З улікам патрэб сучаснасці

- 11:51Планёрка ў рэгіёне

На думку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэя Уладзіміравіча Загурскага, сёння адна з ключавых задач — зрабіць школьную і дадатковую адукацыю практыка-арыентаванай. Дзіця, скончыўшы школу, не толькі павінна валодаць пэўным наборам інфармацыі, яно ў першую чаргу павінна вызначыць свае схільнасці і інтарэсы, умець з карысцю для грамадства арганізоўваць свой вольны час, усвядомлена выбраць прафесію. Якія крокі робяцца ў раёне і набліжаюць для вырашэння гэтай задачы — наша гутарка з Андрэем Уладзіміравічам.

— Андрэй Уладзіміравіч, чым быў адметны мінулы каляндарны год для сістэмы адукацыі раёна?

— Адна з галоўных падзей 2017 года — адкрыццё новага дзіцячага садка на 200 месцаў з басейнам. Жыхары мікрараёна, які актыўна забудоўваецца, атрымалі гэты падарунак у верасні. Для жыхароў раёна Замосце таксама вырашылася праблема з крокавай даступнасцю дашкольнай адукацыі: з 1 верасня на базе сярэдняй школы № 10 былі адкрыты дашкольныя групы для 40 выхаванцаў.

Мы ганарымся нашымі педагогамі. Настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы Андрэй Міхайлавіч Іваноў стаў пераможцам галоўнага настаўніцкага конкурсу ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” і прывёз у Оршу “крыштальнага жураўля”. Медаль “За працоўныя заслугі” атрымаў з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 20 Оршы Валерый Дзмітрыевіч Герасімаў, аўтар вучэбных дапаможнікаў па матэматыцы. Маладыя педагогі таксама гучна заяўляюць пра сябе: настаўнік геаграфіі гімназіі № 1 Оршы Юрый Аляксандравіч Кузьменка стаў фіналістам Міжнароднага конкурсу настаўнікаў геаграфіі “Люблю Геаграфію”.

У таленавітых педагогаў — таленавітыя вучні. Навучэнцы Аршанскага раёна сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, інфарматыцы, працоўным навучанні, двое — пераможцамі рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па беларускай літаратуры і біялогіі. Усе яны ўключаны ў банк даных адоранай моладзі.

— Аршанскі раён — наперадзе планеты ўсёй у пытаннях інфармацыйных тэхналогій. Над якімі цікавымі праектамі працуеце сёлета?

— Сёлета на базе 8 устаноў адукацыі Оршы працягваецца работа па рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на І і ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Sсratch”, у якім задзейнічаны 25 педагогаў і 285 навучэнцаў 2 — 6 класаў.

Акрамя таго, у жніўні 2017 года на базе ІТ-акадэміі “КомпАС” было арганізавана навучанне яшчэ 12 педагогаў з 10 устаноў адукацыі, якія не ўдзельнічаюць у праекце, якія праводзяць факультатыўныя заняткі для 164 навучэнцаў. На базе акадэміі сёлета арганізаваны заняткі для 60 навучэнцаў 2—8 класаў.

З 1 верасня 2017 года 37 педагогаў вучаць праграмаванню ў асяроддзі Sсratch 604 навучэнцаў на базе 20 устаноў адукацыі Оршы і Аршанскага раёна.

Паколькі візуальнае асяроддзе Sсratch можна выкарыстоўваць для кіравання Arduino, у ІТ-акадэміі “КомпАС” у 2016/2017 навучальным годзе з 48 навучэнцамі праводзіліся заняткі па асновах схематэхнікі на базе Arduino. Заняткі, на якіх выкарыстоўваўся электронны канструктар StarterKit, праводзілі У.У.Купрыянцаў і П.Ф.Громаў. Гэты напрамак выклікаў цікавасць у навучэнцаў, і сёлета быў арганізаваны курс заняткаў па стварэнні робататэхнічных праектаў на аснове мікракантролера Arduinо для 60 навучэнцаў 6—9 класаў.

Работа, якая праводзіцца па робататэхніцы, дае свой плён. Фіналістамі маладзёжнага конкурсу “Праекты без меж” сталі навучэнцы гімназіі № 1, сярэдняй школы № 20 Оршы і навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі раённага Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Вучні распрацавалі мадэлі робатаў, якія маюць практычнае ўвасабленне ў якасці памочнікаў у быце, на вытворчасці і ў складаных прыродных умовах.

15 сакавіка ў нашым горадзе прайшоў ІІ Абласны адкрыты турнір па робататэхніцы “РобаФэст — Орша” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі Віцебшчыны. Турнір праводзіцца для актывізацыі і развіцця навукова-тэхнічнай творчасці і павышэння прэстыжу інжынерных прафесій сярод дзяцей і моладзі.

Якія напрамкі работы найбольш запатрабаваны ў раёне ў шосты школьны дзень?

— Аддзелам адукацыі распрацавана рэгіянальная праграма шостага школьнага дня “Карысная субота” на 2015—2020 гады. Акрамя таго, метадыст аддзела Т.В.Хаткевіч, якая адказвае за арганізацыю выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, штогод распрацоўвае міжведамасны план мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтай праграмы.

Штомесяц праводзяцца 4 тэматычныя суботы: 1-я — дзень падарожжаў і адкрыццяў, 2-я — дзень здароўя і спорту, 3-я — дзень добрых спраў і захавання законаў і правіл, 4-я — дзень творчых задум. Арганізацыйна-змястоўнае напаўненне шостага школьнага дня ажыццяўляецца па наступных напрамках: грамадзянска-патрыятычная, краязнаўчая і экалагічная дзейнасць; фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая дзейнасць; працоўнае выхаванне; прафарыентацыя навучэнцаў; фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця; маральна-прававое выхаванне; прафілактыка проціпраўных паводзін і інш. Ахоп навучэнцаў складае каля 68 працэнтаў.

Найбольшай папулярнасцю сярод мерапрыемстваў шостага школьнага дня карыстаюцца спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Як правіла, гэта дні здароўя, спорту і турызму, якія праводзяцца ў школах штомесяц, спартландыі, конкурсныя праграмы, фізкультурна-аздараўленчыя акцыі, віктарыны “Беларусь алімпійская”, “Ключы здароўя”, а таксама сумесныя мерапрыемствы з бацькамі “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Разам” і інш. Актуальна і правядзенне сямейных фестываляў “Ганарымся, што навучылі”, “Разам у абарону жыцця” (у межах рэспубліканскіх акцый па бяспечнай жыццядзейнасці), свята “Дзень сям’і. Прафесіі бацькоў”.

Актыўна вядзецца і работа па прафарыентацыі з установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія праводзяць для навучэнцаў, індывідуальныя кансультацыі па асобных спецыяльнасцях, дні прафесій, таварыскія сустрэчы па спартыўных гульнях.

— Андрэй Уладзіміравіч, а якія планы на найбліжэйшы час?

— У сувязі з тым, што ўзрасла цікавасць дзяцей і падлеткаў да новых напрамкаў навукі і тэхнікі ў сферы высокіх тэхналогій, неабходны пераход на новыя формы арганізацыі работы з дзецьмі і развіццё навукова-тэхнічнай творчасці ў новай якасці, таму ў перспектыве — адкрыццё яшчэ некалькіх лабараторый на базе ІТ-акадэміі “КомпАС”, у якіх будуць рэалізоўвацца наступныя прыродазнаўчанавуковыя і тэхнічныя напрамкі: праграмаванне, мультымедыйныя тэхналогіі, робататэхніка, прататыпаванне, праектная і даследчая дзейнасць, тэхнічнае мадэляванне.

Зараз у трох установах Оршы вывучэнне кітайскай мовы арганізавана праз сістэму дадатковых заняткаў. У 2018/2019 навучальным годзе плануем у шэрагу школ увесці выкладанне кітайскай мовы як асноўнай замежнай.

Плануем таксама ўдасканальваць прафарыентацыйную работу, якая праводзіцца на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у тым ліку ў шосты школьны дзень.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.