З узнагародамі і прафесійнымі рэцэнзіямі

Беларускія школьнікі сталі ўдзельнікамі, пераможцамі і лаўрэатамі Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, які ў першай палове красавіка праходзіў у Маскве.

Мінскую вобласць прадстаўлялі шэсць чалавек, і дыпломаў І ступені былі ўдастоены навучэнка 10 класа Нясвіжскай гімназіі Паліна Галаўнёва па англійскай мове ў секцыі “Адукацыя: гісторыя і сучаснасць”; дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 Нясвіжа Дзіяна Шлег па рускай мове ў секцыі “Лінгвістыка. Мова ў сучасным свеце”; навучэнка Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа Уладзіслава Лазінская і вучаніца 9 класа гімназіі № 2 Вілейкі Аляксандра Грабоўская ў секцыі “Гісторыя і культура расійскіх вёсак”.

Дыпломамі лаўрэата конкурсу і памятнымі знакамі У.І.Вярнадскага “За дасягненні ў даследчай дзейнасці” былі ўзнагароджаны Ксенія Жураўская па гісторыі ў секцыі “Гісторыя: чалавек і падзея”, а па рускай мове ў секцыі “Лінгвістыка. Мова ў сучасным свеце” Валерыя Рацкевіч (навучэнкі Нясвіжскай гімназіі).
Акрамя таго, у секцыі па медыцыне і фізіялогіі чалавека лаўрэатамі сталі прадстаўнікі гімназіі № 13 Мінска Аляксандра Замара і Ніка Жыткова. Дарэчы, іх работа “Аналіз узаемадзеяння фулерэнаў з жывымі клеткамі in vitro і in vivo” была прызнана лепшым эксперыментальным даследаваннем. Як і “Хрысціянскі вобраз Святой велікамучаніцы Варвары як заступніцы шахцёраў” Настассі Карасташовай з сярэдняй школы № 2 Салігорска, і “Вызначэнне хуткасці выцякання струменя вады з медыцынскага шпрыца” Алены Аленікавай, Настассі Пашкевіч з Магілёўскага абласнога ліцэя № 3.

Увогуле ўдзельнікамі конкурсу сталі школьнікі з многіх рэгіёнаў нашай краіны.
Усерасійскі конкурс юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага — гэта дыстантна-вочная комплексная адукацыйная праграма, форма сеткавага ўзаемадзеяння адукацыйных устаноў, навучэнцаў, настаўнікаў і навукоўцаў. Прадметам разгляду на конкурсе з’яўляюцца вучэбна-даследчыя работы школьнікаў. Конкурс імя У.І.Вярнадскага праводзіцца штогод у два туры.
Першы тур — завочны. Для ўдзелу ў ім неабходна на адрас аргкамітэта даслаць тэкст даследчай работы, выкананай удзельнікам, не старэйшым за 17 гадоў, а таксама заяўку на ўдзел.
Другі тур — вочны — праходзіць у Маскве ў красавіку на працягу 4-5 дзён і носіць назву чытанняў імя У.І.Вярнадскага. На яго дапускаюцца работы, якія станоўча ацанілі ў першым туры.
На чытаннях былі разгледжаны работы праблемнага характару, якія ўключаюць этапы эксперымента, апрацоўкі, аналізу і інтэрпрэтацыі сабранага матэрыялу. У межах конкурсу працавалі 28 секцый прыродазнаўчага і гуманітарнага характару. Усяго для ўдзелу ў канферэнцыі было заяўлена 1975 работ навучэнцаў з Расіі, Украіны, Казахстана, Чэхіі, Славакіі і Беларусі. У другі тур (фінальны, вочны) было дапушчана 868 работ.

Чытанні з’яўляюцца завяршальным этапам Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага, які падтрымлівае камісія РАН па распрацоўцы навуковай спадчыны акадэміка У.І.Вярнадскага, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, Дэпартамент адукацыі Масквы і яго Паўднёвае акруговае ўпраўленне, вучэбна-навуковы Цэнтр даўніверсітэцкай адукацыі МДУ імя М.В.Ламаносава і іншыя арганізацыі.
Ад іншых юнацкіх даследчых інтэлектуальных спаборніцтваў конкурс імя У.І.Вярнадскага адрозніваецца тым, што ўсе дасланыя работы атрымліваюць кваліфікаваную рэцэнзію, якая высылаецца аўтару. Прычым рэцэнзія высылаецца незалежна ад таго, ці дапушчана работа да другога тура. Гэта, па меркаванні арганізатараў, дазваляе наладзіць зваротную сувязь, пазнаёміць аўтара з прафесійным меркаваннем пра яго работу. Нярэдкія выпадкі, калі аўтар дапрацоўвае даследаванне з улікам зробленых заўваг, дасылае яго паўторна і ў выніку запрашаецца на другі тур.

Унікальнай асаблівасцю конкурсу з’яўляецца тое, што лепшыя работы, якія прайшлі ў другі тур, да пачатку чытанняў публікуюцца ў зборніку конкурсу, які раздаецца ўсім яго аўтарам. Зборнік унесены ў афіцыйны каталог выданняў. Гэта азначае, што работы ўдзельнікаў з’яўляюцца афіцыйнымі публікацыямі, пра якія яны могуць згадваць пры паступленні ў ВНУ, на працу і г.д. Сёння гэта адзіны ў Расіі прэцэдэнт для падобных юнацкіх конкурсаў.
Пераможцы другога тура ўзнагароджваюцца дыпломамі Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі і падарункамі іншых заснавальнікаў конкурсу.

 

Вольга БАРЫСЕВІЧ.

 

Share

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *