З упэўненасцю — у заўтрашні дзень беларускай школы

- 11:58Рознае, Якасць адукацыі

Завяршыўся першы год работы педагагічных класаў, якія былі адкрыты ў 111 школах рэспублікі. Падвесці папярэднія вынікі іх дзейнасці, акрэсліць праблемы, з якімі сутыкнуліся кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі і навучэнцы, у сценах вядучай педагагічнай ВНУ краіны — БДПУ імя Максіма Танка — на І Рэспубліканскай канферэнцыі “Педагагічныя класы: вопыт, праблемы, перспектывы” сабраліся вучоныя, педагогі-практыкі, школьнікі. У канферэнцыі прынялі ўдзел Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Іванавіч Сягоднік, намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка.

Па словах Р.С.Сідарэнка, праект педагагічных класаў з’яўляецца адным з перспектыўных праектаў Міністэрства адукацыі. “Мы ўдзячны педагагічнаму ўніверсітэту, які ўзяўся за няпростую справу аб’яднаць усю краіну, каб выбраць самых лепшых, самых адданых навучэнцаў, тых, хто пабудуе нашу будучыню, — будучых педагогаў, — адзначыла Раіса Станіславаўна. — Прафесія педагога самая шчаслівая, самая яркая і самая важная на Зямлі. Перад сустрэчай я праглядала матэрыялы, якія тычацца дзейнасці педагагічных класаў, і мне асабліва запомніўся відэаролік сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска. Ваўкавыскія школьнікі сустракаліся з прадстаўнікамі розных прафесій. Прадстаўнік МНС гаварыў, што плюс яго прафесіі — у магчымасці праявіць рысы характару, якія ў звычайным жыцці не заўсёды могуць раскрыцца; работнік банка адзначыў, што галоўны плюс яго прафесіі — зносіны з людзьмі і магчымасць выкарыстання ІКТ; правізар падкрэсліў, што толькі добры чалавек можа працаваць у аптэцы, яго галоўная якасць — уменне любіць людзей; супрацоўнік міліцыі зазначыў, што галоўная перавага яго прафесіі — гэта калектыў. У прафесіі педагога ёсць усё гэта і яшчэ мноства іншых плюсоў”.


Пленарнае пасяджэнне адкрыў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. Па яго словах, па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў 2015 годзе былі распрацаваны і зацверджаны дакументы, якія вызначаюць вектары развіцця бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У першую чаргу гэта канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі на 2015—2020 гады і план мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Для рэалізацыі канцэпцыі ў краіне створаны вучэбна-навукова-інавацыйны кластар бесперапыннай педагагічнай адукацыі. І адна з яго задач — прыцягненне ў педпрафесію матываванай інтэлектуальна-падрыхтаванай і духоўна-развітой моладзі, якая займае актыўную грамадзянскую і жыццёвую пазіцыю. Гаворка ідзе аб арганізацыі дапрофільнай і профільнай работы з навучэнцамі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі.

Пэўны вопыт профільнай педагагічнай падрыхтоўкі школьнікаў назапашаны ў нашай краіне. У айчыннай сістэме адукацыі педкласы з’явіліся яшчэ ў 80-х — пачатку 90-х гадоў. Стварэнне такіх класаў было абумоўлена дэфіцытам педкадраў і невысокім конкурсам на шэраг педагагічных спецыяльнасцей. У гэтыя гады ў педкласах разам з агульнашкольнымі прадметамі навучэнцы вывучалі факультатыўныя курсы па педагогіцы і псіхалогіі, выпускнікі педкласаў мелі магчымасць паступаць у ВНУ на педспецыяльнасці на льготных умовах па сістэме сумешчаных экзаменаў. У 1992 годзе ў Мінску была адкрыта педгімназія. Першым яе дырэктарам была Г.І.Дабрынеўская. Большасць выпускнікоў гэтай гімназіі рабілі ўсвядомлены выбар на карысць педагагічнай прафесіі.

У апошнія гады назіраецца павышэнне цікавасці да педагагічнай прафесіі. Па-першае, у грамадстве, асабліва ў сродках масавай інфармацыі, сталі ўсё часцей уздымаць тэму адраджэння прэстыжу прафесіі настаўніка. Па-другое, у нашай краіне ўсё больш адчуваецца дзяржаўная падтрымка педагога, што робіць настаўніцкую прафесію канкурэнтаздольнай і прыцягальнай на рынку працы.

Аляксандр Іванавіч засяродзіў увагу прысутных і на тым, што ідэя падрыхтоўкі навучэнцаў да педпрафесіі становіцца ўсё больш папулярнай і за мяжой. У Еўропе лідзіруючую пазіцыю па практычным укараненні ідэі профільнай педпадрыхтоўкі займае Чэхія, у якой у 2011 годзе стартаваў праект па арганізацыі работы педагагічных ліцэяў. Ва ўстановах трынаццацігадовага навучання рэалізоўваюцца тры мадэлі профільнага навучання: чатырохгадовая праграма інтэграванай педагагічнай агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі пачынаючы з 10 класа, шасцігадовая праграма з 8 класа і васьмігадовая праграма з 6 класа. Выпускнікам педшкол і ліцэяў прысвойваецца кваліфікацыя выхавальніка дзіцячага сада, кіраўніка дзіцячага гуртка, памочніка выхавальніка, а таксама прадастаўляецца права прывілеяванага паступлення ў педагагічныя ВНУ. Яшчэ адзін прыклад профільнай педпадрыхтоўкі — вопыт Адкрытага ўніверсітэта Вялікабрытаніі. У ім з 2005 года адкрыты дзевяцімесячны ўводны курс “Уводзіны ў педагагічную дзейнасць” для навучэнцаў ва ўзросце 12—19 гадоў. У гэтым курсе раскрываюцца сутнасць і каштоўнасці педпрафесіі, функцыі і абавязкі педагогаў. Курс выкладаецца ў форме цьютарыяла, і навучэнцы маюць доступ да электронных вучэбных рэсурсаў. Формай кантролю вучэбных дасягненняў з’яўляюцца пісьмовая работа і выніковае эсэ. Пасля заканчэння курса выпускнікам налічваюцца 30 крэдытаў, якія затым улічваюцца пры атрыманні педадукацыі ва ўніверсітэце.

Як адзначалася, у Беларусі для арганізацыі педагагічных класаў праведзена вялікая арганізацыйна-метадычная работа. У выніку ўжо сёлета іх створана больш за 100 ва ўсіх рэгіёнах і ў сталіцы. Для навучэнцаў ствараюцца ўмовы для ўсвядомленага выбару педспецыяльнасцей на аснове глыбокага пагружэння ў свет будучай прафесіі. Акрамя вывучэння профільных прадметаў на павышаным узроўні, вучні асвойваюць абавязковы курс факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, разлічаны на два гады. Факультатыў накіраваны на развіццё матывацыі да педдзейнасці, педздольнасцей, сацыяльных кампетэнтнасцей, псіхалагічнай культуры. Ён дае магчымасць навучэнцам ажыццявіць дыягностыку ўласных педагагічных здольнасцей, а педкалектыву школы аб’ектыўна ацаніць максімальную здатнасць навучэнца да педагагічнай дзейнасці. Па-першае, навучэнец ўдзельнічае ў розных відах педпрактыкі — так званых педагагічных спробах: наведвае ўрокі настаўнікаў, праводзіць мікрадаследаванні, арганізоўвае гульні на перапынках, рыхтуе і праводзіць выхаваўчыя мерапрыемствы, фрагменты ўрокаў, практыкуецца ў школьным лагеры, валанцёрскай дзейнасці і г.д.

Як адзначыла рэктар Гродзенскага абласнога ІРА Святлана Антонаўна Сяргейка, у рэгіёне адкрыты 23 педагагічныя класы практычна ва ўсіх раёнах вобласці. Факультатыў вядуць настаўнікі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, педагагічны стаж якіх — больш за 20 гадоў, пераважна настаўнікі-філолагі, настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства і педагогі-псіхолагі. Асноўныя формы і метады работы, што выкарыстоўваюцца настаўнікамі Гродзеншчыны на факультатывах, — дыскусія, трэнінг, гутарка і гульня. У Карэліцкім раёне ўпор робіцца на сустрэчы навучэнцаў з пераможцамі конкурсу “Настаўнік года”, у Ленінскім раёне Гродна — на наведванне дзён адкрытых дзвярэй ВНУ, у Савецкім раёне — на семінары, вэбінары, стварэнне ролікаў і мультфільмаў аб педагагічнай прафесіі, у Мастоўскім раёне — на прафіляванне школьнага курса літаратуры.

У сярэдняй школе № 126 Мінска традыцыйным стала правядзенне дзён самакіравання, у межах якіх кожны навучэнец педкласа мае магчымасць праверыць і развіць свае арганізатарскія здольнасці, арганізоўваюцца сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі, сярод якіх ёсць і выпускнікі школы. Навучэнцы дапамагаюць педагогам у правядзенні мерапрыемстваў шостага школьнага дня, арганізоўваюць дзейнасць малодшых школьнікаў групы прадоўжанага дня. Кожны навучэнец на працягу навучання ў педкласе стварае ўласнае партфоліа “Я — педагог”, у якім фіксуюцца вынікі вучэбнай і педдзейнасці (эсэ, творчыя заданні, даныя самадыягностыкі). На падставе партфоліа навучэнец атрымае разгорнутую характарыстыку і рэкамендацыю педсавета школы для паступлення.

У сярэдняй школе № 6 Мінска назапашаныя навучэнцамі матэрыялы (тэкставыя, графічныя, аўдыя, відэа) змяшчаюцца ў электронным партфоліа, а ў сталічнай гімназіі № 20 навучэнцы педкласаў вядуць блогі.

Сёлета чатыры ўстановы рэспублікі (сярэднія школы №№ 6, 126, гімназія № 20 Мінска, а таксама Жамчужненская сярэдняя школа Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) набылі статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара. Сёння тут канцэнтруецца эфектыўны педагагічны вопыт.

Як адзначылі кіраўнікі навучальных устаноў, навучэнцы педкласаў могуць ганарыцца і сваімі поспехамі. Так, навучэнцы педкласа сярэдняй школы № 6 Мінска былі ўдастоены дыпломаў і грамат за паспяховы ўдзел у Рэспубліканскай НПК студэнтаў і навучэнцаў “Актуальныя праблемы сацыяльна-гуманітарных ведаў” і Рэспубліканскай НПК “Студэнцкая навука і інавацыйны патэнцыял будучыні”. Навучэнцы сярэдняй школы № 126 Мінска сталі пераможцамі на VI Міжнародным конкурсе даследчых работ навучэнцаў і студэнтаў (Чэбаксары).

Падводзячы прамежкавыя вынікі работы педкласаў, А.І.Жук падкрэсліў, што арганізаваная сістэмная падтрымка старшакласнікаў у прафесійным самавызначэнні сродкамі факультатыўных заняткаў сябе апраўдала. Вопыт пройдзенага навучальнага года паказаў, што дасягненне мэт і задач у рабоце педкласаў у многім залежыць ад настаўніка. У сувязі з гэтым першачарговае значэнне павінна ўдзяляцца вучэбна-метадычнай падрыхтоўцы кадраў, якія будуць працаваць у педкласах. У цяперашні час у дапамогу педагогам вучоныя БДПУ імя Максіма Танка і педагогі з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта распрацавалі метадычнае суправаджэнне факультатыўных заняткаў для 10 класа. Кожная тэма модуля прадстаўлена ў выглядзе трох блокаў: змястоўны блок, які ўтрымліваае тэорыю пытання; тэхналагічны блок, які змяшчае змест асноўных форм, метадаў і прыёмаў арганізацыі заняткаў; рэфлексіўны блок, які забяспечвае пастаяннае асэнсаванне асобаснай значнасці выбару педпрафесіі. Да канца чэрвеня завяршаецца работа над стварэннем метадычнага суправаджэння факультатыву для 11 класа. Для педагогаў, якія вядуць факультатыў, арганізавана пастаяннае навучанне на мэтавых курсах павышэння кваліфікацыі на базе ІПК універсітэта, а таксама абласных інстытутаў развіцця адукацыі. БДПУ таксама выступіла арганізатарам серыі круглых сталоў, вэбінараў з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі, педагогаў устаноў адукацыі. Такія формы прафесійных зносін неабходны ў плане навукова-метадычнай падтрымкі і кіраўнікоў школ, і педагогаў-практыкаў.

Якія перспектывы ўдасканалення дзейнасці педкласаў? Па-першае, пашырэнне супрацоўніцтва школ, у якіх адкрыты педкласы і ВНУ, што ажыццяўляюць падрыхтоўку па педспецыяльнасцях. Напрыклад, у БДПУ імя Максіма Танка заключана дамоўленасць аб супрацоўніцтве з 40 школамі і гімназіямі Мінска і Мінскай вобласці, у якіх адкрыты педкласы і педгрупы. Такія пагадненні ўзаемавыгадныя: для школы — гэта моцная метадычная навуковая падтрымка, а для ВНУ — база для педпрактыкі, эксперыментальная і інавацыйная пляцоўка для псіхолага-педагагічных даследаванняў для студэнтаў, аспірантаў, вучоных. Па-другое, стварэнне сістэмы маніторынгу педагагічнага суправаджэння работы педкласаў, распрацоўка і ўкараненне праграм курсаў павышэння кваліфікацыі для кіраўнікоў школ і педагогаў, якія вядуць факультатыўныя заняткі. Важная і работа з бацькамі навучэнцаў. Для школы, якая арганізоўвае профільную педпадрыхтоўку, бацькі з’яўляюцца стратэгічным саюзнікам. Важна інфармаваць бацькоў аб перавагах і перспектывах навучання ў педкласах. А таму працягваецца стварэнне ў адкрытым доступе банка інавацыйнага вопыту работы педкласаў.

У змястоўным і метадычным планах перспектыўнымі з’яўляюцца распрацоўка сістэмы кантролю і ацэнкі дасягненняў навучэнцаў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі (плануецца ўвядзенне заліковых кніжак), узмацненне практычнага складніка факультатыўных заняткаў. Гаворка ідзе аб інтэграцыі профільнага навучання з прафарыентацыйнай работай у школе.

На канферэнцыі падкрэслівалася, што ў цяперашні час разглядаецца пытанне аб прыёме без уступных выпрабаванняў і ЦТ выпускнікоў, якія прайшлі навучанне ў педкласах і групах. Прэтэндэнты на льготнае паступленне на педспецыяльнасці, акрамя абавязковага асваення факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, павінны таксама мець у атэстаце добрыя і выдатныя адзнакі — не ніжэй за 7 балаў, а па прадметах профільных выпрабаванняў — не ніжэй за 8 балаў.

Сёння актуальным становіцца пытанне аб прапедэўтычнай рабоце з навучэнцамі на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі па арыентацыі на ўсвядомлены выбар педпрофілю ў 10—11 класах. На думку А.І.Жука, мэтазгодна пачынаючы ўжо з 5 класа пераходзіць да пошуку і адбору таленавітых вучняў, здольных прысвяціць сябе педагагічнай прафесіі. “Сёння ў краіне ёсць установы, якія гатовы на сваёй базе стварыць педагагічную гімназію, якая прадугледжвае арыентацыю школьнікаў на педпрафесію пачынаючы з 5 класа. У перспектыве ў кожным рэгіёне хацелася б адкрыць хаця б па адной педагагічнай гімназіі, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — Зараз прапрацоўваецца пытанне аб адкрыцці педліцэя пры БДПУ для навучэнцаў старшых класаў”. Руху ў гэтым напрамку будзе садзейнічаць рэалізацыя ў 2016—2018 гадах рэспубліканскага эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені”. У эксперыменце будуць удзельнічаць 15 школ і гімназій з усіх рэгіёнаў краіны. У выніку будуць вызначаны найбольш эфектыўныя формы і метады, распрацаваны дыдактычныя комплексы для арганізацыі дапрофільнай метадычнай падрыхтоўкі навучэнцаў 5—9 класаў.

“Перспектыва прыцягнення да атрымання педагагічнай спецыяльнасці найбольш падрыхтаваных навучэнцаў школ, якія зрабілі ўсвядомлены выбар, стварае перадумовы для ўстойлівага развіцця сістэмы педагагічнай адукацыі ў нашай краіне, — падкрэсліў А.І.Жук. — А значыць, мы зможам з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень беларускай школы”.

***

У межах мерапрыемства адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне педагогаў — пераможцаў конкурсу на лепшую метадычную распрацоўку факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію. 10—11 класы” і навучэнцаў за лепшую віртуальную візітоўку педагагічнага класа, а таксама прэзентацыя педагогамі свайго вопыту. Удзельнікам і гасцям мерапрыемства прапаноўваліся розныя формы работы: выстава дасягненняў педагагічных класаў, дыскусійныя пляцоўкі па праблемах арганізацыі і псіхолага-педагагічнай падтрымкі дзейнасці профільных класаў педагагічнай накіраванасці, майстар-класы па правядзенні факультатыўных заняткаў, кабінеты экспертаў па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў, трэнінгі па развіцці лідарскіх якасцей навучэнцаў і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.