З цяплом да дзяцей круглы год

- 11:10Сацыяльны ракурс

У Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце Докшыцкага раёна жывуць і вучацца дзеці-сіроты з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Яны трапляюць сюды з усёй Віцебскай вобласці. У пачатку гэтага года ва ўстанове пачала функцыянаваць круглагадовая цяпліца, якая была адрэстаўрыравана ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН. Цяпліца была мадэрнізавана і прыстасавана для круглагадовага выкарыстання, у тым ліку для працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі дзяцей.

У школе вучацца 112 дзяцей-сірот ва ўзросце з 7 да 17 гадоў. Ва ўсіх іх лёгкая і ўмераная ступень АПФР. Галоўная мэта школы-інтэрната — сацыялізацыя такіх дзяцей. Праца ў цяпліцы — дапаможная дзейнасць у рамках працоўнага навучання.

Цяпліца пачала працаваць 12 студзеня бягучага года. Па словах дырэктара школы Валерыя Пятровіча Міхайлоўскага, цяпліца ў школе была і раней, але не з’яўлялася круглагадовай. А ў рамках ініцыятывы быў праведзены рамонт: зроблена ацяпленне, у тым ліку падлогі, закуплена абсталяванне — аўтаматызаваны кацёл, сістэма паліву, сістэма асвятлення. Першапачаткова тут вырошчвалі цыбулю на пяро. У міжсезонне ж галоўная задача — высаджваць расаду. Зараз тут вырошчваюцца памідоры, перцы. Для эксперымента спрабавалі садзіць агуркі: у пачатку вясны быў добры ўраджай. Выхаванцы пад наглядам работнікаў інтэрната высаджваюць расліны, падкормліваюць іх, даглядаюць.

Андрэй Давыдзенка, рэгіянальны каардынатар праектаў па Віцебскай вобласці, адзначае, што праект самадастатковы і можа функцыянаваць і пасля спынення фінансавання. “Гэта прыклад практычнага прымянення глабальных мэт устойлівага развіцця: тут пераплятаецца эканоміка, сацыяльнае жыццё, экалогія. Маладыя людзі сацыялізуюцца за кошт далучэння да працы — ім гэта падабаецца. Прадукцыя ідзе ў ежу выхаванцам, але ёсць і лішкі. Я б сказаў, гэта цэлы сельскагаспадарчы бізнес, які могуць практыкаваць і іншыя ўстановы адукацыі. У нас шмат сельскагаспадарчых раёнаў, адпаведна, шмат дзяцей з вёскі. Такая ініцыятыва неабходна, каб дзеці не забывалі, што такое фізічная праца, і разумелі, што гэта бізнес, гэтым таксама можна зарабляць”. Андрэй Давыдзенка робіць акцэнт на тым, што дадзены праект — вынік карпатлівай працы і кіраўніцтва школы, і мясцовых улад, бо ён быў рэалізаваны за кароткі тэрмін, фактычна за паўгода.

“Вядома, ёсць тут і эканамічны аспект: мы прадаём расаду памідораў і перцаў. Таксама плануем прадаць у гэтым годзе каля 1 т памідораў і 600 кг перцаў. Аднак для нас галоўнае — гэта сацыялізацыя. Нашым дзецям вельмі падабаецца працаваць — і ў цяпліцы, і наогул”, — адзначае дырэктар школы-інтэрната.

Па словах старшыні Докшыцкага раёнага Савета дэпутатаў Валянціны Юр’еўны Рандарэвіч, работа ў цяпліцы — гэта пазабюджэтная дзейнасць, дадатковы заробак для школы. Такая ініцыятыва падтрымліваецца і раённым выканаўчым камітэтам, і Саветам дэпутатаў: з мясцовага бюджэту выдаткоўваецца каля 1,5 млн беларускіх рублёў у год на ўтрыманне школы. Акрамя таго, быў адзначаны істотны ўклад Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава: напісанне праекта, распрацоўка спецыяльных праграм па навучанні ў цяпліцы для дзяцей з АПФР і многае іншае. “У гэтых дзяцей атрымліваецца працаваць добра, часам нават лепш, чым у дзяцей, якія жывуць у сем’ях і якіх бацькі занадта ахоўваюць ад фізічнай працы”, — адзначае Валянціна Юр’еўна.

Школа-інтэрнат мае і 3 парнікі, куды высаджваюць расаду з круглагадовай цяпліцы. Вырошчваецца таксама бульба, цыбуля, агуркі, ёсць свой сад і пчальнік. Акрамя таго, у школы цэлая гаспадарка: свінні, куры, дэкаратыўныя трусы. У планах — завесці чатырох бычкоў на адкорм. Ёсць задумкі зрабіць трусіную ферму, набыць інкубатар для курэй, вырошчваць лекавыя травы. “Цяпер наша мэта — стварыць моцную сельскую гаспадарку”, — дзеліцца планамі дырэктар інтэрната. Прадукцыя школы рэалізоўваецца мясцовым жыхарам і ўстановам адукацыі.

На тэрыторыі школы ўстаноўлены сонечныя батарэі. “Гэта рэспубліканскі праект трохгадовай даўнасці, у якім быў задзейнічаны, акрамя іншага, раённы бюджэт. Пры дапамозе такіх батарэй награваецца вада ў пральні і ў душавой. Такім чынам атрымліваецца сур’ёзная эканомія ў цёплы час года”, — тлумачыць В.П.Міхайлоўскі.

У рамках працоўнага навучання дзеці могуць займацца швейнай, сталярнай справай або працаваць у сельскагаспадарчым класе, дзе атрымліваюць асновы прафесій. Выхаванцы інтэрната праяўляюць і таленты рукадзелля: займаюцца вышыўкай, бісерапляценнем, разьбой па дрэве і інш. Акрамя таго, у школе ёсць зімовы сад, створаны 8 гадоў назад па ініцыятыве адной з настаўніц. Цяпер там каля 180 раслін, якія дзеці самі даглядаюць ужо з першага класа. “Зімовы сад не ствараўся з мэтай працоўнай або псіхалагічнай тэрапіі. Калі дзецям падабаецца — няхай займаюцца”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Мікалаеўна Паляк.

Па словах дырэктара В.П.Міхайлоўскага, школа-інтэрнат — гэта асобная краіна, у якой павінна быць свая інфраструктура і ў якой дзеці павінны быць забяспечаны ўсім неабходным. Бягомльская школа-інтэрнат — прыклад таго, як можа развівацца школа і якіх поспехаў магчыма дасягнуць пры вялікім жаданні і працавітасці педагогаў.

Дар’я БАРАВІКОВА.
Фота Тараса ТАРНАЛІЦКАГА.