З ухілам на прафарыентацыю

Асаблівасцю арганізацыі шостага школьнага дня ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці з’яўляецца правядзенне прафарыентацыйнай работы і працоўнае выхаванне навучэнцаў. Асноўная мэта гэтай дзейнасці — падрыхтоўка старшакласнікаў да свядомага выбару прафесіі. Аб гэтым расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пастаўскага раёна Аляксандр Яўгенавіч КАШЫРЫН.

— У нашым раёне наладжана супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Пастаўскім дзяржаўным каледжам. Так, у Дунілавіцкім яслях-садзе — сярэдняй школе на працягу многіх гадоў рэалізоўваецца праект “Школа прафесійнага навучання”, згодна з якім для навучэнцаў 10—11 класаў арганізавана прафесійнае навучанне. Юнакі маюць магчымасць атрымаць пасведчанне вадзіцеля катэгорый “А” (трактар, матацыкл), “В” і “С” (легкавы і грузавы аўтамабілі), дзяўчаты — пасведчанне вадзіцеля катэгорый “А” (матацыкл), “В” (легкавы аўтамабіль). Установы адукацыі, размешчаныя ў памежнай зоне, наладзілі супрацоўніцтва з памежнымі заставамі. Так, у Лынтупскім яслях-садзе — сярэдняй школе Пастаўскага раёна ажыццяўляецца праект сумеснай работы з памежнай заставай па арганізацыі шостага школьнага дня “Зялёная субота”.

— Якія самыя значныя дасягненні ў сістэме адукацыі вашага раёна вы можаце адзначыць за апошнія гады?

— Хацелася б спыніцца на выніках удзелу навучэнцаў раёна ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Так, у 2016/2017 навучальным годзе на абласным этапе атрымана 11 дыпломаў па 5 вучэбных прадметах (2016 год — 9, 2015 год — 10). На заключным этапе ў 2015/2016 навучальным годзе вучні заваявалі 3 дыпломы: па беларускай мове і літаратуры (дыпломы І, ІІ ступеней), па біялогіі (дыплом ІІІ ступені). Гэта адзін з найлепшых вынікаў раёна за апошнія гады. Нас асабліва радуе, што два дыпломы атрымалі навучэнцы сельскіх сярэдніх школ раёна — Варапаеўскай сярэдняй школы, Дунілавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы.

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму створаны раённы банк даных адораных і таленавітых дзяцей, рэалізоўваецца раённая праграма “Адораныя дзеці”. Традыцыйна мы праводзім раённыя алімпіяды па асноўных вучэбных прадметах для вучняў 4—8 класаў. У 2016/2017 навучальным годзе ў іх прынялі ўдзел 414 навучэнцаў. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды раён прадстаўлялі 27 навучэнцаў па 8 вучэбных прадметах.

З кожным годам расце колькасць навучэнцаў, якія займаюцца даследчай дзейнасцю. Для 3—4-класнікаў у гэтым годзе прайшоў раённы дыстанцыйны конкурс работ даследчага характару, у якім прынялі ўдзел 36 вучняў. Штогод на базе Пастаўскай гімназіі праходзіць адкрытая навукова-практычная канферэнцыя “Глорыя” для школьнікаў раёна. Яе пераможцы адпраўляюцца на абласную навукова-практычную канферэнцыю “Эўрыка” ў рамках супрацоўніцтва з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава. У 2016/2017 навучальным годзе атрыманы два дыпломы І, ІІ ступеней. На рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыi) навучэнцам Пастаўскай гімназіі атрыманы дыплом ІІІ ступені (у 2015/2016 —дыплом ІІ ступені).

Традыцыйна вучні раёна — у ліку ўдзельнікаў і прызёраў абласнога этапу фестывалю міжкультурных камунікацый па замежных мовах. У гэтым годзе атрыманы два дыпломы ІІ ступені і два дыпломы ІІІ ступені.

— Ці з’яўляюцца вашы педагогі пераможцамі і ўдзельнікамі прафесійных конкурсаў? Як вы адзначаеце самых лепшых педагогаў?

— Стаў традыцыйным удзел нашых педагогаў у Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. У гэтым навучальным годзе XVII Рэспубліканская выстава праходзіла пад дэвізам “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення”. Педагогі раёна адзначаны 6 дыпломамі на абласным этапе выставы і 3 — на заключным (рэспубліканскім). У 2016 годзе праводзіўся абласны конкурс прафесійнага майстэрства “Кіраўнік года — 2016”. Дырэктар сярэдняй школы № 1 Пастаў Павел Юр’евіч Трава атрымаў дыплом лаўрэата ў намінацыі “За стварэнне здароўезберагальнага і здароўефарміруючага асяроддзя ва ўстанове адукацыі”. У 2015 годзе выдадзены вучэбны дапаможнік “Чароўны край Пастаўшчына” настаўніка геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігара Міхайлавіча Пракаповіча. Дапаможнік паспяхова выкарыстоўваецца педагогамі на факультатыўных занятках па курсе “Мая Пастаўшчына” ва ўстановах адукацыі раёна.

З мэтай стымулявання працы педагагічных работнікаў прадугледжана маральная і матэрыяльная падтрымка. Па выніках 2016/2017 навучальнага года на прэміраванне лепшых навучэнцаў і настаўнікаў выдаткавана 2346 беларускіх рублёў.

— Як арганізавана профільнае навучанне ў вашым раёне?

— У 2016/2017 навучальным годзе ў 10-х класах профільным навучаннем былі ахоплены 133 вучні (61%), у 11-х класах — 121 навучэнец (52%). Найбольш запатрабаванымі для засваення на павышаным узроўні ў профільных класах з’яўляюцца матэматыка, руская мова, беларуская мова. У Пастаўскай гімназіі арганізаваны профільны клас прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне педагагічнай спецыяльнасці. У 2016/2017 навучальным годзе ажыццёўлены выпуск 11 педагагічнага класа. 5 яго выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя ўстановы адукацыі на педагагічныя спецыяльнасці.

— Як у вашым раёне праводзіцца аптымізацыя?

— За апошнія 3 гады ў раёне закрыта 5 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (з 1 верасня 2017 года): 3 базавыя школы, яслі-сад — базавая школа, яслі-сад — пачатковая школа. Падвоз навучэнцаў да месца навучання і выхавання і дадому арганізаваны рэйсавымі аўтобусамі філіяла “АТП № 17 Паставаў” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” і 8 школьнымі аўтобусамі. У перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года праведзена вялікая работа па забеспячэнні напаўняльнасці 1-х, 5-х і 10-х класаў. Сетка ўстаноў дашкольнай адукацыі ў раёне захавана ў сувязі з павелічэннем колькасці выхаванцаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *