З танцам па жыцці

Захопленасць і мэтанакіраванасць настаўніцы харэаграфіі Валянціны Афанасьеўны Вішнеўскай у справе захавання традыцый народнага танца Прыдзвінскага краю нікога не пакідае абыякавым. Усё, што яна робіць, атрымліваецца ў яе ўпэўнена і высокапрафесійна.

Калі я пацікавілася ў Валянціны Афанасьеўны, як пачынаўся яе шлях у прафесію харэографа, яна паведаміла, што яшчэ ў школе пачала займацца народнымі танцамі. У 1975 годзе скончыла Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча па спецыяльнасці “Клубны работнік (кіраўнік самадзейнага танцавальнага калектыву)”.

Валянціна Афанасьеўна займалася ў падрыхтоўчай групе ансамбля “Колас”, адтуль перайшла ў ансамбль “Зялёныя агеньчыкі”. На адным з выступленняў яе ўбачыў заслужаны дзеяч культуры Беларусі Іван Арцёмавіч Серыкаў і запрасіў да сябе ў ансамбль “Маладосць”. Іван Арцёмавіч адыграў вядучую ролю ў фарміраванні яе майстэрства, марыў, каб яна стала яго паслядоўніцай.

Валянціна Афанасьеўна працуе ў гімназіі № 3 Віцебска настаўніцай харэаграфіі з 1993 года. Прырасла да гэтага калектыву і сэрцам, і душой. Яна шчырая і добразычлівая. Акрамя таго, Валянціна Афанасьеўна — таленавіты чалавек і творчы настаўнік.

Той, каму пашчасціла пабываць на выступленні харэаграфічнай групы ўзорнага ансамбля “Перапёлачка”, атрымліваў шмат станоўчых уражанняў і незабыўных эмоцый. Але Валянціна Афанасьеўна адзначае, што заняткі харэаграфіяй для вучняў — гэта штодзённая карпатлівая і нялёгкая праца, імкненне да асабістага і агульнага выніку. Навучэнцы Валянціны Афанасьеўны — згуртаваны рознаўзроставы калектыў. 

Удзельнікі харэаграфічнай групы ўзорнага ансамбля “Перапёлачка” — гэта таленавітыя выканаўцы народна-сцэнічнага танца. Яны ўмела перадаюць характэрныя асаблівасці танцаў розных народаў свету. На выступленнях хлопцы і дзяўчаты ўражваюць дакладнасцю выканання рухаў і эмацыянальнай выразнасцю, ствараючы яркія вобразы-карціны.

У нашай размове Валянціна Афанасьеўна падкрэслівае: “Народны танец — гэта душа беларускага народа, таму перш чым вучыць танцавальныя элементы, я расказваю навучэнцам аб гістарычных і геаграфічных асаблівасцях танца той ці іншай вобласці Беларусі. Разам з навучэнцамі мы наведваем краязнаўчыя музеі, дзе можна пабачыць беларускія касцюмы. Выканаўцы раз-пораз упэўніваюцца ў выразнасці беларускага каларыту, пачынаюць разумець асаблівасці арнаменту, вышыўкі”. 

Танцавальная група з’яўлялася ўпрыгажэннем ансамбля “Перапёлачка”, яна была створана ў 1993 годзе і не раз удзельнічала ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. У 1996 годзе вакальна-харэаграфічны ансамбль “Перапёлачка” атрымаў званне “ўзорны”. “Перапёлачка” — гэта незвычайны калектыў, таму што яго ўдзельнікі не толькі пяюць і танцуюць, але і граюць на народных інструментах.

Геаграфія выступленняў ансамбля даволі шырокая. Харэаграфічная група выступала не толькі ў нашай краіне, але і неаднаразова выязджала на міжнародныя фестывалі з канцэртнай праграмай у Польшчу, Германію, Францыю. Па выніках конкурсаў удзельнікі ансамбля займалі прызавыя месцы і былі ўзнагароджаны дыпломамі.

З самага першага конкурсу “Прыдзвінскія карункі” яны атрымлівалі прызавыя месцы. Валянціна Афанасьеўна адзначае: “Вельмі ўдзячна дзецям апошняга складу калектыву, бо на іх рахунку — два гран-пры ў гэтым вельмі значным для Віцебскай вобласці конкурсе. Такія конкурсы садзейнічаюць зберажэнню танцавальных традыцый роднага краю”.

Харэаграфічная група ансамбля “Перапёлачка” пад кіраўніцтвам Валянціны Афанасьеўны была ўдзельніцай шматлікіх выступленняў. На рахунку калектыву штогод больш за 70 канцэртаў. Некаторыя навучэнцы і пасля заканчэння гімназіі займаюцца танцамі, а некаторыя з іх працягваюць навучанне і становяцца настаўнікамі харэаграфіі.

З 2008 года ў гімназіі праводзяцца Пушкінскія дні, самай значнай падзеяй якіх з’яўляецца Пушкінскі баль. Валянціна Афанасьеўна з 2009 года рыхтуе танцавальныя пары да ўдзелу ў балі. З 2010 года Валянціна Афанасьеўна аказвае дапамогу студэнцкай моладзі ў падрыхтоўцы да Губернатарскага і Рэспубліканскага балю. Акрамя таго, яна з’яўляецца членам журы на абласных конкурсах “Танцуем разам”, “Прыдзвінскія карункі”, “Паазерскія тапаткі”.

Педагагічны вопыт Валянціны Афанасьеўны як харэографа па навучанні народнаму танцу на аснове беларускіх традыцый быў апісаны ў кнізе “Прыдзвінскія карункі” Н.В.Уліновіча. Валянціна Афанасьеўна паспяхова дзеліцца сваім педагагічным вопытам і з выкладчыкамі гімназіі. Яна дае адкрытыя ўрокі і майстар-класы на курсах і семінарах для настаўнікаў харэаграфіі і рытмікі, рэгулярна выступае на метадычных аб’яднаннях, семінарах, педсаветах, вэбінарах.

У размове Валянціна Афанасьеўна шчыра прызнаецца: “Я працую ў гімназіі 28 гадоў. У 2019 годзе стварыла свой харэаграфічны калектыў “Карагод”, удзельнікамі якога з’яўляюцца навучэнцы 1—6-х класаў. Да працы стараюся падыходзіць комплексна, бо тут усё важна: і пастаноўка, і харэаграфія, і касцюмы. Я сама распрацоўваю некаторыя касцюмы для ансамбля, вырабляю элементы да іх. Ведаеце, дзеткі да мяне на заняткі харэаграфіяй у 1 класе прыходзяць маленькія, баязлівыя. Паступова крок за крокам мы пазнаём рухі, ствараем кампазіцыі, рыхтуем танцавальныя нумары. У дзяцей фарміруюцца танцавальныя навыкі, павышаецца самаацэнка. І як потым прыемна бачыць іх на сцэне. Такіх прыгожых, упэўненых, таленавітых!”

Калектыў “Карагод” хоць і створаны нядаўна, але пад кіраўніцтвам высокапрафесійнага педагога Валянціны Афанасьеўны ўжо мае поспехі, перамогі і дыпломы. У 2021 годзе калектыў прыняў удзел у Міжнародным фестывалі “Залатое руно”, IХ Абласным аглядзе-конкурсе “Прыдзвінскія карункі”, Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Прывітанне, свет!”, Міжнародным конкурсе-фестывалі “Крылы” (Санкт-Пецярбург) і г.д.

Педагагічная дзейнасць Валянціны Афанасьеўны садзейнічае развіццю беларускай нацыянальнай культуры, далучэнню маладога пакалення да традыцый роднага краю, выхаванню патрыятызму. Валянціна Афанасьеўна заслужыла павагу настаўнікаў, бацькоў і навучэнцаў гімназіі. За плённую, шматгадовую працу ў 2017 годзе Валянціна Афанасьеўна Вішнеўская была ўзнагароджана ганаровым знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Праходзяць гады, мяняюцца выпускі танцораў ансамбля, а Валянціна Афанасьеўна застаецца такой жа энергічнай, актыўнай, гатовай увасабляць у жыццё новыя планы і ідэі. Ёй хочацца ствараць, рабіць новыя танцавальныя кампазіцыі, незвычайныя пастаноўкі. У яе яркае, насычанае жыццё. І радуе тое, што ў яе калектыве створана атмасфера творчасці, даверу, прыгажосці і любові да сваіх выхаванцаў.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.