З улікам рэгіянальнай спецыфікі

- 12:09Навіны рэгіёнаў

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Баранавіцкага раёна адыгрывае важную ролю ў арганізацыі вольнага часу сельскіх школьнікаў, іх сацыялізацыі, выхаванні, развіцці творчых здольнасцей, далучэнні да грамадска значнай дзейнасці, фарміраванні эканамічнай культуры і інш. Вялікая працягласць раёна, аддаленасць ад большасці школ — не лепшыя ўмовы для паспяховай работы, але педагогам удалося выбудаваць сістэму супрацоўніцтва з установамі адукацыі і культуры, якая дазваляе даволі эфектыўна працаваць і даваць высокія вынікі.

— Аб’яднанні па інтарэсах дзейнічаюць нават у малакамплектных школах і ва ўстановах культуры, дзякуючы чаму цалкам задавальняюцца запыты дзяцей і іх баць­коў, — расказвае дырэктар цэнтра Ю.В.Вінаград. — Важна, што дадатковая адукацыя з’яўляецца практыка-арыентаванай. Заняткі вядуць майстры сваёй справы, якія ўмеюць зацікавіць выхаванцаў рознабаковай і карыснай дзейнасцю з улікам іх жаданняў і патрэб, стварыць умовы для фарміравання лідарскіх якасцей, развіцця творчага патэнцыялу і сацыяльных кампетэнцый. Працуючы пераважна з педагогамі-сумяшчальнікамі (94%), мы імкнёмся захаваць іх пастаянны склад, забяспечыўшы пераемнасць у навучанні.

Педагогі рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мастацкага, турыстычна-краязнаўчага, грамадска-гуманітарнага, фізкультурна-спартыўнага, эколага-біялагічнага, культурна-адпачынкавага, сацыяльна-педагагічнага і тэхнічнага профілю. На занятках па інтарэсах выхаванцы набываюць спецыяльныя веды і практычныя ўменні ў пэўных відах дзейнасці.

— Сёння ад цэнтра на базе ўстаноў адукацыі і культуры раёна працуюць 90 гурткоў, дзе займаецца каля 1,1 тысячы дзяцей (36% ад усіх вучняў), — гаворыць Ю.В.Вінаград. — Аб’яднанні па інтарэсах у цэнтры наведваюць 6 падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў ІСН, і 33 вучні з нядобранадзейных сем’яў. Найбольш шматлікі — мастацкі напрамак навучання (54 гурткі ахопліваюць каля 700 дзяцей). Школьнікі з задавальненнем займаюцца музычнай, выяўленчай, дэкаратыўна-прыкладной і харэаграфічнай творчасцю пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў, якія далу­чаюць іх да культурных здабыткаў і развіваюць творчыя задаткі. Многія адукацыйныя пра­грамы разлічаны на 3—5 гадоў. Сёння педагог дадатковай адукацыі А.В.Шмырына з Русіноўскай сярэдняй школы распрацоўвае аўтарскую праграму павышанага ўзро­ню па выяўленчай творчасці, арыентаваную на высокаматываваных дзяцей і накіраваную на пашырэнне іх спецыяльных ведаў і ўдасканаленне адпаведных навыкаў. Навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы творчых выстаў, конкурсаў і фестываляў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднага.

 Шмат увагі ўдзя­ляецца стварэнню адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для дзяцей з АПФР. Педагогі разві­ва­юць у іх камунікатыўныя навыкі, дапамагаюць ім асвоіць пэўныя ўменні ручной працы для далейшай прафесійнай дзейнасці. Так, з 2016 года на базе ЦКРНіР Баранавіцкага раёна дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах сацыяльна-педагагічнага профілю “Добрыя рукі” (кіраўнік А.М.Кісялёва), на занятках якога асаблівыя дзеці займаюцца выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Педагог працуе па індывідуальных праграмах дадатковай адукацыі для дзяцей з АПФР, створаных разам з педагогамі ЦКРНіР. У аснове праграм — прынцыпы адкрытых зносін і інтэнсіўнага ўспрымання, якія прадугледжваюць максімальнае выкарыстанне розных сенсорных каналаў у розным спалучэнні. Гэта дапамагае фарміраваць даверныя адносіны і ствараць сітуацыі поспеху. А.М.Кісялёва працуе ў цесным кантакце з педагогам-псіхолагам ЦКРНіР і бацькамі дзяцей, што дазваляе своечасова карэкціраваць работу па тэмах і раздзелах вучэбнага плана, дыягнаста­ваць дасягненні выхаванцаў, выпрацоў­ваць стратэгію далейшай дзейнасці.

— Работа аб’яднанняў па інтарэсах мае істотны адукацыйны, сацыяльны і нават тэрапеўтычны эфект, — адзначае Ю.В.Вінаград. — Даволі цікавым з’яўляецца вопыт дзейнасці педагога дадатковай адукацыі Г.М.Панарынай, якая ў мінулым годзе кіравала гуртком “Навуковае таварыства” на базе Гарадзішчанскай сярэдняй школы імя М.А.Скіпара. Работа гуртка вялася ў цесным супрацоўніцтве з БарДУ. Школьнікі былі частымі гасцямі і ўдзельнікамі пасяджэнняў студэнцкага навуковага таварыства, універсітэцкіх мерапрыемстваў, алімпіяды па псіхалогіі.

З мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання на базе Жамчужненскай сярэдняй школы дзейнічаюць гурткі “Парадна-цырыманіяльны атрад барабаншчыц” (кіраўнік Н.В.Бадзеракова) і “Наследники.by” (кіраўнік Г.І.Багдановіч), а на базе Русіноўскай сярэдняй школы працуе гурток “Зарнічка” (кіраўнік В.В.Іванюк).

Выхаванцы аб’яднання па інтарэсах тэхнічнага профілю “Зрабі сам” (кіраўнік В.В.Андрэйчыкаў), створанага на базе Мірскай сярэдняй школы, — неаднаразовыя ўдзельнікі і прызёры абласнога адкрытага турніру робататэхнікі “Робафэст”, Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект” і Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. 

19 гурткоў працуюць па турыстычна-краязнаўчым напрамку. З мэтай актывізацыі турыстычнай і краязнаўчай работы штогод (з верасня па чэрвень) праводзіцца турыяда.

Ёсць што паказаць і пра што раска­заць выхаванцам гуртка “Гісторыкі-края­знаўцы” (кіраўнік В.Р.Мініч), які дзейнічае на базе Карчоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Вучнёўскія даследаванні Туганавіцкага парку, каменя філарэтаў і жыццёвага шляху Марылі Верашчакі, а таксама археалагічныя раскопкі падмурка сядзібы Верашчакаў у Туганавічах леглі ў аснову многіх работ для навукова-практычных канферэнцый, мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі дзяцей і навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, абласных і рэспублікан­скіх краязнаўчых і патрыятычных акцый, пераможцамі якіх неаднаразова станавіліся карчоўскія школьнікі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.