каб на працягу ўсёй экскурсіі яны былі далучаны да пазнавальнага працэсу. “Прыходзяць у музей вучні, скажам, 6 класа. Першых мінут дзе­сяць яны актыўныя, зацікаўленыя, а потым іх вочы патуха­юць. Мы паспрабавалі напоўніць экскурсію інтэрактыўнымі ўстаўкамі, якія дазваляюць кароткачасова мяняць успрыманне матэрыялу. Добра працуюць прапановы па­трымаць музейны прадмет у руках, правесці яго міні-даследаванне, уявіць працэс яго вырабу. Прынцып просты: інтэрактыўная ўстаўка падчас экскурсіі вяртае ўвагу “зэта”, у выніку чаго працягваецца ўспрыманне інфармацыі, — паведаміў настаўнік. — Такой устаўкай у экскурсію можа стаць знаёмства з рубілам эпохі палеаліту. Можна паказаць крамянёвы адшчэп. Папулярнай формай работы ў нашым музеі з’яўляецца вітанне з майстрам. У экспазіцыі захоўваецца керамічны фрагмент XVII стагоддзя з адбіткамі пальцаў майстра. Вы б толькі бачылі, як запальваюцца вочы дзяцей, калі прапаноўваю ім прыкласці кончыкі сваіх пальцаў да гэтых адбіткаў! Хто б мог паду­маць, але асабліва “забойнай рэччу” для “зэтаў” з’яўляецца звычайнае гусінае пяро і чарніліца! Я паказваю дзецям, як раней пісалі, і параўноўваю напісаны пяром тэкст з надрукаваным на прынтары. Калі вучань бярэ ў рукі гістарычны артэфакт і асэнсоўвае яго значэнне, то тут інтэрнэт дае задні ход. У нас, напрыклад, ёсць кніга Талстога, якая прайшла ўсю Вялікую Айчынную вайну. Мы налічылі ў ёй восем пячатак розных палкавых бібліятэк. Гэтую кнігу вучні бяруць у рукі з такой беражлівасцю!”

Засяродзіцца на пэўных гістарычных падзеях навучэнцам дапамагае і ўдзел у рэалізацыі праектаў. “У распрацоўцы напрамкаў праектнай дзейнасці мы абавязкова ўлічваем схільнасці дзяцей. Адным падабаецца распрацоўка пытанняў да віктарыны або задач для квестаў, іншым цікавая работа з фотаматэрыяламі. Краязнаўствам трэба займацца выключна на зацікаўленасці. Толькі так настаўнік можа заваяваць у “зэтаў” аўтарытэт. Калі вучням, асабліва старшых класаў, нейкая тэма падабаецца, яны ў яе літаральна ўгрызаюцца. Некалі мы ладзілі віртуальную выставу “Цяжкая праўда вайны”. Школьнікі самі працавалі з архіўнымі матэрыяламі, прапаноўвалі сваё бачанне тых ці іншых ваенных падзей. Я гэтыя роздумы захоўваю і заўсёды паказваю іншым вучням, гавару, што так пісалі іх сучаснікі”.

Удзельнікі секцыі “Краязнаўства ў вучэбна-выхаваўчым працэсе”.

“Калі вучань бярэ ў рукі гістарычны артэфакт і асэн­соўвае яго значэнне, то тут інтэрнэт дае задні ход”.

У мінулым годзе вучні Валерыя Іванавіча пачалі работу над праектам “Страчаная гісторыя”. Былі знойдзены здымкі больш чым 10 аб’ектаў Міра, якія зніклі за апошнія 150 гадоў. Гэта і млын, і помнік Касцюшку, і нават барбакан пры замку. Другую частку праекта плануецца прысвяціць будынкам, якія страцілі сваё гістарычнае значэнне. Па словах настаўніка, Мір прыцягвае і здзіўляе турыстаў сваёй унікальнай планіроўкай, цікавымі аб’ектамі. Але на фотаздымках пачатку мінулага стагоддзя ў параўнанні з сённяшнім часам можна заўважыць значныя адрозненні. Многія жыхары Міра, не гаворачы ўжо пра гасцей, нават не ўяўляюць, якім быў населены пункт раней, бо вельмі многае з яго гістарычна-архітэктурнай спадчыны страчана. Аўтары праекта сутыкнуліся з праблемай. У работах розных даследчыкаў акцэнт робіцца на апісанне і аналіз гістарычных падзей і працэсаў. А што тычыцца страчаных аб’ектаў, то тут сістэмныя апісанні адсутнічаюць. У дакументальных крыніцах асобных аўтараў сустракаюцца толькі эпізадычныя спасылкі або адрывістыя звесткі пра тыя ці іншыя аб’екты старой забудовы, таму даследаванне з’яўляецца грунтоўнай спробай стварэння цэласнага віртуальнага экскурсійнага маршруту па страчаных гістарычных аб’ектах Міра.

“Рэгулярна атрымліваць новую інфармацыю (асабліва візуальную) — адна з адметнасцей пакалення Z”.

“У нас няма прывязкі вучняў да пэўнага праекта. Калі школьніку цікава, няхай працуе. Калі цікавасць знікае, ён можа сыходзіць. Але вельмі часта большасць вучняў вяртаецца да справы, якую мы разам пачалі. Калі цікавасць ёсць, то яна абавязкова верне чалавека. Калі вучань выканаў нейкую справу, правёў даследаванне, яго трэба пахваліць. “Зэты” вельмі лю­бяць, калі іх хваляць. Хоць крыху, хоць адзін лайк, але трэба ім паставіць. Галоўнае, каб пахвала была заслужанай. Аднак авансам таксама можна пахваліць”, — смяецца Валерый Іванавіч.

“Зэты” вельмі любяць, калі іх хваляць. Хоць крыху, хоць адзін лайк, але трэба ім паставіць”.

Сваёй асноўнай задачай наш суразмоўнік лічыць не столькі выхаванне, колькі неабходнасць скіраваць “зэтаў” у рэчышча пазітыўнага стаўлення да жыцця. “Каб іх цікавіла краязнаўства, пошукавая работа, гісторыя роднага краю — вось мая задача. Трэба даць ім асэнсаванне таго, што такое малая ра­дзіма, каб яны ўсвядомілі, што мы нясём на сабе адбітак спраў нашых продкаў, цяпло іх рук, думак, душ. Калі бачу ў вачах дзяцей зацікаўленасць, то няхай так і будзе”, — па­дзяліўся настаўнік.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.