З цярпеннем, павагай і бязмежнай любоўю да дзяцей

- 12:56Людзі адукацыі

Я не першы раз знаёмлю чытачоў газеты з асобамі, якія свой жыццёвы лёс звязалі са школай, аддаюць сябе служэнню вялікай справе — вучыць дзяцей. Сёння гераіня майго аповеду — настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага Тамара Міхайлаўна Рашкевіч. Чалавек, зацікаўлены сваёй працай, які глыбока пранікае ў сутнасць свайго прадмета. Мне здаецца, Тамара Міхайлаўна паставіла перад сабой важную задачу, якой удала дасягае ўсё жыццё: даказаць сваім вучням неабходнасць, важнасць навукі. Настаўніца стараецца зразумець кожнага вучня, знайсці патрэбны ключык да сэрца дзіцяці, раскрыць менавіта яго таленты і выклікаць жаданне да самаадукацыі і самаўдасканалення.

Чаму навука яе жыцця — геаграфія? Мабыць, калі была вучаніцай роднай школы, веды атрымлівала ад такога ж выдатнага чалавека, улюбёнага ў сваю справу, — Анатоля Мікалаевіча Сікорскага. Менавіта ён прывіў любоў да ўсяго на Зямлі: пяску, з якім дзеці гуляюць; зорак, што вабяць незвычайнай прыгажосцю; ветру, які казыча твар… Усё гэта цікавіла дзяўчыну, ёй хацелася вывучаць гэтыя дзівосы. Выдатніца, прыгажуня, старшыня камсамольскай дружыны, яна старалася не адстаць ад свайго настаўніка.

Якімі якасцямі трэба валодаць для дасягнення поспехаў у сферы адукацыі? Думаю, гэта цудоўная памяць, аналітычны склад розуму і рацыянальнасць, увага і засяроджанасць, уменне згладжваць канфлікты і рашуча дзейнічаць у складаных сітуацыях. Усё гэта ўласціва Тамары Міхайлаўне спаўна. Акрамя таго, каб быць настаўнікам, вельмі важна паважаць сваіх выхаванцаў, бачыць у кожным з іх індывідуальнасць. Наша гераіня адносіцца да дзіцяці з цярпеннем, павагай і бязмежнай любоўю. Таму, відавочна, шчаслівыя нашы дзеці, бо на іх шляху сустрэўся сапраўдны настаўнік, здольны стаць сябрам, дарадчыкам.

Вось што гавораць пра яе вучні: “Тамара Міхайлаўна — чалавек з вялікай літары. Яна абуджае ў кожным з нас схаваныя таленты. Яна з тых настаўнікаў, якіх можна назваць важнымі ў нашым жыцці. Дапамагае нашым бацькам выхаваць у нас асобу, вучыць нас думаць, разважаць, мець па кожным пытанні ўласны пункт гледжання”.

У Тамары Міхайлаўны выпрацавана ўласная сітэма работы з адоранымі навучэнцамі. Адоранае дзіця — гэта загадка для настаўніка. Гэта ўнікальны чалавек, які знаходзіць уласныя шляхі для вырашэння многіх пытанняў і задач. Ён не заўсёды ўмее прыстасоўвацца і па кожным пытанні мае сваё асабістае меркаванне. Такія дзеці, як правіла, цікавяцца не адным прадметам, і Тамара Міхайлаўна ўлічвае гэта ў сваёй рабоце. Ужо ў 6 класе яна пачынае прыглядацца да дзяцей, асабліва да тых, хто цікавіцца яе прадметам, з вялікім задавальненнем наведвае дадатковыя заняткі — стымулюючыя, факультатыўныя, пазакласныя, пазашкольныя. На яе ўроках заўсёды цікава: разнастайныя актыўныя формы і метады дапамагаюць раскрыццю здольнасцей, самарэалізацыі, творчасці высокаматываваных дзяцей. Усё гэта павышае матывацыю да вывучэння геаграфіі.

Працуе з зацікаўленымі дзеткамі Тамара Міхайлаўна не толькі ў дадатковы час, а максімальна выкарыстоўвае асобасна арыентаваны падыход да кожнага вучня на ўроку, падбірае індывідуальныя заданні. Каб было цікава, прымяняе разнастайныя формы ўрока: інтэграваныя, урокі-рэкламы, урокі-каруселі, камбінаваныя заняткі. А потым з тымі, хто сам выказаў жаданне займацца дадаткова, пачынаецца сістэматычная сумесная ўпартая праца, для якой падбіраюцца творчыя заданні павышанай цяжкасці, аналізуюцца рашэнні алімпіядных заданняў мінулых гадоў і прэзентацыі, сабраныя на працягу падрыхтоўкі ў МАІРА.

Як лічыць Тамара Міхайлаўна, самае важнае правіла — дзіця павінна памятаць: каб дасягнуць добрых, высокіх вынікаў, неабходна працаваць і самастойна.

Калі гаварыць пра вынікі работы Тамары Міхайлаўны, варта адзначыць, што не было такога года, каб навучэнцы не занялі высокіх месцаў на Рэспубліканскай алімпіядзе па геаграфіі. Акрамя таго, вучні пад кіраўніцтвам Тамары Міхайлаўны актыўна і паспяхова займаюцца навукова-практычнай дзейнасцю. Навучэнцы становяцца яе паслядоўнікамі. Рады студэнтаў геаграфічнага аддзялення БДУ папоўнілі Алена Драцкая, Дзмітрый Карнейчык, Людміла Карпашэвіч, Яўген Карпашэвіч. Педагагічную адукацыю таксама атрымалі, але ўжо ў БДПУ імя Максіма Танка, Міхаіл Яўсюк, Наталля Сушынская, Ігар Каваленя, Марына Пілецкая, Вольга Выскварка, Вольга Бабарэка, Ілья Прохараў, Настасся Козел. Дыпломы розных ступеней, удзячнасць і павага калег, падзяка ў дзіцячых вачах — ці гэта не падставы для радасці і задавальнення ад працы? Яна любіць сваю работу, зрабіла яе сэнсам свайго жыцця. Ёсць чым ганарыцца!

Тамара Міхайлаўна — вельмі чуллівы, справядлівы, адкрыты, добразычлівы, акуратны чалавек. Калі на душы штосьці быццам скрабе, заўсёды можна звярнуцца да яе шырокай душы і вялікага сэрца. Яна ніколі не пройдзе міма несправядлівасці, заўсёды працягне руку дапамогі, выратуе ад непрыемнасцей. Да яе цягнуцца людзі, побач з ёй заўсёды хтосьці ёсць: хто па добрае слова звярнуўся, хто — па карысную параду, а каму і проста пасядзець побач з добрым чалавекам прыемна. Тамара Міхайлаўна — шчырая матуля, мудрая бабуля, шчаслівая жонка, удзячная дачка. І нашай школе шчасціць, што ў нас ёсць такія людзі.

Мы штодзень бачымся з настаўнікамі, вучымся, але рэдка задумваемся, наколькі вялікую ролю яны адыгрываюць у жыцці чалавека. Вакол нас розныя людзі, розныя настаўнікі, і мы да іх ставімся па-рознаму. Аднаго любім больш, другога менш; адзін урок для нас — задавальненне, вучоба здаецца лёгкай; іншы настаўнік — не такі, і на яго ўрок мы брыдзём ледзь-ледзь, а веды ну ніяк не хочуць заставацца ў галаве. Атрымліваецца, ад настаўніка залежыць, будуць вучні ведаць прадмет ці не, чаму і як навучацца, а значыць, залежыць і наша будучыня, прафесія і месца ў грамадстве.

Святлана ШАКУН,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага Мінскай вобласці.