З удзячнасцю і прызнаннем

- 12:48Адукацыйная прастора

Вось ужо 20 гадоў Алена Георгіеўна Маргаева, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 38 Мінска, спяшаецца дзень за днём у сваю навучальную ўстанову, дзе імкнецца зазірнуць у такі на першы погляд просты і знаёмы, а на самай справе складаны і нязведаны свет дзіцячай душы. І вучні вераць сваёй настаўніцы, адкрываюць ёй душу, дзеляцца з ёю сваімі радасцямі і няшчасцямі, поспехамі і няўдачамі. А гэта, згадзіцеся, трэба заслужыць! Усім сэрцам, тактам, увагай…

Нам пашчасціла

Да нас у рэдакцыю са словамі ўдзячнасці і прызнання да свайго настаўніка звярнуліся бацькі навучэнцаў 3 класа, у якіх Алена Георгіеўна з’яўляецца класным кіраўніком. “Настаўнік — гэта прызванне, самая ганаровая і высакародная прафесія, — чытаем у лісце. — Прыклад гэтага наша Алена Георгіеўна. Яна жыве і дыхае вучэбным працэсам, сваёй любімай справай. Яна стала сябрам і настаўнікам не толькі нашым дзецям, але і нам, бацькам. Яна хварэе за кожнага свайго вучня, дапамагае кожнаму дзіцяці раскрыць свой творчы патэнцыял, стаць асобай, дастойным грамадзянінам сваёй краіны.
Уласцівыя Алене Георгіеўне працаздольнасць, нацэленасць на дасягненне канчатковага выніку нас проста захапляюць. Яна заўсёды ведае, што сказаць пра кожнае канкрэтнае дзіця, калі па яго прыходзяць бацькі. Таго, хто праявіў сябе ў вучобе, яна абавязкова пахваліць. Ну а пра таго, хто быў няўважлівым і нахапаў памылак, яна таксама не змаўчыць. Заўсёды падкажа бацькам, дзе і ў чым трэба падцягнуць дзіця. Агучваючы вынікі якіх-небудзь кантрольных работ, наша Алена Георгіеўна з загорнутымі сшыткамі памятае пра ўсе памылкі, якія дапусцілі вучні!
А.Г.Маргаева — настаўнік, які крочыць у нагу з часам. Яна заўсёды з радасцю выкарыстоўвае на сваіх уроках мультымедыйныя прыстасаванні, ад чаго яе ўрокі становяцца яшчэ больш цікавымі. Дзеці з задавальненнем рыхтуюць дома камп’ютарныя прэзентацыі па прадмеце “Чалавек і свет”, а потым дэманструюць і расказваюць пра іх на ўроку. Замацаванне кожнай новай тэмы па ўсіх прадметах праходзіць з выкананнем вучнямі тэстаў.
Алена Георгіеўна заўсёды з радасцю займаецца з дзецьмі па дадатковых матэрыялах, вучэбных дапаможніках, акрамя падручнікаў, развіваючы іх патэнцыял. Яна ахвотна рыхтуе дзяцей да алімпіяд, на ўсё знаходзіць сілы і час. Дзеці з нецярпеннем чакаюць урокаў працы, бо ў нашай Алены Георгіеўны заўсёды шмат цікавых ідэй для вырабаў. Напрыклад, рыба з макароны ў падарунак мамам да 8 Сакавіка. А якое ў нас пазакласнае жыццё! Многія зайздросцяць нам. Дзе мы толькі не пабывалі за амаль што тры гады навучання!
І за ўсё гэта Алене Георгіеўне вялікі дзякуй!”

Узаемавыгаднае супрацоўніцтва

З Аленай Георгіеўнай Маргаевай мы сустрэліся ў гімназіі. Гэта сціплы чалавек, які не любіць гаварыць пра сябе, затое калі гаворка заходзіць пра яе выхаванцаў, як цяперашніх, так і былых, то пра іх настаўніца можа расказваць гадзінамі.
Шлях у педагагічную прафесію А.Г.Маргаевай быў не зусім традыцыйным. Педагогам Алена Георгіеўна стала ў 34 гады. За плячыма ўжо быў фізфак БДУ, работа інжынерам у НДІ сродкаў аўтаматызацыі і… двое маленькіх дзяцей.
“Куды пайсці далей, пытанне не стаяла. Я люблю дзяцей, адчуваю і разумею іх сваім сэрцам, таму і вырашыла пайсці ў педагогіку, — расказвае Алена Георгіеўна. — Ні ў школу, ні ў дзіцячы садок мяне не ўзялі з-за адсутнасці педагагічнай адукацыі. І цэлы год я даказвала шматлікім камісіям Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкама і дырэктару педвучылішча сваё права на гэтую прафесію. Усе баяліся стварыць прэцэдэнт. Бо такога ў Беларусі яшчэ не было, каб пасля фізфака БДУ вучыцца ў вучылішчы. Але справядлівасць узяла сваё, і я закончыла МДПК з чырвоным дыпломам”.
І вось ужо два дзесяцігоддзі А.Г.Маргаева працуе настаўніцай пачатковых класаў. Сакрэт свайго поспеху педагог бачыць менавіта ў любові. “Я проста люблю сваю работу, аддаю ёй часцінку сваёй душы. У рабоце, як і ў любой справе, цаню прафесіяналізм і творчасць. І як бы ні быў прафесійна падрыхтаваны настаўнік, ён проста абавязаны ўдасканальваць свае асабістыя якасці, ствараючы такім чынам свой уласны непаўторны стыль жыцця, — адзначае Алена Георгіеўна. — Я проста люблю дзяцей. Галоўнае для мяне — не даць згаснуць іскрынцы ў душы дзіцяці. У кожным дзіцяці бачу асобу, і мая задача як педагога развіць яе ўсебакова, гарманічна, напоўніць глыбокім маральным і сацыяльным зместам, творчым патэнцыялам. Думаю, што настаўнік павінен пры любых абставінах паважаць пачуццё ўласнай годнасці кожнага вучня. Толькі глыбокая павага і давер, шчырая любоў да дзяцей, беражлівыя адносіны да іх пачуццяў могуць стварыць атмасферу ўзаемаразумення”.
Работа педагога заснавана на цесным супрацоўніцтве з бацькамі, з сям’ёй. Пачынаючы працаваць у школе, настаўніца ўяўляла сабе большую частку бацькоў як законапаслухмяных грамадзян, для якіх аўтарытэт настаўніка высокі. Але катэгорыя “няпростых” сем’яў аказалася значна шырэйшай. Узаемадзеянне з такімі сем’ямі даводзілася будаваць, вучачыся на сваіх і чужых памылках.
“Зараз я магу сцвярджаць, што ў бацькоўскіх ацэнках настаўнікаў эмацыянальныя аспекты ўзаемадзеяння з дзецьмі стаяць упоравень (калі не пераважаюць) з ацэнкамі дзелавых і прафесійных якасцей настаўніка, — заўважае педагог. — Гэта значыць, што настаўніку пачатковых класаў для ўстанаўлення кантакту з бацькамі мала быць прафесіяналам — трэба прыкладаць намаганні, каб стаць чалавекам, які “проста падабаецца”. Інакш многія намаганні педагога будуць разбівацца аб сцяну бацькоўскай адчужанасці. Ад непрыцягальнага настаўніка бацькі не ўспрымаюць нават самыя правільныя і дакладныя меркаванні адносна іх дзіцяці”.
Настаўніцы ўдалося дабіцца таго, што сярод яе бацькоў абыякавых не знойдзеш, усе — актыўныя і працаздольныя памочнікі. Часта ў пачатковай школе праводзяцца святы, розныя мерапрыемствы, дзе ў якасці ганаровых гасцей і гледачоў прысутнічаюць бацькі. У А.Г.Маргаевай бацькі — актыўныя дзеючыя асобы. І кожная хвіліна сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў выкарыстоўваецца для таго, каб вучні ганарыліся імі. У практыку работы педагога ўвайшло правядзенне сямейных вечароў. За 20 гадоў іх назапасілася нямала: “Бабуліны казкі”, “Традыцыі маёй сям’і”, “Рыцарскі турнір” і інш. Добра пазнаюць адно аднаго бацькі ў сумесных конкурсах, спаборніцтвах, эстафетах. Дзеці і бацькі вучацца лепш разумець адно аднаго.

З арыентацыяй на канчатковы вынік

Як арганізаваць работу дзяцей, каб менавіта гэты ўрок стаў для іх адкрыццём, цудам, запомніўся надоўга? Як прыгадвае А.Г.Маргаева, у пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці яна імкнулася зрабіць урокі нетрадыцыйнымі па форме: падарожжы, казкі, аўкцыёны, гульні. На жаль, захапленне разнастайнымі формамі правядзення ўрокаў нярэдка прыводзяць да скажэння і нават страты змястоўнага боку ўрока, яго вучэбнай ролі. Ключ да поспеху, па перакананні настаўніцы, — усведамленне настаўнікам і навучэнцамі мэт і задач урока, да якога выніку павінен прыйсці кожны напрыканцы ўрока, чаму навучыцца, што засвоіць. Зыходзячы з задач, настаўнік павінен адбіраць змест матэрыялу, прыёмы, формы работы. Усё ва ўроку павінна быць нацэлена на канчатковы вынік. Навучэнцы павінны асэнсоўваць і ставіць перад сабой вучэбныя задачы.
Галоўнай сваёй задачай педагог лічыць даць вучню магчымасць развіваць інтэлект у самастойнай творчай дзейнасці з улікам індывідуальных здольнасцей і схільнасцей. Для гэтага настаўніца выкарыстоўвае розныя метады і прыёмы для актыўнага прыцягнення навучэнцаў у вучэбны працэс.
Выбудоўваючы ўрок, Алена Георгіеўна імкнецца стварыць атмасферу цяпла, добразычлівасці, узаемаразумення, на ўроку часта выкарыстоўвае фразы “я рада”, “я задаволена”, “я атрымала вялікае задавальненне ад твайго адказу”. Бачачы такія адносіны, вучні перастаюць саромецца, не баяцца выказваць розныя думкі. Разнастайнасць пунктаў гледжання з’яўляецца ідэальнай умовай для арганізацыі дыскусіі.
Пры падрыхтоўцы да ўрока асаблівая ўвага ўдзяляецца ролі кожнага вучня. Дзеці на ўроках А.Г.Маргаевай — даследчыкі, бо ў адзіночку пошук правільнага рашэння немагчымы. Настаўніца заўсёды стымулюе і заахвочвае ўласны пункт гледжання вучняў, іх арыгінальны замысел.
Развіццю пазнавальнага інтарэсу вучняў садзейнічаюць працэс самастойнага пошуку і адкрыцця новых ведаў, задачы праблемнага характару, разнастайная інфармацыя і змена відаў дзейнасці, прыкладны характар вучэбнага матэрыялу. Акрамя таго, настаўніца пераканана: чым больш новы матэрыял звязаны з засвоенымі раней ведамі, тым больш ён цікавы для вучняў, навучанне павінна быць складаным, але пасільным. Чым часцей ацэньваецца работа школьніка, тым цікавей яму працаваць (асабліва ў пачатковых класах). Яркасць, эмацыянальнасць вучэбнага матэрыялу, усхваляванасць самога настаўніка з вялікай сілай уздзейнічае на вучня, на яго адносіны да прадмета.
Для фарміравання пазнавальнага інтарэсу, стварэння ўмоў да самастойнай разумовай дзейнасці, павышэння інтэлектуальнага ўзроўню навучэнцаў настаўніца выкарыстоўвае інтэрактыўныя тэхналогіі, праблемнае навучанне, развіццёвае навучанне, даследчую дзейнасць. Урокі матэматыкі, рускай і беларускай мовы Алена Георгіеўна пачынае з пастаноўкі праблемы, ствараючы праблемную сітуацыю, у аснове якой супярэчнасць паміж неабходнасцю выканаць практычнае заданне настаўніка і немагчымасцю гэта зрабіць без засваення новага матэрыялу. “Аднак часцей за ўсё такі спосаб падачы новага матэрыялу не забяспечвае разумовай дзейнасці большасці дзяцей, — заўважае А.Г.Маргаева. — Гэта адбываецца, як правіла, таму, што праблему вырашаюць і раскрываюць класу моцныя навучэнцы, у той час як сярэднія і слабыя толькі прыступаюць да рашэння. Значыць, у такіх умовах самастойна засвойваюць веды ў асноўным моцныя навучэнцы, астатнія атрымліваюць іх у гатовым выглядзе ад сваіх таварышаў. Таму гэтае пытанне я пачала разглядаць з боку рознаўзроўневага навучання”.

Тры ўзроўні праблемнасці

На сваіх уроках А.Г.Маргаева імкнецца вызначыць тры ўзроўні праблемнасці. Сутнасць гэтых узроўняў у тым, што праблемная задача, сфарміраваная на самым высокім узроўні, не змяшчае падказкі, на сярэднім узроўні — утрымлівае адну падказку, на нізкім узроўні — дзве падказкі. Праблемная задача, сфармуляваная на нізкім узроўні, змяшчае шэраг заданняў і пытанняў, якія прапаноўваюцца паслядоўна і паступова падводзяць навучэнцаў да вываду новых ведаў.
Праблемныя ўрокі арганізуюцца наступным чынам. На этапе актуалізацыі апорных ведаў выкарыстоўваецца вуснае лічэнне з элементамі займальнасці: гульні, матэматычныя дыктанты, рэбусы і г.д. Настаўніца прапануе дзецям заданні на развіццё лагічнага мыслення, параўнанне, аналіз, знаходжанне заканамернасцей. Сярод вывучанага матэрыялу з’яўляецца новы від заданняў, які выклікае цяжкасці ў вучняў. Ствараецца праблемная сітуацыя.
“Такая арганізацыя работы аднімае нямала часу, аднак яна рацыянальная, бо ўсе дзеці павінны думаць і пісаць, настаўнік мае магчымасць прааналізаваць спробы, ход адкрыцця новых ведаў кожным вучнем, — гаворыць Алена Георгіеўна. — Кожны вучань пераконваецца, што калі будзе ўважлівым, падумае, прыменіць набытыя веды, то абавязкова справіцца з заданнем. Падказкі накіроўваюць думку вучня, дапамагаюць авалодаць разумовымі аперацыямі. Разам з тым выхоўваюцца каштоўныя якасці асобы — здольнасць да напружанай працы, самастойнасць, дапытлівасць, працавітасць.
У выпадку, калі некаторыя вучні не спраўляюцца з заданнем ні на адным узроўні праблемнасці, я вызначаю характар цяжкасцей, іх прычыны (адсутнасць апоры на наяўныя веды, непаслядоўнасць разумовых аперацый і г.д.) і своечасова дапамагаю ў залежнасці ад характару гэтых цяжкасцей. У выніку ўстаноўлена, што навучэнцы, якія адкрывалі новыя веды на высокіх і сярэдніх узроўнях праблемнасці, гэта значыць з большай доляй самастойнасці, амаль не дапускаюць памылак. Тыя навучэнцы, якія адкрывалі новыя веды на нізкім узроўні праблемнасці, з дапамогай настаўніка, дапускаюць менш памылак, чым тыя, якія не адкрывалі новых ведаў увогуле”.
Сістэма работы Алены Георгіеўны прыносіць станоўчыя вынікі. Яе вучні паспяхова выступаюць на алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах. Яны — актыўныя, дзейсныя, з лёгкасцю ідуць на кантакт, не баяцца выказацца. І нават пасля заканчэння пачатковых класаў не забываюць сваю настаўніцу, з радасцю бягуць да яе падзяліцца сваімі поспехамі і праблемамі, гучна вітаюцца на вуліцы. А ці не гэта самая высокая ўзнагарода за працу?

Наталля КАЛЯДЗІЧ.