У Юрацішкаўскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна прайшлі «Калядныя сустрэчы», якія сталі візітнай карткай установы адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Па добрай традыцыі, адзінаццаты раз школа сабрала ў сваіх сценах ветэранаў педагагічнай працы, маладых спецыялістаў і дэлегацыі ўстаноў адукацыі раёна. Мерапрыемства наведалі пачэсныя госці, сярод якіх — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віталь Ракавец, старшыня Іўеўскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Філон, старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Жыдзель і інш.
— «Калядныя сустрэчы» — знакавае мерапрыемства. Тут назіраецца пераемнасць пакаленняў. Сёння мы жывём у нашай маладой прыгожай краіне. І паколькі мы дынамічна развіваемся — значыць вы, ветэраны педагагічнай працы, у свой час рабілі ўсё правільна. Перадаць свае ўменні і бясцэнныя веды маладому пакаленню — гэта вельмі важна і каштоўна. На падмурку, закладзеным вамі, будуецца наша сучаснасць і будучыня, — адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Віталь Ракавец.
Сапраўды, «Калядныя сустрэчы» — гэта не толькі цудоўная нагода для педагогаў усяго раёна сабрацца разам, але і выказаць словы падзякі тым, хто аддаў сябе настаўніцкай прафесіі. Многа цёплых слоў і пажаданняў у свой адрас атрымалі педагогі-юбіляры 2024 года. Немалаважна, што свята сабрала не толькі самых вопытных, але і тых, хто толькі-толькі спасцігае асновы педагагічнага майстэрства. Для моладзі гэта выдатная магчымасць набрацца вопыту ў старэйшых калег і, зразумела, бліжэй пазнаёміцца з імі. Пра свой шлях расказала Тамара Аляксандраўна Сміян, якой сёлета споўнілася 90 гадоў, павіншавала калег ветэранаў педагагічнай працы Ядвіга Казіміраўна Смушко.
Падчас урачыстага мерапрыемства кожны ўдзельнік змог падзяліцца адно з адным добрымі пажаданнямі, душэўным цяплом ад радасці сустрэчы. Песні, танцы, карагоды з Дзедам Марозам і Снягуркай, цікавая інтэрактыўная праграма нікога не пакінулі абыякавымі, абагацілі яркімі незабыўнымі эмоцыямі.
— Вельмі пачэсна і адказна ўсведамляць той факт, што менавіта ў сценах нашай установы адукацыі праходзяць «Калядныя сустрэчы». Кожную з іх мы стараемся зрабіць запамінальнай і непаўторнай, бо гэта тое мерапрыемства, якое павінна зараджаць прысутных энергіяй і пазітывам на цэлы год наперад. Гэта яшчэ адна нагода падарыць часцінку цяпла і дабрыні, падзякаваць педагогам, якія з’яўляюцца Настаўнікамі з вялікай літары, педагогам, дзякуючы якім мы з упэўненасцю ідзём наперад, дасягаем высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці, — падкрэсліла дырэктар Юрацішкаўскай сярэдняй школы Вольга Часноўская.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены Юрацішкаўскай сярэдняй школай