З цьютарскім падыходам

Даследчая дзейнасць дапамагае злучыць тэарэтычныя звесткі з практычнымі ўменнямі. Важную ролю ў арганізацыі такой дзейнасці адыгрывае цьютарскае суправаджэнне.

Цьютарант актыўна ўдзельнічае ў пабудове плана работы на аснове сваіх зацікаўленняў і пажаданняў, у самастойнай распрацоўцы канцэпцыі даследавання. Настаўнік выступае ў ролі менеджара. Падчас работы дзеці не толькі пашыраюць прадметныя веды, але і авалодваюць навыкамі зносін і планавання, вучацца аргументавана выказваць меркаванні. Эфектыўнасць цьютарскага суправаджэння даказваюць неаднаразовыя перамогі школьнікаў у турнірах, конкурсах і канферэнцыях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Пошук матываваных вучняў пачынаю з 7 класа. Вітаю самастойныя прапановы тэм даследаванняў і жаданне працаваць у канкрэтным кірунку. Прапаную паўдзельнічаць у вучэбна-даследчай ці навукова-даследчай рабоце ў рамках вучэбных заняткаў, школьных і гарадскіх мерапрыемстваў, па выніках якіх дзеці выказваюць свае адчуванні ад праведзенай дзейнасці.

Калі вучні зацікаўлены ў працягу работы, распрацоўваю план з улікам іх пажаданняў. Выступаючы ў ролі настаўніка-цьютара (менеджара), які кіруе працэсам, распрацоўваю таксама матэрыялы, што вучаць прыёмам, навыкам і метадам работы з тэарэтычнымі ведамі па прадмеце, абсталяваннем і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Акрамя таго, выступаю і ў ролі псіхолага: вучу ўзаема­дзейнічаць з соцыумам, пераадольваць страхі перад публічнымі выступленнямі, адстойваць уласны пункт гледжання, умацоўваю самаацэнку, развіваю ­стрэсаўстойлівасць, рыхтую да прыняцця вынікаў дзейнасці.

Дзеці вывучаюць тэорыю з апярэджаннем рэкамендаванай праграмы, прычым не толькі па фізіцы, але і па матэматыцы. Асаблівую ўвагу ўдзяляю тэарэтычным ведам, неабходным у рамках даследавання. Даволі часта гэтыя веды выходзяць далёка за межы школьнай праграмы.

Знаёмлю з тэхнікай бяспекі і вучу навыкам работы з пэўным абсталяваннем. Вучні праводзяць эксперыменты, аналізуюць даныя, працуюць з камп’ютарнымі праграмамі, будуюць графікі і ствара­юць прэзентацыі, каб уявіць паўнацэнную карціну даследавання.

Рыхтуючы дзяцей да навукова-практычных канферэнцый і турніраў, скіроўваю ўвагу на практычнае прымяненне набытых ведаў і псіхалагічную падрыхтоўку. Не ўсе вучні, якія здаюцца камунікабельнымі сярод равеснікаў, могуць пахваліцца ўпэўненасцю і здольнасцю адстойваць уласны пункт погляду.

Работа з цьютарантам выбудоўваецца на адкрытасці і прыняцці чужога погляду. Выслухоўваю меркаванні вучняў. Калі яны супярэчаць прадметнаму матэрыялу, то рэзка не адвяргаю, а абгрунтавана і даходліва тлумачу і карэкцірую.

Перад дакладам не настройваю дзяцей на перамогу, а падтрымліваю станоўчую псіхалагічную атмасферу без ціску. Настройваю вучняў на абарону работы, акцэнтуючы ўвагу не на выніку, а на выступленні ў якасці дакладчыка. Тлумачу, што адмоўны вынік — таксама каштоўны вопыт.

Практычныя навыкі выступлення дзеці адточваюць падчас трэніровак перад рознымі аўдыторыямі, вучацца лаканічна адказваць на пытанні. Не пашкодзяць навыкі работы з інтэрактыўнымі прыладамі. Так, можна свядома сапсаваць частку элементаў мультымедыйнай прэзентацыі і прапанаваць вучням выправіць непаладкі.

У перапынках паміж канферэнцыямі ці пасля іх прапрацоўваем тэмы будучых даследаванняў, вывучаем прыёмы работы з новым праграмным забеспячэннем, удасканальваем веды. Пры неабходнасці атрымліваем кансультацыі ва УВА.

Даследчая дзейнасць, заснаваная на цьютарскім падыходзе, развівае ключавыя кампетэнцыі вучняў, якія робяць іх канкурэнтаздольнымі, камунікабельнымі і стрэсаўстойлівымі, з глыбокімі прадметнымі ведамі. Адзін недахоп такой дзейнасці — немагчымасць адначасовага вядзення прадукцыйнай работы з вялікай колькасцю цьютарантаў.

Аляксандр АТЛІВАНЧЫК,
настаўнік фізікі гімназіі № 2 Пінска.