З улікам патрэбнасцей інавацыйнага развіцця эканомікі

У нашай краіне вядзецца работа па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. У ёй максімальна задзейнічана Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Начальнік упраўлення арганізацыі і матывацыі працы названага міністэрства Ю.М.Гарбацэвіч расказаў нашым чытачам пра стан спраў у гэтым напрамку.

— Юрый Мечаслававіч, што сабой уяўляе сістэма кваліфікацый, якая дзейнічае ў нашай краіне?

— Калі гаварыць пра асноўныя элементы, якія ўвахо­дзяць у гэтую сістэму, то сярод іх — вядомыя нам Агульна­дзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь “Заняткі”, дзе сістэматызаваны і кадзіраваны прафесійныя заняткі на аснове міжнароднай сістэмы класіфікацыі заняткаў і найменняў прафесій рабочых і пасад служачых; Агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, які ўтрымлівае коды і найменні профіляў адукацыі, кірункаў адукацыі, груп спецыяльнасцей, спецыяльнасцей, кірункаў спецыяльнасцей, спецыялізацый, кваліфікацыі і адпаведныя ім пярвічныя пасады служачых (прафесіі рабочых); Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік работ і прафесій рабочых (68 выпускаў АТКД) і Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад (35 выпускаў АКДП), які ўтрымлівае тарыфна-кваліфікацыйныя характарыстыкі прафесій рабочых і кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад служачых, якія вызначаюць склад працоўных функцый, а таксама патрабаванні, якія прад’яўляюцца да адукацыі і вопыту работы работніка, неабходныя для выканання тых функцый, якія на яго ўскладаюцца.

У лік гэтай сістэмы кваліфікацый уваходзяць адукацыйныя стандарты прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, якія ўстанаўліваюць па кожнай спецыяльнасці (кірунку спецыяльнасці) патрабаванні да зместу прафесійнай дзейнасці рабочага (служачага), спецыяліста, кампетэнтнасці спецыяліста з сярэдняй спецыяльнай альбо вышэйшай адукацыяй, рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, зместу вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм, узроўню асноўнай адукацыі асоб, якія паступаюць для атрымання адукацыі, форм і тэрмінаў атрымання адукацыі, арганізацыі адукацыйнага працэсу, узроўню падрыхтоўкі выпускнікоў, выніковай іх атэстацыі.

Цяпер у многіх краінах свету (больш за 150) функцыянуюць нацыянальныя сістэмы кваліфікацый, якія знаходзяцца на этапах далейшага ўдасканалення і ўкаранення ў эканоміку. Такія краіны, як Расійская Федэрацыя, Вялікабрытанія, Фінляндыя, Кітайская Народная Рэспубліка, Сінгапур і многія іншыя, нягледзячы на тое, што маюць істотны вопыт у пабудове сваіх нацыянальных кваліфікацый, працягваюць актыўна працаваць над іх удасканаленнем, разумеючы іх значнасць у працэсе вызначэння кваліфікацыі насельніцтва ў развіцці эканомікі. У значнай меры гэтая работа ажыццяўляецца па ініцыятыве і пры падтрымцы такіх арганізацый, як Еўрапейскі саюз, Сусветны банк, Арганізацыя па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці і Міжнародная арганізацыя працы.

Калі гаварыць пра наш вопыт у гэтым напрамку, то Рэспубліка Беларусь таксама актыўна працуе над Нацыянальнай сістэмай кваліфікацый пры падтрымцы міжнародных партнёраў. Так, у прыватнасці, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам эканомікі ўдзельнічае ў міжнародным праекце “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”, які адобраны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2018 г. № 232 “Аб адабрэнні праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі” і будзе рэалізоўвацца да 2022 года.

— Раскажыце, калі ласка, пра гэтае супрацоўніцтва.

— У выніку гэтага сумеснага праекта павінна быць распрацавана 45 прафесійных стандартаў. Пры фінансаванні Еўрапейскага саюза арганізаваны трэнінгі, семінары, а таксама адукацыйныя візіты. Так, прадстаўнікі сістэмы прафесійнай адукацыі Беларусі, сацыяльныя партнёры і работадаўцы з будаўнічага і прамысловага сектараў нашай краіны ўдзельнічалі ў вучэбным візіце ў Славенію. Удзельнікі паездкі пазнаёміліся з работай Інстытута прафесійнай адукацыі і навучання, вывучалі пытанні распрацоўкі адукацыйных праграм у сферы прафесійнай адукацыі, сустракаліся з прадстаўнікамі розных кампаній, якія ўваходзяць у рабочыя групы па распрацоўцы прафесійных стандартаў. Таксама міжнародны эксперт праекта Ёве Янкулоўскі правёў у Беларусі шэраг трэнінгаў і семінараў для распрацоўшчыкаў прафесійных стандартаў, а таксама для тых, хто будзе ацэньваць я­касць распрацаваных стандартаў.

— Як вядома, удасканаленне нацыянальных сіс­тэм кваліфікацый таксама актыўна праводзіцца і ў краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

— Асаблівай увагі заслугоўвае інтэнсіўная дзейнасць тых краін, якія ствараюць з нашай краінай адзіную эканамічную прастору. Рашэннем чарговага пасяджэння Кансультатыўнага савета па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у канцы 2019 года былі зацверджаны Рэкамендацыі па структуры прафесійнага стандарта для краін Садружнасці. Трэба ўдакладніць, што выпрацоўка адзіных прынцыпаў распрацоўкі прафесійных стандартаў дзяржаў — удзельніц СНД прадугледжана рашэннем эканамічнага савета СНД ад 17 сакавіка 2017 года аб канцэпцыі паэтапнага фарміравання агульнага рынку працы і рэгулявання міграцыі рабочай сілы краін Садружнасці і прыярытэтных мерапрыемствах па фарміраванні агульнага рынку працы і рэгуляванні міграцыі рабочай сілы на 2017—2020 гады. Сёння ў працэсе ўдасканалення Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый мы праводзім работу па ўзмацненні інфармацыйнага ўзаемадзеяння і стварэнні адзінага інфармацыйнага рэсурсу па нацыянальных сістэмах кваліфікацый дзяржаў — удзельніц СНД.

— Ва ўмовах інавацыйнага развіцця эканомікі нашай краіны, укаранення інфармацыйных тэхналогій, сучаснай арганізацыі вытворчага працэсу неабходны новы ўзровень кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў.

— Сапраўды, новыя кірункі ў развіцці эканомік краін свету вядуць да ўкаранення новых падыходаў у сістэме кваліфікацый. Напрыклад, назіраецца працэс сумяшчэння шэрага працоўных аперацый, якія раней выконвалі рабочыя і спецыялісты розных прафесій. Разам з тым у эканоміцы адначасова працягваюць функцыянаваць суб’екты гаспадарання як з ранейшымі, так і з новымі тэхналогіямі і формамі арганізацыі працы работнікаў. Таму для адных суб’ектаў гаспадарання існуе неабходнасць у інтэграваных прафесіях рабочых і пасадах служачых, а для іншых — у вузкаспецыялізаваных.

Тыя арганізацыі, якія ма­юць вострую патрэбу ў кваліфікаванай рабочай сіле, не маюць сёння магчымасці аператыўна і правільна ацэньваць кваліфікацыю новых работнікаў, якія працаўладкоўваюцца ў арганізацыю, а тыя работнікі, якія ўжо працуюць альбо якія толькі што прыйшлі працаваць, — афіцыйна пацвердзіць той узровень кваліфікацыі, які імі дасягнуты ў выніку атрыманай адукацыі, а таксама на аснове набытых у працэсе працы ведаў, уменняў і навыкаў, у тым ліку і за кошт дадатковага навучання. Трэба адзначыць і тое, што работнікі і наймальнікі не ма­юць дакладнага ўяўлення аб тым, якія веды, уменні і навыкі фарміруюць той ці іншы ўзровень кваліфікацыі. Усё гэта ўзмацняе праблему эфектыўнага выкарыстання працоўнага патэнцыялу як у грамадстве ў цэлым, так і ў рамках асобных арганізацый, а на ўзроўні самой асобы — фарміравання яе патэнцыялу і планавання кар’ернага росту.

Гэтая работа праводзіцца ў рамках рэалізацыі стратэгіі ўдасканалення Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 кастрычніка 2018 г. № 764 “Аб стратэгіі ўдасканалення Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Рэспублікі Беларусь”.

— Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра гэтую стратэгію.

— Мэта стратэгіі — забеспячэнне адпаведнасці паміж патрэбнасцю эканомікі ў кадрах і колькаснымі і якаснымі паказчыкамі іх падрыхтоўкі. Каб дасягнуць гэтай мэты, нам неабходна вырашыць комплекс задач. У ліку іх — развіццё механізмаў і форм узаемадзеяння арганізацый рэальнага сектара эканомікі і бюджэтнай сферы з установамі адукацыі з мэтай выяўлення патрэбнасці эканомікі ў кваліфікацыях. Акрамя таго, трэба стварыць прававое поле для функцыянавання Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, арганізаваць узаема­дзеянне зацікаўленых бакоў па ўкараненні новых элементаў Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Неабходна пераарыентаваць сістэму адукацыі на колькасную і якасную прафесійную падрыхтоўку работнікаў у адпаведнасці з патрэбнасцямі інавацыйнага развіцця эканомікі. Безумоўна, новая сістэма кваліфікацый патрабуе стварэння ўмоў для прызнання ведаў, уменняў і навыкаў, атрыманых работнікам фармальным і нефармальным спосабамі на працягу ўсяго жыцця, фарміравання сістэмы незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый. З мэтай садзейнічання фарміраванню і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, каардынацыі ўзаемадзяння зацікаўленых у гэтым працэсе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 красавіка 2019 г. № 229 створаны Савет па развіцці сістэмы кваліфікацый. Яго асноўнай задачай з’яўляецца каардынацыя работы органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый па стварэнні сектаральных саветаў кваліфікацый, распрацоўка прафесійных стандартаў, фарміраванне сістэмы незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый. Ужо праведзены два пасяджэнні гэтага савета. На першым пасяджэнні ў мінулым годзе ў мэтах распрацоўкі прафесійных стандартаў зацверджаны прыярытэтныя віды эканамічнай дзейнасці: апрацоўчая прамысловасць (лёгкая прамысловасць, машынабудаванне), будаўніцтва, вытворчасць і перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, сфера інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, лагістычная дзейнасць (транспарт і захоўванне). На другім пасяджэнні савета, якое прайшло ў пачатку гэтага года, разглядалася пытанне аб падрыхтоўцы кадраў для арганізацый лёгкай прамысловасці.

— У краіне створаны сектаральныя саветы кваліфікацый. Якія функцыі яны выконваюць?

— На сённяшні дзень у нашай краіне створана 13 сектаральных саветаў кваліфікацый пры міністэрствах і ведамствах. Сярод іх — міністэрствы прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, сувязі і інфарматызацыі, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і камунікацый, сельскай гаспадаркі і харчавання, антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Дзяржаўны камітэт па маёмасці, Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, Канцэрн “Беллегпрам”. Сектаральныя саветы кваліфікацый прызваны вызначаць ключавыя віды працоўнай дзейнасці (прафесіі рабочых і пасады служачых) у мэтах распрацоўкі прафесійных стандартаў. Прафесійны стандарт з’яўляецца найважнейшым інструментам Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, з дапамогай якога ажыццяўляецца рэгламентацыя дзейнасці работнікаў і на аснове функцыянальнага аналізу раскрываецца змест і спецыфіка пэўнага віду працоўнай дзейнасці. Прафесійныя стандарты прызначаны для выкарыстання рознымі суб’ектамі рынку працы і сістэмы адукацыі. У ліку іх наймальнікі — пры найме работнікаў і рэгламентацыі іх працоўнай дзейнасці, распрацоўцы інструкцый для пасад, арганізацыі далейшага прафесійнага развіцця работніка. Для сістэмы адукацыі прафесійны стандарт прызначаны для вызначэння кваліфікацый, па якіх неабходна падрыхтоўка кадраў, для распрацоўкі адукацыйных стандартаў, ацэньвання ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў. Прафесійным стандартам могуць карыстацца абітурыенты, работнікі пры выбары кваліфікацый, вызначэнні шляхоў і спосабаў іх засваення, планаванні кірункаў навучання і прафесійнай падрыхтоўкі, вызначэнні перспектыў працаўладкавання і кар’ернага росту.

Акрамя таго, з мэтай стварэння заканадаўчай базы для функцыянавання новых элементаў Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны прынята некалькі дакументаў. Гэта пастанова ад 28 лістапала 2016 г. № 69 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 30 сакавіка 2004г. № 34 і ад 2 студзеня 2012 г. № 1”, якая прадугледжвае ўвядзенне ў структуру кваліфікацыйных даведнікаў новага элемента Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый — прафесійнага стандарту. Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 28 ліпеня 2017 г. № 37 зацвер­джаны Метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы прафесійных стандартаў, а пастанова ад 28 ліпеня 2017 г. № 36 зацвярджае Тыпавое палажэнне аб сектаральных саветах кваліфікацый. У далейшым работа па ўдасканаленні Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый будзе праводзіцца ў адпаведнасці з этапамі, якія прадугледжаны гэтай стратэгіяй.

Ала КЛЮЙКО.