З узаемнай карысцю

- 15:44Брэстчына, Прэс-тур

Больш за 35 гадоў Брэсцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж прыборабудавання рыхтуе кадры, запатрабаваныя ў прамысловасці і на рынку страхавых паслуг вобласці. У савецкі час установа стваралася для патрэб Брэсцкага электралямпавага завода і Брэсцкага машынабудаўнічага завода (і нават знаходзілася на іх тэрыторыі), але паступова пашырыла пералік спецыяльнасцей і базу прадпрыемстваў з улікам запытаў эканомікі. Сёння каледж рыхтуе электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрамантажнікаў па электраабсталяванні, сілавых і асвятляльных сетках, слесараў-рамонтнікаў, наладчыкаў тэхналагічнага абсталявання, слесараў механазборачных работ і страхавых агентаў.

— Выпускнікі нашай установы паспяхова працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях рознай формы ўласнасці: ААТ “Брэсцкі электралямпавы завод”, ААТ “Брэстмаш”, ААТ “Брэсцкі электрамеханічны завод”, ААТ “Брэстэлектрамантаж”, ААТ “Брэсцкі мясакамбінат”, ААТ “Берасцейскі пекар”, страхавых кампаніях, — расказвае дырэктар кале­джа М.А.Шляжко. — Многія з іх — нашы даўнія і надзейныя партнёры. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, паляпшаецца вучэбна-матэрыяльная база ўстановы, што дазваляе паспяхова вырашаць многія вучэбна-вытворчыя задачы. Майстэрні аснашчаны сучасным абсталяваннем. Сёння ў каледжы ажыццяўляецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі развіцця прафесійных кампетэнцый навучэнцаў у працэсе тэхнічнай творчасці, рацыяналізатарскай і вынаходніцкай дзейнасці. З 2013 года наладжана супрацоўніцтва з сярэдняй прафесійнай тэхнічнай школай Прэшава (Славакія). Падпісана пагадненне аб міжнародным супрацоўніцтве, якое прадугледж­вае абмен вопытам па прафарыентацыі моладзі і прафесійнай падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў па роднасных спецыяльнасцях, пашырэнне культурных і гістарычных сувязей паміж краінамі, правядзенне сумесных мерапрыемстваў культурнага, навукова-даследчага і выхаваўчага характару. Падчас візітаў мы з цікавасцю знаёмімся з напрацоўкамі славацкіх калег, а яны з нашымі. Карысць ад гэтага ўзаемная.

Напрыканцы мая педагогі і лепшыя навучэнцы каледжа, якія асвойваюць спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”, пабывалі з чарговым візітам у Прэшаве, дзе азнаёміліся з горнай прыродай, архітэктурнымі, гістарычнымі і культурнымі помнікамі славацкага горада, арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў партнёрскай школе з 70-гадовай гісторыяй. Ва ўстанове рыхтуюць механікаў машын з лічбавым праграмным забеспячэннем, механікаў пажарнай тэхнікі, тэхнікаў энергазабеспячэння будынкаў, інфармацыйных і тэлекамунікацыйных тэхналогій, сталяроў, муляраў, цесляроў і электрамеханікаў. Падчас практычных заняткаў у школьных лабараторыях навучэнцы займаліся мантажом цёплай падлогі, паялі мікрасхемы, вымяралі радыёэлементы, збіралі схемы з прахаднымі выключальнікамі па еўрапейскай тэхналогіі. Славацкія педагогі адзначылі добрую прафесійную падрыхтоўку беларускай моладзі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.