З улікам розных інтарэсаў і захапленняў

Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі — шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі, якая працуе па турыстычна-краязнаўчым, эколага-біялагічным і тэхнічным напрамках. За амаль 65-гадовую гісторыю цэнтра ў ім знайшлі занятак для душы больш за 20 тысяч навучэнцаў.

Фота да матэрыяла: З улікам розных інтарэсаў і захапленняў.— Традыцыі турыстычна-краязнаўчай дзейнасці закладваліся ў 50—60-я гады мінулага стагоддзя, калі на Брэстчыне актыўна ствараліся турыстычныя базы і лагеры, школьныя музеі і станцыі юных турыстаў, — расказвае дырэктар цэнтра В.В.Скарына. — Моладзь удзельнічала ў краязнаўчых эстафетах і выставах, злётах юных турыстаў, турыстычна-краязнаўчых экспедыцыях і спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні.

У пачатку 80-х гадоў імкліва развівалася інфраструктура дзіцячага турызму. На Брэстчыне адкрываліся раённыя (гарадскія) станцыі (базы), якія патрабавалі высокакваліфікаваных кадраў. Педагогі вобласці павышалі спартыўную і турыстычную кваліфікацыю на розных зборах, рэгулярна ўдзельнічалі ў альпінісцкіх лагерах. Напрыканцы 80-х педагогі ажыццяўлялі да 60 катэгарыйных паходаў у год.

У 90-я гады развіваўся горна-пешаходны, лыжны і веласіпедны турызм. У 1991 годзе на тагачаснай абласной станцыі юных турыстаў адкрыўся краязнаўчы аддзел, работа якога вялася ў рамках Усебеларускай турыстычна-краязнаўчай экспедыцыі навучэнцаў “Наш край”, ініцыіраванай педагогамі Брэстчыны. Праводзіліся экалагічныя экспедыцыі “Рэкам і азёрам — чыстую ваду”, краязнаўчыя алімпіяды школьнікаў, конкурсы на лепшую краязнаўчую экспедыцыю, злёт і інш. Традыцыйнымі сталі вахты памяці, агляды школьных музеяў і палявыя летнікі. У першыя дзесяцігоддзі станаўлення і развіцця турыстычна-краязнаўчай работы на Брэстчыне было наладжана цеснае супрацоўніцтва з Валынскай вобласцю Украіны, якое працягваецца і сёння. Зборныя каманды вобласці — пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў, чэмпіянатаў, конкурсаў і фестываляў.

Фота да матэрыяла: З улікам розных інтарэсаў і захапленняў.— Па турыстычна-краязнаўчым профілі працуюць 3 аддзелы (краязнаўства, спартыўнага турызму і арыентавання, турыстычны), якія забяспечваюць работу адпаведных аб’яднанняў па інтарэсах, — гаворыць В.В.Скарына. — Краязнаўцы Брэстчыны актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах і конкурсах, якія праходзяць у рамках Рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, пошукава-даследчай дзейнасці, творчай і экспедыцыйнай рабоце. Асаблівая роля належыць абласной краязнаўчай алімпіядзе, дзякуючы якой афармляюцца прэзентацыі краязнаўчых маршрутаў, арганізоўваюцца конкурсы юных экскурсаводаў, распрацоўваюцца краязнаўчыя віктарыны і заданні камп’ютарнага тэсціравання, праводзяцца краязнаўчыя арыентаванні і апісанні архітэктурных помнікаў, музейных прадметаў і інш.

Летась ва ўстановах адукацыі вобласці быў рэалізаваны праект “Віртуальны музей”, мэта якога заключалася ў папулярызацыі школьных музеяў праз сайты і дэманстрацыі лепшых экспазіцый, створаных педагогамі і дзецьмі. У рамках праекта ствараліся электронныя каталогі, сферапанарамы, асобныя сайты музеяў. У праекце ўдзельнічалі 113 школьных музеяў.

Для каардынацыі дзейнасці юных краязнаўцаў і папулярызацыі краязнаўчай работы аддзел краязнаўства стварыў метадычны сайт “Школьнае краязнаўства Брэстчыны” (http://brestkraeved.blogspot.com.by/), дзе прэзентаваны рэгіянальны вопыт педагогаў дадатковай адукацыі і аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага профілю па пытаннях грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, навуковай і пошукавай работы, вывучэння роднага краю, сабраны лепшыя дзіцячыя работы адпаведнай тэматыкі розных гадоў, летапісы населеных пунктаў вобласці ў форме інтэрактыўнай карты.

Фота да матэрыяла: З улікам розных інтарэсаў і захапленняў.На аснове інтэрактыўных форм работы пабудаваны краязнаўчы марафон, які ўключае розныя мерапрыемствы з выхаванцамі аб’яднанняў па інтарэсах у шосты школьны дзень: квест-экскурсіі па гістарычных мясцінах Брэста і раздзелах экспазіцыі археалагічнага музея “Бярэсце”, турыстычна-краязнаўчыя злёты і навукова-практычныя канферэнцыі, віктарыну “Школа роднага краю” на базе ўстаноў адукацыі горада.

Штогод у вобласці праходзіць шэраг знакавых турыстычных мерапрыемстваў: Кубак Брэстчыны па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму памяці У.А.Прудзелюка, абласны чэмпіянат па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму памяці Д.М.Карбышава, абласное першынство па спартыўным скалалажанні, адкрытыя абласныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні “Брэсцкі падснежнік”, масавыя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні Оrient-Liga і інш. Гэтыя мерапрыемствы папулярызуюць актыўны адпачынак сярод моладзі, -умацоўваюць здароўе, павышаюць культурны ўзровень, дапамагаюць арганізаваць вольны час з карысцю і сфарміраваць зборныя каманды для ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, у прыватнасці да турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Так, летась каманда Брэстчыны ў агульным заліку стала лепшай сярод 40 каманд Беларусі і Расіі.

— Турызм — адзін з найбольш эфектыўных аздараўленчых спосабаў, які не толькі фарміруе здаровы лад жыцця ў моладзі, але і развівае важныя маральныя якасці, дапамагае сацыялізавацца і адаптавацца ў жыцці, — адзначае В.В.Скарына. — Турыстычны аддзел прапаноўвае экскурсіі, прысвечаныя розным пытанням гістарычнага мінулага і сучаснасці. З’яўляючыся часткай адукацыйнага працэсу, гэтыя экскурсіі адыгрываюць важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў, пашырэнні іх ведаў пра малую радзіму, яе гісторыка-культурныя, прыродныя і эканамічныя асаблівасці.

У дапамогу настаўнікам-прадметнікам і класным кіраўнікам выпушчаны даведнік тэматычных экскурсій па Брэстчыне, складзены ў адпаведнасці з адукацыйнай праграмай “Вучымся, падарожнічаючы”. Метадычны дапаможнік надзвычай запатрабаваны сярод педагогаў.

***

Фота да матэрыяла: З улікам розных інтарэсаў і захапленняў.У цэнтры праводзіцца вялікая работа па развіцці тэхнічнай творчасці навучэнцаў па перспектыўных напрамках навукі і тэхнікі. На жаль, з-за аптымізацыі ўстаноў дадатковай адукацыі ў вобласці не засталося профільных устаноў тэхнічнага напрамку, што стварае пэўныя цяжкасці ў арганізацыі адпаведнай дзейнасці.

— Тэхнічная творчасць адыгрывае важную ролю ў прафарыентацыі школьнікаў, — расказвае В.В.Скарына. — У аб’яднаннях па інтарэсах навучэнцы знаёмяцца з прафесіямі праграміста, інжынера-канструктара, рабочага станкоў з ЧПК і інш. Акрамя таго, рэалізоўваецца праект, які прадугледжвае інтэграцыю рэсурсаў і прыцягненне спонсарскіх сродкаў розных арганізацый для развіцця ІТ-тэхналогій, радыёэлектронікі і робататэхнікі. Ствараюцца інавацыйныя пляцоўкі па ўкараненні ў адукацыйны працэс інфармацыйных, камп’ютарных і электронных тэхналогій.

У даследчай дзейнасці школьнікаў актыўна выкарыстоўваюцца метады праектна-арыентаванага навучання, што дазваляе асвойваць на практыцы тэхналагічны ланцужок ад зараджэння інавацыйнай ідэі да стварэння камерцыйнага прадукта, а таксама навучыцца прэзентаваць яго патэнцыяльным інвестарам. Атрыманыя веды запатрабаваны ў Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”. Педагогі дадатковай адукацыі рыхтуюць дзяцей да абароны сваіх мадэлей і праектаў па тэхнічным мадэляванні, энергетыцы і электратэхніцы, экалогіі і рацыянальным прыродакарыстанні, робататэхніцы, аўтаматыцы і інтэлектуальных сістэмах, інфармацыйных тэхналогіях і інш.

Важным напрамкам выхаваўчай работы з’яўляецца арганізацыя выстаў тэхнічнай творчасці, якія дапамагаюць падтрымаць адораных навучэнцаў, распаўсюдзіць цікавы педагагічны вопыт і інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, прапагандаваць дзіцячую тэхнічную творчасць. Зборныя каманды вобласці паказваюць добрыя вынікі па авія-, судна- і ракетамадэльным спорце, радыётэлеграфіі. Так, па выніках мінулагодняга чэмпіянату свету па скораснай радыётэлеграфіі ў Македоніі прадстаўнікі Брэстчыны заваявалі 1-е месца ў асабістым заліку і 12 залатых медалёў у розных намінацыях.

***

Шмат увагі ўдзяляецца экалагічнаму выхаванню. У школах вобласці працуюць эколага-біялагічныя аб’яднанні па інтарэсах: школьныя лясніцтвы, экалагічныя атрады, зялёныя патрулі, атрады па азеляненні і інш. Дзеці займаюцца практычнай, даследчай, праектнай і творчай дзейнасцю.

Эфектыўным сродкам выхавання і прапаганды ў галіне энергазберажэння з’яўляецца ўдзел у Міжнародным конкурсе школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”.

— Асаблівая ўвага ўдзяляецца сучасным напрамкам экалагічнай адукацыі: экалогіі ландшафтаў, фларыстычнаму і ландшафтнаму дызайну, — гаворыць В.В.Скарына. — Творчы патэнцыял навучэнцаў раскрываецца праз фітамастацтва. Ужо другі год у вобласці рэалізоўваецца адукацыйны праект дыстанцыйнага навучання “Экалогія ў творчым фармаце”, дзякуючы якому ствараюцца ўмовы для набыцця новых ведаў і ўменняў у галіне кветкаводства і фітадызайну, аказваецца метадычная і практычная дапамога педагогам па пытаннях фларыстычнай творчасці, развіваецца матывацыя да вывучэння экалагічных і біялагічных асаблівасцей розных раслін, прынцыпаў кампазіцыйнага і колеравага рашэнняў пры афармленні прасторы, увасабляюцца ўласныя творчыя ідэі. Праект атрымаў станоўчыя водгукі сярод педагогаў, якія змаглі самарэалізавацца ў творчым плане, павысіць прафесійнае майстэрства, абмяняцца вопытам.

Штогод у рамках праекта распрацоўваюцца два завочныя і вочны этапы. Удзельнікі атрымліваюць заданні, вывучаюць тэорыю па пэўных тэмах і выконваюць практычныя даследаванні пад кіраўніцтвам спецыялістаў. На кожным завочным этапе вызначаюцца лепшыя работы, якія адпавядаюць яго тэме і сучасным патрабаванням фларыстычнага дызайну. На вочны этап запрашаюцца ўдзельнікі, якія паспяхова выканалі заданні папярэдніх этапаў. Летась педагогі вывучалі асновы фітадызайну, выраблялі фларыстычны калаж і стваралі кветкавую кампазіцыю, а сёлета спасцігалі сакрэты фітадызайну ў інтэр’еры школьнага кабінета (вертыкальнае азеляненне: фітакарціна, какедама, зялёная сцяна). Вялікую цікавасць у педагогаў выклікаюць тэматычныя майстар-класы. Набытыя веды па фітадызайне ўвасоблены ў творчых работах, якія ўпрыгожваюць школьныя кабінеты і рэкрэацыі.

У наступным годзе ўдзельнікі праекта будуць займацца творчымі пошукамі ў галіне школьнага ландшафта. Плануецца, што работа па кветкаводстве і ландшафтным дызайне актывізуе дзейнасць устаноў адукацыі па стварэнні на іх тэрыторыі адметных дэкаратыўных элементаў, малых архітэктурных форм і спецыялізаваных участкаў. Добраўпарадкаванне і азеляненне школьнай тэрыторыі — важны напрамак экалагічнага выхавання навучэнцаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота з архіва цэнтра.