З уласным педагагічным і кіраўніцкім почыркам

- 10:35Людзі адукацыі

Невядома, як бы склаўся прафесійны лёс Таццяны Васільеўны Касцючык, калі б яна не паступіла на гістарычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна, бо з дзяцінства будучы педагог марыла стаць фармацэўтам. Памятае, як прыходзіла з маці ў аптэку і заўсёды была ў захапленні ад скрыначак і бутэлечак з лекамі, акуратна расстаўленых на паліцах. Ды і самой часта хацелася гатаваць лекавыя сродкі, каб лячыць імі лялек. 

Нягледзячы на выдатныя адзнакі па біялогіі, чамусьці сумнявалася ў сваіх ведах, таму адмовілася ад дзіцячай мары, — прызнаецца Т.В.Касцючык. — Вырашыла звязаць жыццё з матэматыкай. Да пастаўленай мэты ішла мэтанакіравана. Прадмет любіла, любыя задачы рашала лёгка і хутка. Выконваючы кантрольныя работы, паспявала рашыць два варыянты. Не раз удзельнічала ў раённых этапах Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, хіміі, гісторыі.

Аднак эканамістам Таццяна Васільеўна таксама не стала. Ажыццявіць задуманае “не дала” настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва, чалавек высокай культуры, адказная, патрабавальная, шчырая і неабыякавая да дзяцей, прафесіянал сваёй справы. Пад яе ўплывам дзяўчына і вырашыла падацца ў “гісторыкі”, хаця вельмі любіла і настаўніцу хіміі Аляксандру Іванаўну Дзяжко, і настаўніцу матэматыкі Марыю Барысаўну Марозаву. Можа таму дзяўчынцы хацелася стаць то фармацэўтам, то матэматыкам, то настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства.

— Цяпер разумею, што гэтыя педагогі былі прыкладам для калег, сапраўднымі інтэлігентамі, настаўнікамі па прызванні, — гаворыць Т.В.Касцючык. — У іх вучыліся не толькі методыцы выкладання, але і творчым адносінам да працы, павазе да асобы кожнага вучня. Настаўнікі ўмелі хутка знайсці ключык да сэрца нават цяжкага падлетка. Да іх можна было звярнуцца з любым пытаннем і пачуць на яго грунтоўны адказ. Любімыя педагогі цалкам аддаваліся любімай справе, ганарыліся ёй.

Закончыўшы школу з сярэбраным медалём, Таццяна Васільеўна паступіла ва ўніверсітэт. У 1995 годзе ёй прапанавалі выкладаць гісторыю і грамадазнаўства ў Олтушскай сярэдняй школе Маларыцкага раёна. Дзяўчына зга­дзілася, хаця сумяшчаць работу і вучобу на апошнім курсе УВА было складана. Але стараннасць, мэтанакіраванасць, сур’ёзнае стаўленне да любой даручанай справы дапамагалі спраўляцца з усімі цяжкасцямі. Гістарычны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна дзяўчына закончыла з адзнакай.

— Вучыла і адначасова вучылася сама, — расказвае Т.В.Касцючык. — Не раз клалася спа ць далёка за поўнач, бо хацела грунтоўна падрыхтавацца да заняткаў. Часта на памылках спасцігала прапісныя ісціны. Да ўсяго імкнулася дайсці сваім розумам, хаця з першага дня работы актыўна дапамагалі калегі.

Праз некалькі гадоў педагог перавялася ў Ланскую сярэднюю школу, дзе працаваў муж. А ў 2013 годзе стала яе дырэктарам. За час прафесійнай дзейнасці ў Таццяны Ва­сільеўны выпрацаваўся ўласны педагагічны почырк.

— Мне пашанцавала працаваць пад кіраўніцтвам дырэктара Олтушскай сярэдняй школы Мікалая Сяргеевіча Анішчука і дырэктара Ланской сярэдняй школы Ганны Максімаўны Шпетнай, ад якіх пераняла шмат карыснага, — гаворыць Т.В.Касцючык. — Дзякуючы ім адбывалася маё станаўленне як педагога і кіраўніка. У іх вучылася жыццёвай мудрасці, разважлівасці, тактоўнасці, вытрымцы, памяркоўнасці, уменню працаваць з калегамі. Ад іх навучылася ніколі не прымаць паспешных і неабдуманых рашэнняў.

Таццяна Васільеўна лічыць, што для дасягнення станоўчых вынікаў у рабоце неабходна сумесная штодзённая і карпатлівая праца вучняў, іх бацькоў і педагогаў.

— Галоўнае — матывацыя, — упэўнена дырэктар. — Менавіта яна ляжыць у аснове поспеху. Задача кіраўніка — ствараць максімальна спрыяльныя і камфортныя ўмовы для ўсіх педагогаў, матываваць на сумесную творчую дзейнасць, усяляць веру ў свае сілы і магчымасці, у высокія дасягненні. Толькі так можна рухацца наперад. Толькі разам можна працаваць на імідж школы, павышаць якасць адукацыі. Педагог павінен быць узорам ва ўсім, бо з яго бяруць прыклад вучні. Школа — гэта своеасаблівы храм, дзе павінны панаваць гармонія, шчырасць, добразычлівасць.

На думку Т.В.Касцючык, каб быць эфектыўным кіраўніком, сучаснаму дырэктару трэба працаваць на апярэджанне, валодаць стратэгічным мысленнем, умець аператыўна знаходзіць шляхі вырашэння бягучых праблем. Дырэктар павінен адначасова быць педагогам і арганізатарам, юрыстам і эканамістам, псіхолагам і метадыстам, уласным прыкладам скіроўваць настаўнікаў да павышэння кваліфікацыі, пастаяннай самаадукацыі і самаўдасканалення.

У прафесійным выбары Таццяна Васільеўна не расчаравалася. Гэта пацвярджаюць 24 гады, аддадзеныя педагогіцы. Са школай у кіраўніка звязана шмат светлага і добрага.

— Хаця і не стала матэматыкам, урокі гісторыі і грамадазнаўства праводжу з матэматычнай дакладнасцю. Люблю, каб вучэбны матэрыял быў выкладзены лагічна, паслядоўна, дакладна, з прыкладамі, — гаворыць Т.В.Касцючык.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-­метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.