З улікам хуткасці развіцця

— Педагогі Барысаўшчыны не толькі шырока выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў практычнай дзейнасці, але і самі з’яўляюцца актыўнымі распрацоўшчыкамі электронных адукацыйных прадуктаў. Вопытныя настаўнікі з усёй краіны сёння працуюць над вучэбнымі курсамі для адзінага інфармацыйнага рэсурсу. 35% ад усіх распрацоўшчыкаў Міншчыны — педагогі ўстаноў адукацыі менавіта нашага раёна, — расказвае госць нашай сённяшняй “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Міхайлаўна САДОЎСКАЯ.

— Метадычнае суправаджэнне дзейнасці ўстаноў адукацыі ўжо трэці год ажыццяўляецца пры падтрымцы барысаўскіх сеткавых суполак. Сёння гэты рэсурс, размешчаны на сайце вучэбна-метадычнага цэнтра Барысаўскага раёна, запатрабаваны як ніколі. Метадычныя мерапрыем­ствы праходзяць у рэжыме медыянараў, вэбінараў, дыстанцыйных семінараў. Іх тэматыка прадугледжвае як навучанне, так і распаўсюджванне вопыту эфектыўнай работы з выкарыстаннем ІКТ. Адно з апошніх прайшло 6 лістапада (працавала педагагічная медыястудыя): у рэжыме анлайн загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна пазнаёміліся з вопытам работы ўстаноў адукацыі аграгарадка Лошніца па пытаннях пераемнасці дашкольнай адукацыі і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Дарэчы, летась на базе Лошніцкай гімназіі адкрыты абласны IT-інкубатар, кіраўніком якога з’яўляецца настаўнік матэматыкі і інфарматыкі І.В.Якіменка.

На сайтах устаноў адукацыі дзейнічаюць віртуальныя метадычныя кабінеты. У рабоце з б­ацькамі выкарыстоўваюцца вэб-чаты, анлайн-кансультацыі, канферэнц-сувязь. Назапашаны ў нас і пэўны вопыт работы з навучэнцамі ў дыстанцыйным рэжыме. І не толькі ў гарадскіх установах адукацыі, але і ў аддаленых сельскіх школах.

— Ірына Міхайлаўна, якія адукацыйныя праекты рэалізоўваюцца сёлета ва ўстановах адукацыі раёна?

— Кожная ўстанова адукацыі, зыходзячы са сваіх магчымасцей і патрэб удзельнікаў адукацыйнага працэсу, рэалізуе новыя ідэі, у тым ліку і ў выглядзе акцый і праектаў. Барысаўскі раён з’яўляецца адным з лідараў у вобласці па ўдзеле ў праектнай дзейнасці. Тэматычны спектр вельмі разнастайны. 7 устаноў адукацыі з’яўляюцца рэспубліканскай пляцоўкай для рэалізацыі 4 эксперыментальных праектаў, 6 інавацыйных праектаў рэалізоўваюцца ў 7 установах адукацыі, 18 педагагічных праектаў — у 19 установах адукацыі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 25 Барысава рэалізуецца праект “Адукацыйныя пляцоўкі для ўдасканалення навучання і вывучэння англійскай мовы ў мэтах устойлівага развіцця рэгіёнаў” МДЛУ сумесна з Брытанскім саветам пры арганізацыйнай падтрымцы Міністэр­ства адукацыі. Тут жа адкрыты абласны цэнтр беларуска-кітайскага сяброўства.

Ва ўстановах адукацыі Барысаўскага раёна навучэнцы маюць магчымасць адточваць свае лінгвістычныя навыкі па 6 мовах. Рэалізаваны чэлендж-праект “Планета дзяцінства”, які адлюстраваў работу ўстаноў адукацыі па полікультурным выхаванні.

Да адукацыйнага праекта “Інфарматыка без разеткі” ў верасні 2020 года падключыліся Лошніцкі яслі-сад Барысаўскага раёна, яслі-сады №№ 36, 43, 49 Барысава. Педагогі — удзельнікі праекта пагрузіліся ў няпросты свет логікі і інфарматыкі, пазнаёміліся з методыкай фарміравання алгарытмічнага мыслення ў дзяцей.

Рэалізацыя адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” пры каардынацыі рэгіянальнага дапаможнага рэсурснага цэнтра Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму праходзіць у яслях-садзе № 38 Барысава, сярэдняй школе № 17 Барысава, Лошніцкай гімназіі. Выхаванне экалагічна дасведчанага падрастаючага пакалення — задача, рэалізацыя якой забяспечыць нашу будучыню.

Усе ўстановы дашкольнай адукацыі ахоплены сацыяльна-педагагічным праектам “Вясёлая прагулка РАЗАМ”, накіраваным на павышэнне ролі сям’і ў развіцці дзіцяці, умацаванне дзіцяча-баць­коўскіх узаемаадносін, цеснае су­працоўніцтва сям’і і ўстановы дашкольнай адукацыі, пазнанне малой радзімы, пашырэнне кругагляду ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Якія дасягненні вучняў і педагогаў натхняюць на далейшыя поспехі?

— 9 настаўнікаў-метадыстаў, 5 з якіх — педагогі Лошніцкай гімназіі, — пастаянныя ўдзельнікі метадычных мерапрыемстваў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Кацярына Сяргееўна Патула, педагог сярэдняй школы № 18 Барысава, — пераможца абласнога конкурсу “Педагог сацыяльны года — 2020”.

У межах IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus Мікіта Колесаў, выхаванец аб’яднання па інтарэсах “Асновы беспілотных лятальных апаратаў” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна (кіраўнік — педагог дадатковай адукацыі В.В.Трухан) стаў пераможцам, заняўшы 1-е месца ў намінацыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”.

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2020 года абсалютныя веды паказалі 5 выпускнікоў: Настасся Іванова па беларускай мове (настаўніца Таісія Іванаўна Байкова), Паліна Сас па хіміі (настаўніца Аксана Сяргееўна Бурко) — з гімназіі № 1 Барысава; Ульяна Куракевіч — пераможца трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове — паказала максімальны вынік і на ЦТ (настаўніца Жанна Паўлаўна Падкалзіна) — з гімназіі № 2 Барысава; Марыя Мароз па беларускай мове (настаўніца Галіна Мікалаеўна Бубнова) — з гімназіі № 3 Барысава; Аляксандр Ржауцкі па хіміі (настаўніца Вольга Мікалаеўна Фядоцьева) — з сярэдняй школы № 17 Барысава.

Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда навучэнцаў Барысаўскага раёна ўзнагароджана 43 дыпломамі, у заключным этапе — 3 пераможцы. Два дыпломы ІІІ ступені, па фізіцы і гісторыі, заваявалі навучэнцы гімназіі № 1 Барысава Данііл Сяліцкі і Аляксей Красько, дыпломам ІІ ступені па астраноміі ўзнагароджана выпускніца ліцэя Барысава Ксенія Каваленка.

— Ірына Міхайлаўна, што ў прыярытэце для сістэмы адукацыі раёна сёння?

— Усе пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу і забеспячэння функцыянавання ўстаноў адукацыі важныя. Але “кадры вырашаюць усё”! Прыярытэт у рабоце з кадрамі — павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных работнікаў. Працэс атэстацыі дапамагае не толькі выявіць вопытных, прафесійных педагогаў, абагульніць і распаўсюдзіць іх вопыт. Атэстацыя дазваляе павысіць узровень заработнай платы, падняць сацыяльны статус педагога. Сёння ідзе работа па падрыхтоўцы яшчэ аднаго педагога — настаўніцы музыкі Лошніцкай гімназіі Ірыны Арсенцьеўны Мітрафаненкавай — да прысваення кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Перад сістэмай адукацыі Барысаўскага раёна ў цяперашні час стаіць задача не проста арганізацыі работы ў адпаведнасці з сучаснымі па­трабаваннямі, а работа на апярэ­джанне: бачанне заўтрашняга дня, планаванне дзейнасці з улікам хуткасці развіцця і змяненняў грамадства.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.