З узнёслым хваляваннем у прадчуванні свята

- 10:43Людзі адукацыі

Без кветак 1 верасня ўявіць немагчыма! Гэта частка добрай традыцыі, сімвал душэўных, удзячных і цёплых адносін вучняў да сваіх настаўнікаў. Свята, урачыстае і хвалюючае, насычанае на сустрэчы і прыгожыя словы, яшчэ і сур’ёзная нагода задумацца аб важных пытаннях. Педагогам — вызначыцца з планамі работы, якія яны на працягу навучальнага года гатовы рэалізоўваць. Вучням — падумаць пра адказныя адносіны да вучобы і праяўленне ўласнай ініцыятывы пры атрыманні ведаў. Бацькам — паразважаць аб сваёй унікальнай ролі пры выхаванні разумных, добрых і сумленных людзей.

Напярэдадні Дня ведаў настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 196 Мінска, настаўнік-метадыст, выдатнік адукацыі і педагог у трэцім пакаленні Святлана Яўгенаўна Тапаркова падзялілася сваімі думкамі аб прафесіі, для выбару якой у яе было шмат прычын.

“Мая бабуля, Аляксандра Трафімаўна, была настаўніцай пачатковых класаў. У дзяцінстве я часта слухала яе аповеды пра вучняў і іх свавольствы, якія насам­рэч былі зрэдку, таму што бабуля была паважаным і даволі строгім чалавекам, — згадвае мая суразмоўніца. — Мама, Тамара Сідараўна, з’яўляючыся настаўніцай матэматыкі Смаргонскай школы-інтэрната, прадстаўляла сістэму адукацыі Беларусі на ВДНГ СССР з абагульненнем вопыту па тэме “Дыферэнцыраванае навучанне на ўроках матэматыкі” і была ўдастоена дыплома Міністэрства адукацыі СССР. Ад яе мне перадаліся імкненне да новага, актыўная жыццёвая пазіцыя і аптымізм”.

У дзяцінстве Святлана Тапаркова мела шмат захапленняў. Вучылася ў музычнай школе, займалася выяўленчым мастацтвам. Атрымала пасведчанне інструктара па бальных танцах і нават сертыфікат кінамеханіка. У якой прафесіі можна праявіць адразу столькі здольнасцей? Канечне, у педагогіцы. Атрымаўшы адпаведную адукацыю, Святлана Яўгенаўна стала настаўніцай пачатковых класаў. Школа з дзяцінства была яе другім домам. Нават замуж педагог выйшла за аднакласніка.

“На маім шляху заўсёды сустракаліся добрыя людзі і добрыя настаўнікі, — расказвае Святлана Яўгенаўна. — З асаблівай цеплынёй успамінаю свайго класнага кіраўніка настаўніка фізікі сярэдняй школы № 6 Мінска Анатоля Васільевіча Капылова. Якую цудоўную атмасферу супрацоўніцтва ён ствараў для нас, сваіх вучняў! Ён праводзіў з намі свой вольны час, вучыў любіць родную Беларусь. Згадваюцца нашы паходы і ночы ля вогнішча. Настаўнік даваў нам права самастойна прымаць рашэнні, але мы павінны былі несці адказнасць за іх. Наш класны кіраўнік быў настолькі апантаны фізікай і выкладаў яе так віртуозна, што яго вучням было проста сорамна прыходзіць на яго ўрок непадрыхтаванымі. Сёння стараюся ўсё лепшае, што атрымала ў школьныя гады, перадаваць сваім выхаванцам. Не так важна, якую прафесію яны выберуць, галоўнае, каб сталі добрымі людзьмі, знайшлі сябе ў нашым імклівым і зменлівым свеце. І заўсёды з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспаміналі сваіх настаўнікаў”.

 Святлана Яўгенаўна працуе ў 196-й сталічнай школе амаль з заснавання гэтай навучальнай установы. Добразычлівыя калегі, адміністрацыя школы падтрымліваюць атмасферу творчасці ў калектыве, ствараюць умовы для праяўлення  таленту педагогаў. Галоўная мэта, якую ставіць перад сабой Святлана Яўгенаўна, — наву­чыць дзяцей вучыцца. У інтэрнэце сёння можна знайсці адказ амаль на любое пытанне, але гэтая інфармацыя часта бывае недакладнай і нават памылковай, таму роля сучаснага настаўніка ў тым, каб дапамагчы вучням сарыентавацца ў вялікім аб’ёме інфармацыі, навучыць аперыра­ваць ёй, аналізаваць і класіфікаваць, адрозніваць праўду ад хлусні. Трэба навучыць дзяцей дзейнічаць і прымаць рашэнні, мець свой пункт гледжання, але пры гэтым выслухоўваць меркаванні іншых, працаваць самастойна і ў каман­дзе ў атмасферы добразычлівасці і ўзаемадапамогі. Вельмі важны навык, неабходны сучасным дзецям, — стрэсаўстойлівасць, а таксама фарміраванне трывалай звычкі здаровага ладу жыцця. Святлана Яўгенаўна робіць усё, каб яе вучні палюбілі родную краіну, таму арганізоўвае для дзяцей пазнавальныя вандроўкі па Беларусі.

Педагог ладзіць адукацыйны працэс такім чынам, каб вучні былі яго актыўнымі ўдзельнікамі. Прапаноўвае такія віды практыка-арыентаваных заданняў, якія прадугледжваюць нестандартныя рашэнні. З гэтай мэтай настаўніца выкарыстоўвае элементы тэхналогіі развіццёвага і праблемнага навучання, выкладае вучэбны матэрыял так, каб прасочвалася сувязь з сучаснасцю, шукае міжпрадметныя сувязі, звяртаецца да раней атрыманых дзецьмі ведаў, уменняў і навыкаў.

Якім бы вялікім ні быў педагагічны стаж, настаўнік павінен заставацца сучасным чалавекам, каб быць цікавым для сваіх вучняў і мець з імі агульныя тэмы для размоў. Сёння ў класе Святланы Яўгенаўны 22 хлопчыкі і 7 дзяўчынак — актыўных і рухавых, старанных і ўседлівых чацвёртакласнікаў. Адным з элементаў матывацыі да паспяховай вучобы ў пачаткоўцаў з’яўляецца іх жаданне спадабацца любімай настаўніцы, не падвесці яе. Аб гэтым можна меркаваць па дасягненнях выхаванцаў Святланы Тапарковай. Штогод сярод іх ёсць прызёры школьных, гарадскіх прадметных алімпіяд, фестывалю праектна-даследчых работ. Неаднаразова яе навучэнцы станавіліся пераможцамі ў гарадскім турніры “Юны матэматык”. У мінулым навучальным го­дзе дыплом І ступені ў гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ “Пазнанне і творчасць” атрымаў Іван Матлох у намінацыі “Нацыянальны беларускі прадукт”.

 Святлана Яўгенаўна Тапаркова ўваходзіла ў склад навуковага калектыву пры НІА па распрацоўцы зместу і навукова-метадычнага забеспячэння для I ступені агульнай сярэдняй адукацыі з улікам пераемнасці і перспектыўнасці навучання ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу. Педагог з’яўляецца аўтарам дыдактычных і дыягнастычных матэрыялаў для калег па матэматыцы для 2 класа. Яна падрыхтавала сшыткі для вучняў 2 і 3 класаў па фарміраванні ўніверсальных вучэбных дзеянняў (метапрадметных уменняў). Святлана Яўгенаўна праводзіць з педагогамі заняткі па актуальных праблемах адукацыйнай практыкі на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў пачатковых класаў у МГІРА, а таксама кіруе гарадской школай маладога настаўніка.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.