З творчым падыходам

- 11:31Навіны рэгіёнаў

Выхаванне ўсебакова развітой асобы — адна з асноўных задач школы. Роля педагогаў заключаецца ў тым, каб сфарміраваць у дзяцей правільнае ўспрыманне навакольнага свету праз розныя віды дзейнасці на ўроках і ў пазаўрочны час. Але як зрабіць гэтую работу цікавай? Шматгадовы вопыт паказвае, што праз творчасць. Дзякуючы ёй, раскрываюцца многія таленты.

Выяўленчая дзейнасць развівае разумовыя і сенсорныя здольнасці, звязнае маўленне, абагачае слоўнікавы запас, выпрацоўвае маральныя арыенціры і г.д. Падчас творчай работы дзеці авалодваюць новымі ведамі і ўменнямі, пашыраюць кругагляд, пазнаюць навакольны свет. Школьнікам даступны амаль усе віды выяўленчай дзейнасці: маляванне, лепка, аплікацыя, мадэляванне, пляценне і інш. Педагогам і бацькам трэба толькі акуратна скіроўваць фантазію юных творцаў у стваральнае рэчышча.

Творчая дзейнасць займае важнае месца ў арганізацыі шостага школьнага дня. Але я вырашыла сумясціць яе з вывучэннем гістарычнай спадчыны беларускага народа, чытаннем і даследаваннем экалагічных праблем. Шматгадовы вопыт работы ў гэтым напрамку быў сістэматызаваны і аформлены ў гадавы інфармацыйна-пазнавальны праект, які складаецца з 3 частак: “Народныя традыцыі”, “Прырода і мы” і “Літаратура і творчасць”. Удзельнікі праекта — другакласнікі, іх бацькі, настаўнік, бібліятэкары школы і сельскага Дома культуры.

Праект, які прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў, разлічаны на малодшых школьнікаў і накіраваны на іх усебаковае развіццё праз творчую дзейнасць, вывучэнне гістарычнай і літаратурнай спадчыны народа, экалагічных праблем і інш. У рамках праекта арганізоўваюцца літаратурныя сустрэчы, вусныя часопісы, пазнавальныя гульні, калектыўныя творчыя справы, майстэрні, конкурсы, святы, экскурсіі, віктарыны, акцыі, гутаркі-практыкумы, тэматычныя дні і інш. Пры іх правядзенні выкарыстоўваюцца гульнявыя прыёмы, літаратурныя вобразы, творы вуснай народнай творчасці, малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі, слоўнае маляванне і інш.

Першая частка праекта ўключала знаёмства з народнымі традыцыямі, абрадамі і лялькамі. Дзеці з задавальненнем вывучалі гісторыю народных лялек і тэхналогію іх вырабу. Вучні майстравалі лялек з розных матэрыялаў, набываючы неабходныя працоўныя навыкі. Падчас работы ў дзяцей развіваліся пачуццё колеру і прапорцый, эстэтычны густ. Вынікам праекта стане лялечны каляндар.

Другая частка праекта, “Прырода вакол нас”, прадугледжвала творчую дзейнасць праз вывучэнне навакольнага свету. З гэтай мэтай ладзіліся тэматычныя дні: дні вожыка, лісы, мядзведзя, бусла, грыбоў, рабіны, бярозы, клёна, сасны, падснежніка, дзьмухаўца, вераб’я, сінічкі, грака, рыб і інш. Дзеці даведаліся шмат новага і цікавага з жыцця раслін і жывёл, атрымалі першасныя веды пра сувязь жывой і нежывой прыроды, навучыліся назіраць за яе аб’ектамі.

Трэцяя частка праекта, “Літаратура і творчасць”, была звязана з творчай дзейнасцю па матывах прачытаных казак (“Калабок”, “Церамок”, “Воўк і сямёра казлянят”, “Жар-птушка”, “Марозка”, “Пеўнік — залаты грабеньчык”, “Два сквапныя медзведзяняты” і інш.). Дзеці не толькі азнаёміліся з рознымі казкамі, але і пашырылі слоўнікавы запас, развілі маўленне, зацікавіліся літаратурай. Вучні з радасцю абыгрывалі вядомыя казачныя сюжэты, гулялі ў розныя віды тэатраў, дыдактычныя і настольна-друкаваныя гульні па народных казках, выконвалі разам з бацькамі творчыя работы па іх сюжэтах, выраблялі касцюмы, удзельнічалі ў пазнавальных віктарынах.

Алена БРЫШЧУК,
настаўніца пачатковых класаў

Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.