З цярпеннем і любоўю

Нашы дзеці… Аблічча сучаснага грамадства. Сёння шмат пішуць пра тых, хто пазбаўлены бацькоўскай ласкі. І нямала добрых і спагадлівых, хто шчыра спачувае, дапамагае дзіцячым установам, — нізкі паклон ім за гэта. А некаторыя наважваюцца ўзяць малых у сям’ю, замяніць ім бацькоў — інакш кажучы, змяніць звыклы лад жыцця і спакой на пастаянныя клопаты, недасыпанне і трывогу, штодзённую фізічную і духоўную працу — ахвярнасць. Сярод гэтых нямногіх — прыёмная сям’я Мелянякаў.

Ванда Іванаўна і Віктар Аляксандравіч Мелянякі жывуць у вёсцы Лаўрышава. У шлюбе — больш за трыццаць гадоў. Выгадавалі і выхавалі траіх дужых сыноў, якія жывуць ужо самастойна. Дачка Валерыя цяпер таксама не дома, вучыцца ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы. Аднак у доме Мелянякаў па-ранейшаму не сціхае дзіцячы смех. У цяперашні час у сям’і жывуць і выхоўваюцца вучні нашай школы Яўгенія, Глеб і Дыяна, прыёмныя дзеці, для якіх Ванда Іванаўна і Віктар Аляксандравіч сталі сапраўднымі мамай і татам. А на выхадныя і канікулы сюды прыязджаюць яшчэ і дарослыя дзеці: і свае, і тыя, каго яны калісьці забралі з прытулку, абагрэлі, выгадавалі, далі пуцёўку ў жыццё.

Жыццёвы прынцып сям’і — дапамажы бліжняму. Таму і бяруць да сябе дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У сям’і ў розны час выхоўваліся яшчэ пяцёра дзяцей: Анастасія, Валерыя, Аляксандра, Вікторыя і Наталля.

Жаданне вырасціць і выхаваць дзяцей, пазбаўленых бацькоў, было ў Ванды Іванаўны ледзь не з дзяцінства. Нават не будучы яшчэ замужам, яна хацела ўзяць дзіця з прытулку. Пазней яе памкненні цалкам падтрымаў муж, таму што сам вельмі любіць дзяцей.

Бачыла пара Мелянякаў няшчасныя сем’і, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, і вельмі турбавалася. Так хацелася дапамагчы, сагрэць. Таму і звярнуліся ў далёкім ужо лютым 2006 года ў Навагрудскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, дзе і даведаліся пра дзвюх дзяўчынак, маці якіх была пазбаўленая бацькоўскіх правоў. На той момант Настачцы было 5 гадоў, Жэньцы не споўнілася яшчэ і годзіка. Вядома, было няпроста. Як успрыме змены ў сям’і родная дачка Лера, якой у той час было тры? Як прыжывуцца дзяўчынкі ў сям’і?

Насця спачатку размаўляла толькі з прыёмнай мамай. Доўга прыйшлося тлумачыць, што яна не адна і што ўсіх мама з татам любяць аднолькава. Затым пасыпаліся штохвілінныя пытанні, усё дзяўчынцы было цікава, усё яна хацела даведацца…

Так пачалася гісторыя прыёмнай сям’і Мелянякаў. Ванда Іванаўна і Віктар Аляксандравіч стварылі дзецям належныя ўмовы для пражывання, развіцця і навучання. Добразычлівасць і павага адно да аднаго ў гэтым доме натуральныя, атмасфера простая і душэўная. Дзеці адчуваюць сябе патрэбнымі, заўсёды дагледжаныя. Бацькі праяўляюць належны клопат і пра іх здароўе. Дзеці рэгулярна праходзяць аздараўленне на Свіцязі, у санаторыях-прафілакторыях краіны і за мяжой. У зносінах з аднагодкамі праяўляюць актыўнасць і павагу. Прывучаны да працы ў сям’і і ў школе, удзельнічаюць у працоўных дэсантах, наведваюць заняткі па інтарэсах.

Пасля падрыхтоўкі да ўрокаў дзеці з радасцю спяшаюцца на службу ў Лаўрышаўскую Свята-Успенскую царкву альбо ў Свята-Елісееўскі манастыр, які знаходзіцца недалёка. Бацькі і самі жывуць з Богам у душы. Менавіта высокая духоўнасць і грамадзянскасць гэтай сям’і былі адзначаны дыпломам на Гродзенскім абласным фестывалі замяшчальных сем’яў “Сэрца аддаю дзецям”.

А цяжкасці? Яны ёсць і будуць заўсёды. Галоўнае, што бацькі імкнуцца іх годна пераадольваць.

М. АНТОНЧЫК,
педагог сацыяльны Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.