З удзячнасцю за выхаванне

- 10:15Авторские колонки, Мнение

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

Апошнія дні мая па традыцыі напоўнены мерапрыемствамі Рэспубліканскага тыдня турызму і краязнаўства.

А фіцыйна тыдзень праводзіцца для дзяцей і моладзі, але галоўнымі яго ўдзельнікамі з’яўляюцца педагогі — няўрымслівыя вандроўнікі, апантаныя даследчыкі, якім мы павінны быць удзячны за выхаванне сапраўдных грамадзян.

Актыўныя, жыццярадасныя, зацікаўленыя, неабыякавыя — гэта ўсё яны, турысты-краязнаўцы. Але самае галоўнае — шчырыя патрыёты, якія гатовы пераадолець дзясяткі кіламетраў, каб палюбавацца чароўным світанкам на беразе маляўнічага возера, або гадзінамі слухаць успаміны мясцовых старажылаў, каб потым дапоўніць гісторыю роднага краю хаця б адным малавядомым фактам. Гэта пра іх мы часта прыгадваем на сустрэчах выпускнікоў. Канечне, помняцца ўрокі, перапынкі, экзамены, але самыя яркія вобразы звязаны менавіта з настаўнікамі-турыстамі і настаўнікамі-краязнаўцамі, з нашымі сумеснымі падарожжамі па родным краі.

Ужо колькі мінула гадоў, а я і цяпер да драбніц памятаю школьны паход да лясной крынічкі. Вобраз самой крынічкі ў памяці не захаваўся, але падрыхтоўка да паходу і сам маршрут, прывал, вогнішча, гульні на лясной паляне помняцца настолькі яскрава, што здаецца: усё было ўчора. Падобныя паходы з цеплынёй успамінаюць і вучні вядомага даследчыка Глыбоччыны Рыгора Леанідавіча Шарыпкіна, з якім мне пашчасціла сустрэцца падчас нядаўняй камандзіроўкі. Не забываюць веласіпедныя вандроўкі па Палессі былыя выхаванцы Васіля Васільевіча Чайкі з Нароўлі, Аляксандра Пятровіча Строкача з Брэста, сотняў іншых педагогаў, якія штодзённа аддаюць сваё сэрца дзецям. Кожны раз, прыгадваючы гэтых настаўнікаў, мы шчыра дзякуем ім за любоў да роднай зямлі, а таксама за тое, што яны далучылі нас да здаровага ладу жыцця.

Вельмі важна падтрымліваць такіх педагогаў. Выдатна, што за перамогу ў краязнаўчых конкурсах і турыстычных спаборніцтвах акрамя дыпломаў яны атрымліваюць грашовае заахвочванне. Аднак не менш важна падтрымаць іх добрым словам, выслухаць прапановы, пайсці насустрач у вырашэнні штодзённых пытанняў. Таму вялікая ўвага развіццю турыстычна-краязнаўчай справе ўдзяляецца з боку Міністэрства адукацыі. Праводзяцца семінары, канферэнцыі, курсы павышэння кваліфікацыі, на якіх настаўнікі дзеляцца вопытам, набываюць неабходныя ўменні і навыкі. Рэгулярна ладзяцца турыстычныя спартакіяды, спаборніцтвы, злёты. На новы ўзровень выходзіць і школьнае краязнаўства. Значную ролю тут адыгрываюць доўгатэрміновыя праекты. У свой час гэта былі экспедыцыя “Наш край”, акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Сёння іх працягам сталі праекты “Я гэты край Радзімаю заву” і “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, асабліва актуальныя ў Год гістарычнай памяці.

Любоў да Радзімы, як вядома, пачынаецца з любові да той зямлі, дзе прайшло тваё дзяцінства, зямлі, прыгажосць якой ты спазнаў яшчэ ў школьныя гады. Таму важна падтрымліваць турыстаў і краязнаўцаў і не забываць дзякаваць гэтым педагогам. А найлепшай падзякай з’яўляюцца як мінімум нашы цёплыя ўспаміны пра сумесныя падарожжы і наша шчырая любоў да Беларусі.