З усмешкай і дабрынёй

Агульнашкольнае мерапрыемства, потым — рэспубліканскі конкурс, праз некалькі дзён — зноў агульнашкольнае выхаваўчае мерапрыемства, пасля трэба рыхтавацца да канцэрта з нагоды дзяржаўнага свята і адначасова прадумваць праграму ўдзелу ў тэматычнай акцыі, не забываючы пра хуткі месячнік карысных спраў… Менавіта ў такім рытме працуе 11 год педагогам-арганізатарам сярэдняй школы № 4 Асіповіч Кацярына Пятроўна Шалупенка.

Не кожны вытрымае гэты напружаны графік, асабліва калі ты яшчэ і настаўнік-прадметнік. Быць педагогам-арганізатарам — сапраўдны подзвіг, няпростая штодзённая праца. Але праца цікавая. Больш за тое! Калі твая душа напоўнена талентамі (якія хочаш перадаць дзецям), калі тваё крэатыўнае сэрца гарыць-палае сотнямі ідэй (якія прагнеш рэалізаваць), гэтая напружаная праца становіцца святам. Святам для цябе, тваіх калег, вучняў, іх бацькоў.

Кожнае выхаваўчае мерапрыемства ў сярэдняй школе № 4 Асіповіч і ёсць сапраўднае свята, якое праводзіцца ярка, незабыўна, арыгінальна. Кожны рэспубліканскі конкурс для асіповіцкіх вучняў, у якіх яны ўдзельнічаюць пад кіраўніцтвам Кацярыны Пятроўны, таксама з’яўляецца святам, бо традыцыйна па выніках кожнага конкурсу яны займаюць прызавыя месцы. За апошнія два гады дыпломы былі атрыманы за ўд зел у конкурсах фотаработ “Зямля пад белымі крыламі” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Прыдняпроўская палітра” і “Бадзяжныя жывёлы: мы адчуваем…” (арганізатар — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова), конкурсе па лініі БРСМ “Я люблю Беларусь”, выставе-конкурсе “АрхНавацыя”, конкурсе відэаролікаў “Стоп-кадр” на тэму энергазберажэння. Гэта далёка не поўны пералік усіх дасягненняў. За шматгадовую плённую працу па выхаванні падрастаючага пакалення Кацярына Пятроўна ў 2018 годзе была ўзнагароджана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, прысвоена педагогу-арганізатару і вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя.

Каб правесці выхаваўчае мерапрыемства на высокім узроўні, патрэбен талент арганізатара, рэжысёра, сцэнарыста. Вучоба па спецыяльнасці “Народная творчасць” у Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў якраз і дапамагае Кацярыне Пятроўне напоўніць выхаваўчы працэс святочным настроем. Карысным аказаўся і вопыт работы ў клубнай сістэме сферы культуры, адкуль Кацярына Пятроўна прыйшла ў школу. Там работа таксама была цікавай, аднак менавіта ў школе Кацярына Пятроўна змагла сябе творча рэалізаваць, раскрыць і ўдасканаліць свае таленты. І ў першую чаргу любоў да фотамастацтва. Некалькі гадоў у сярэдняй школе № 4 Асіповіч пад кіраўніцтвам нашай гераіні дзейнічае гурток “Фоташопзнайкі”. На яго занятках дзеці не толькі асвойваюць папулярны фотарэдактар, але і вучацца выбіраць для сваіх здымкаў удалы ракурс, заўважаць імгненні, якія больш ніколі не паўторацца.

Якім бы таленавітым ні быў педагог-арганізатар, без падтрымкі калег яму не абысціся. Усе выхаваўчыя мерапрыемствы, канцэрты, святы, якія праводзяцца ў школе, — гэта вынік сумеснай дзейнасці педагагічнага калектыву. Ад зін з сакрэтаў, чаму Кацярына Пятроўна паспяхова працуе столькі гадоў педагогам-арганізатарам, заключаецца не толькі ў любові да сваёй справы, але і ў падтрымцы з боку дырэктара школы Ганны Пятроўны Маісеенка. Гэтая падтрымка не толькі маральнага плана. За прызавыя месцы ў конкурсах, згодна з калектыўным дагаворам, педагог-арганізатар атрымлівае фінансавае заахвочванне. Так што стымул паказваць высокія вынікі ёсць. Як і ёсць умовы для прафесійнага росту.

— У школе я знайшла сябе, сюды заўсёды іду з усмешкай. Гэта ж так цудоўна! Мне заўсёды радасна прыходзіць у школу, бо ведаю, што тут мяне чакае шмат карысных спраў. Узяць для прыкладу конкурсы. Які гонар заваяваць прызавое месца на рэспубліканскім, міжнародным, ды нават раённым узроўні, тым самым павысіць прэстыж сваёй школы! Радасна прыходзіць у школу і таму, што тут цябе чакаюць зацікаўленыя дзеці. Дзверы ў мой кабінет ніколі не зачыняюцца. Кожны перапынак сюды заходзяць вучні, каб заняцца карыснай справай, ды і проста павітацца, сказаць ласкавае: “Добры дзень, Кацярына Пятроўна!” — гаворыць педагог.

Сакрэт радаснага настрою нашай гераіні вельмі просты. На яе думку, паспяхова працаваць педагогам-арганізатарам чалавек лянівы проста не зможа. Важна старацца, тады ўсё атрымаецца. Нават калі ты нечага не ўмееш, настойлівасць і працавітасць абавязкова прынясуць плён. Толькі дзякуючы сваёй працавітасці, Кацярына Пятроўна паспяхова асвоіла праграмы для апрацоўкі фотаздымкаў, мантажу відэаролікаў, стварэння банераў. Дарэчы, банер “З жыцця школы…”, які вы бачыце на фотаздымку за спінай педагога і яе выхаванцаў — вучняў 6 “А” класа, быў створаны нашай гераіняй у 2016 годзе да 50-годдзя сярэдняй школы № 4 Асіповіч.

— Калі ёсць жаданне ствараць, укладваць у сваю прафесію душу, то ўсё атрымаецца. А яшчэ абавязковай рысай характару педагога-арганізатара павінна быць дабрыня. Працаваць з дзецьмі, гэтымі светлымі іскрынкамі, без дабрыні немагчыма. Яны адчуваюць дабро, цягнуцца да дабрыні. Калі педагог-арганізатар адносіцца ветліва, з усмешкай да вучня, то ў адказ ён атрымае ў некалькі соцень разоў больш станоўчых эмоцый. Педагогу-арганізатару важна быць для вучня сябрам, — лічыць Кацярына Пятроўна.

Зіма — напружаны час для педагога-арганізатара. Дзень снегу, Новы год, Каляды, Стары Новы год, 15 і 23 лютага — працэс падрыхтоўкі агульнашкольных мерапрыемстваў з нагоды зімовых свят і памятных дат практычна бесперапынны. Не кожны педагог зможа працаваць у такім рытме. Таленавіты і працавіты педагог-арганізатар — гэта сапраўдны скарб. Чацвёртай асіповіцкай школе на гэты скарб пашчасціла.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.