З улікам патрэбы грамадства і дзяржавы

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшла сустрэча дэпутатаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы і Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні развіцця сістэмы адукацыі на найбліжэйшую перспектыву. У размове ўдзельнічалі старшыні парламенцкіх камісій І.А.Марзалюк, Л.Э.Макарына-Кібак, міністр адукацыі І.В.Карпенка, дэпутаты, супрацоўнікі галіновага міністэрства, рэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жук.

Адкрываючы пасяджэнне, І.А.Марза­люк адзначыў вялікую значнасць такой сустрэчы для парламентарыяў, асабліва напярэдадні разгляду ў Палаце прадстаўнікоў новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Кодэкс з’яўляецца асноватворным дакументам у заканадаўчай базе сферы адукацыі нашай краіны, у ім адлюстраваны канцэптуальныя падыходы ўдасканалення і далейшага развіцця адукацыйнай галіны з улікам нацыянальных асаблівасцей і міжнародных тэндэнцый. Сёння праект выходзіць на завяршальную стадыю падрыхтоўкі і ў хуткім часе будзе ўнесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Прадстаўляючы дэпутатам сённяшні стан спраў у сістэме адукацыі Беларусі, кіраўнік галіновага міністэрства І.В.Карпенка адзначыў, што на кожным узроўні адукацыі рэалізоўваюцца меры, накіраваныя на выкананне сацыяльных стандартаў, павышэнне якасці навучання, выхаваўчай работы, забеспячэнне здароўезберагальных тэхналогій і гарантаванне бяспекі навучэнцаў.

Асобна міністр адукацыі спыніўся на вучэбна-метадычным забеспячэнні агульнай сярэдняй адукацыі.

— Па даручэнні кіраўніка дзяржавы мы абнавілі ўсе школьныя вучэбныя пра­грамы, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Па іх ужо займаюцца навучэнцы 1—8 класаў. Цалкам на новыя праграмы мы пяройдзем да 2021/2022 навучальнага года.

Як заўважыў міністр, пры абнаўленні вучэбных праграм былі ўлічаны пажаданні педагогаў, бацькоў, меркаванні экспертаў. У прыватнасці, больш складаныя тэмы перанесены ў старшыя класы, альбо для вывучэння з базавага на павышаны ўзровень. Узгоднены вучэбныя праграмы па розных вучэбных прадметах, выключана дубліраванне вучэбнага матэрыялу. Акрамя таго, для настаўнікаў распрацаваны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу.

У адпаведнасці з праграмамі распрацоўваюцца і новыя падручнікі. Для гэтага створаны рабочыя групы, якія ў большасці складаюцца з настаўнікаў-практыкаў. Толькі за 3 апошнія гады абноўлены і выдадзены 144 дапаможнікі. Яшчэ 73 будуць абноўлены да пачатку новага навучальнага года. Міністр адзначыў, што ў педагагічным і навучэнскім асяроддзі вывучаліся меркаванні наконт абноўленай вучэбна-дапаможнай літаратуры і ў цэлым атрымана станоўчая ацэнка.

— Работа над праграмамі і падручнікамі будзе працягнута і далей на аснове аналізу практыкапрымянення, сучасных падыходаў і тэндэнцый, з улікам патрэбы грамадства і дзяржавы, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Гэты працэс ідзе бесперапынна і пастаянна адсочваецца.

Асаблівасцю бягучага навучальнага года стала ўвядзенне ва ўсіх 10-х класах прадмета “Працоўнае навучанне” (6 га­дзін у тыдзень). У рамках яго арганізавана прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў больш чым па 70 рабочых прафесіях. Заняткі праводзяцца на базе ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Па словах міністра, для старшакласнікаў гэтыя заняткі вельмі карысныя ў плане прафесійнага вызначэння, далейшай прафесійнай кар’еры, і, напэўна, многія падлеткі знойдуць сябе ў рабочых прафесіях. У наступным навучальным го­дзе прафесійная падрыхтоўка будзе арганізавана і ў 11-х класах.

У мінулым годзе Беларусь упершыню прыняла ўдзел у даследаванні PISA, у якім праверылі свой узровень ведаў каля 6 тысяч нашых навучэнцаў.

— Вынікі даследавання будуць вядомы ў хуткім часе, — паведаміў Ігар Васільевіч. — І яны для нас вельмі важныя, таму што мы плануем удасканальваць і сваю выніковую атэстацыю навучэнцаў. Існуючая форма выніковай атэстацыі ў школе выклікае дадатковую перагрузку навучэнцаў. Мы можам разгрузіць выпускнікоў 11 класа, увязаўшы па форме і змесце выпускныя экзамены са здачай цэнтралізаванага тэсціравання. Гэтае пытанне сёння на стадыі прапрацоўкі і абмеркавання.

Што тычыцца цэнтралiзаванага тэсцiравання, то, як заўважыў Ігар Васільевіч, парадак яго арганізацыі і правядзення застаецца ранейшым. Змяненні будуць тычыцца толькі сістэмы падліку балаў. Раней вызначаўся рэйтынг абітурыента сярод усіх, хто прайшоў тэсціраванне. Цяпер будуць вызначацца і рэйтынг, і супастаўляльнасць балаў ЦТ з выніковымі адзнакамі ў школе. А сама працэдура апрацоўкі вынікаў тэсціравання стане больш адкрытай і празрыстай. Абітурыенты на аснове размешчанай у адкрытым доступе інфармацыі аб першасных балах змогуць прагназаваць свой вынік.

Для выяўлення і падтрымкі таленавітых дзяцей і навучэнскай моладзі ў нашай краіне мяркуецца стварыць Нацыя­нальны дзіцячы тэхнапарк, дзе штогод зможа вучыцца каля дзвюх тысяч чалавек як ва ўмовах, спецыяльна створаных для вучобы, так і ў сферы навукова-тэхнічнай творчасці. Таксама будзе забяспечана дыстанцыйнае суправаджэнне юных талентаў.

— У гэтым напрамку мы будзем выкарыстоўваць вопыт Расійскай Федэрацыі, — адзначыў І.В.Карпенка. — Як вядома, нядаўна ў Сочы адбылася сустрэча міністраў адукацыі, культуры, спорту з прэзідэнтамі дзвюх краін. У час яе правядзення было прапанавана распрацаваць праграму абмену для навучання дзяцей і павышэння кваліфікацыі педагогаў на базе расійскага цэнтра “Сірыус” і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, які будзе ў нас стварацца, а таксама ў беларускім цэнтры “Зубраня”.

Аналізуючы стан спраў у вышэйшай школе, І.В.Карпенка адзначыў, што сёння на беларускія ўніверсітэты ўскладзена новая місія. Згодна з праектам “Універсітэт 3.0”, УВА закліканы забяспечыць інтэграцыю вышэйшай адукацыі, навукі і вытворчасці, стварыць і развіваць інавацыйную інфраструктуру для ўкаранення і экспарту навукова-тэхнічных распрацовак.

У структуры ўніверсітэтаў створана сетка інавацыйных падраздзяленняў, адкрыты новыя галіновыя лабараторыі, выконваюцца навукова-даследчыя, доследна-кан­структарскія і доследна-тэхналагічныя ра­боты, рэалізоўваюцца інавацыйныя маладзёжныя праекты. Наступным этапам стане стварэнне сеткавай формы ўзаема­дзеяння. Гэта дазволіць падрыхтаваць кадры для прыярытэтных сектараў эканомікі.

Увогуле ў сферы вышэйшай адукацыі перагледжаны і адкарэкціраваны пералік спецыяльнасцей згодна з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляе рынак працы. Адукацыйныя стандарты і тыпавыя вучэбныя праграмы зацвярджаюцца сумесна з заказчыкамі кадраў. Усе новыя вучэбныя планы па спецыяльнасці прадугледж­ваюць праходжанне практыкі з першага курса. У арганізацыях эканамічнай і сацыяльнай сферы створана і працуе больш за тысячу філіялаў кафедраў УВА, адкрываюцца адукацыйныя цэнтры вядучых сусветных кампаній.

Каб аптымізаваць II ступень вышэйшай адукацыі, уводзіцца адзіная праграма магістратуры для кадравага забеспячэння навукова-інавацыйнай сферы і сістэмы адукацыі. Для рэалізацыі гэтай задачы ўнесены змены ў нарматыўную прававую базу, у змест магістратуры, праграмы навучання.

— Мадэрнізацыя магістратуры бу­дзе накіравана на павышэнне яе якасці, эфектыўнасці і экспартнага патэнцыялу, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Вучыцца на магістранта павінны ісці толькі самыя здольныя, тыя, хто жадае займацца навукай і выкладаннем.

Міністр паведаміў, што за апошні час выкананы мерапрыемствы комплексу мер па павышэнні эфектыўнасці аспірантуры і дактарантуры, у тым ліку аптымізаваны пералік спецыяльнасцей пасляўніверсітэцкай адукацыі; пашырана да 20% падрыхтоўка па прыярытэтных спецыяльнасцях, неабходных для развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей V і VI укладаў эканомікі; распрацаваны сістэмы стымулявання аспірантаў, дактарантаў, саіскальнікаў, іх навуковых кіраўнікоў і кансультантаў.

Міністр адукацыі закрануў таксама пытанні ўкаранення інфармацыйных тэхналогій, лічбавай трансфармацыі ў сістэме адукацыі, падрыхтоўкі кадраў па ІТ-спецыяльнасцях і інш.

На сустрэчы была засяроджана ўвага на пытаннях выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі і гарантавання бяспекі ў навучэнскім асяроддзі.

— Згодна з распрацаваным комплексам мер па падтрымцы дысцыпліны, правапарадку ва ўстановах адукацыі і прафілактыкі супрацьпраўных паводзін, навучальныя ўстановы забяспечваюцца аўтаматычнымі сістэмамі кантролю, — паведаміў Ігар Васільевіч. — Працягваецца ўстаноўка трывожных кнопак, сістэм відэа­назірання.

Як было адзначана, ва ўстановах адукацыі з колькасцю звыш 50 навучэнцаў прадугледжаны стаўкі педагогаў-псіхолагаў. Сёння псіхолаг у школе па прычыне масавасці не можа працаваць са складанымі дэвіяцыямі, такімі як суіцыд, насілле, наркаманія і інш. Ён можа толькі выявіць гэтыя праявы і накіраваць да спецыяліста. У мінулым годзе было прынята палажэнне аб сацыяльна-педагагічным цэнтры, у адпаведнасці з якім яго спецыялісты забяспечваюць стварэнне комплекснай сістэмы псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім і іх законным прадстаўнікам.

Згодна з прынятай урадам пастановай аб парадку прызнання дзяцей, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным стане, цяпер гэтую функцыю выконвае не ўстанова адукацыі, а прымаецца калегіяльнае рашэнне адпаведных спецыялістаў пад кантролем органаў улады.

Для аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі для навучэнцаў, педагогаў і баць­коў з 2017 года створана і працуе група экстраннага рэагавання на крызісныя сітуацыі. Спачатку яна стваралася для работы ва ўстановах адукацыі закрытага тыпу, а цяпер яе функцыі будуць пашыраны. Плануецца скарэкціраваць Закон “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі” ў частцы выключэння абавязковай згоды законных прадстаўнікоў непаўналетніх ва ўзросце да 14 гадоў на атрыманне псіхалагічнай дапамогі.

Міністэрства адукацыі сумесна з МНС, МУС, Міністэрствам абароны і іншымі кіруючымі органамі пачалі распрацоўку тыпавога палажэння аб гарантаванні бяспекі навучэнцаў у месцах пражывання, па дарозе ва ўстанову адукацыі і ў адваротным кірунку, у самім будынку, на прылеглай тэрыторыі; у арганізацыі харчавання, у вольны ад вучобы час, у сетцы інтэрнэт і інш.

У структуры Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта плануецца адкрыць рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, дзе будзе арганізавана анлайн кругласутачнае аказанне экстраннай псіхалагічнай дапамогі дзецям, а таксама кансультаванне баць­коў. Будзе праводзіцца дыстанцыйнае кругласутачнае кансультаванне педагогаў-псіхолагаў па пытаннях аказання дапамогі ўдзельнікам адукацыйнага працэсу, узаемадзеянне з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі на месцах па пытаннях аказання псіхолага-педагагічнай дапамогі. Акрамя таго, мяркуецца зацвердзіць пералік прадметаў i рэчываў, якія будуць забаронены для захоўвання і выкарыстання навучэнцамі ва ўстановах адукацыі, увесці абмежаванне ў карыстанні сродкамі мабільнай сувязі ва ўстановах адукацыі і іншыя меры бяспекі.

У ходзе сустрэчы дэпутаты звярнуліся да І.В.Карпенкі з пытаннямі пра фінансаванне адукацыйнай галіны, будаўніцтва новых устаноў адукацыі, новыя кірункі маладзёжнай палітыкі, статус педагога і інш.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.