З такім чалавекам ганарова працаваць

“Кіраўнік, які ведае сваю справу, прафесіянал, які заўсёды гатовы дапамагчы, і вельмі справядлівы чалавек”, — так гавораць калегі і падначаленыя пра намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Нацыянальнага дзяржаўнага адукацыйна-­аздараўленчага цэнтра “Зубраня” Марыну Валер’еўну Шлык.

У 2000 годзе выпускніца Нясвіжскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Марына Шлык, атрымаўшы дыплом педагога, па размеркаванні прыехала ў “Зубраня” — і, як аказалася, надоўга. Праз некаторы час, працуючы выхавальнікам, скончыла БДПУ імя Максіма Танка, пацвердзіўшы для сябе і іншых правільнасць выбранага прафесійнага кірунку.

У верасні споўніцца 20 гадоў, як Марына Валер’еўна працуе ў краіне дзяцінства на беразе Нарачы. За гэты час яна не проста прайшла шлях ад выхавальніка да намесніка кіраўніка, але і паспела праявіць свае здольнасці ў розных сферах: ад арганізацыі атраднай дзейнасці, падрыхтоўкі сцэнарыяў, падбору ўдзельнікаў тэматычных змен да каардынацыі і рэалізацыі рэспубліканскіх і міжнародных праектаў. Пры гэтым яна бесперапынна самаўдасканальваецца і дапамагае падначаленым павышаць прафесійны ўзровень, шчыра перадае свой неацэнны вопыт, удзельнічае ў распрацоўцы праграм выхавання, метадычных дапаможнікаў і зборнікаў.

Шмат хто з яе выхаванцаў пайшоў па педагагічнай сцяжыне і зараз таксама працуе ў цэнтры, раўнуючыся на Марыну Валер’еўну як на дбайнага і таленавітага педагога, які можа стварыць для дзяцей неверагодную атмасферу ўтульнасці, узаемаразумення і дабрыні. Некалькі пакаленняў “зубранят” памятаюць цеплыню і клопат, з якімі яна ставілася да іх, яе імкненне захаваць і перадаць “зубраняцкія” традыцыі. Сёння, курыруючы выхаваўчую работу ў “Зубраняці”, М.В.Шлык імкнецца так выхоўваць маленькіх беларусаў, каб яны раслі сумленнымі, прыстойнымі і працавітымі людзьмі.

Пад кіраўніцтвам Марыны Валер’еўны штогод у “Зубраняці” рэалізоўваецца каля 50 разнапрофільных праграм для розных катэгорый дзіцячага актыву, праходзяць міжнародныя і рэспубліканскія фестывалі і конкурсы. Асаблівым клопатам Марыны Валер’еўны з’яўляецца арганізацыя міжнароднага супрацоўніцтва і адпачынку ў цэнтры замежных дэлегацый з розных краін свету.

Патрабавальная да сябе, Марына Валер’еўна з такой жа патрабавальнасцю ставіцца і да сваіх падначаленых, не проста падштурхоўваючы іх да дакладнага выканання функцыянальных абавязкаў і даручэнняў, а матывуючы да крэатыву, атрымання актуальнай прафесійнай інфармацыі і асваення новых кампетэнцый.

Адной з найважнейшых якасцей М.В.Шлык, на думку яе калег, з’яўляецца здольнасць ставіць выразныя мэты і заахвочваць да іх дасягнення. Пры гэтым якасці мэтанакіраванага і таленавітага кіраўніка не перашкаджаюць ёй заставацца ўважлівым, цікавым чалавекам і абаяльнай жанчынай.

За шматгадовую працоўную дзейнасць Марына Валер’еўна Шлык ­узнагароджана граматамі Мядзельскага райвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца выдатнікам адукацыі, а ў пачатку гэтага года ўказам кіраўніка дзяржавы за шматгадовую плённую працу ў сіс­тэме адукацыі, значны асабісты ўклад у арганізацыю выхавання падрастаючага пакалення і ўмацаванне міжнародных сувязей узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

Сумленна здабыты аўтарытэт сярод калег — найлепшая ацэнка прафесійнай дзейнасці Марыны Валер’еўны. “З такім чалавекам не толькі прыемна, але і ганарова працаваць”, — падкрэсліваюць яе калегі.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.