Усё часцей настаўнікі-практыкі ад распрацоўкі вузкапрадметных электронных сродкаў навучання пераходзяць да стварэння цэлых комплексаў, прадуктаў міжпрадметнага характару. Гэта яскрава засведчыў ІХ Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. На ім дыпломам І ступені быў адзначаны ўніверсальны сродак інтэрактыўнага навучання школьнікаў — інтэрнэт-партал “Вэб-школа”, створаны настаўнікам інфарматыкі Грабоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна Гомельскай вобласці Кірылам Аляксандравічам Дземусёвым. Аб гэтай распрацоўцы і яе выкарыстанні навучэнцамі і педагогамі мы гутарым з К.А.ДЗЕМУСЁВЫМ.
— Кірыл Аляксандравіч, летась на конкурсе вы прадстаўлялі сваю распрацоўку “Інтэрактыўнае навучанне школьнікаў метадам алгарытмізацыі пры вывучэнні інфарматыкі”. Як прыйшла ідэя стварэння больш маштабнага праекта — інтэрнэт-партала? З якой мэтай ён распрацоўваўся?
— У 2013 годзе на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” я прадстаўляў свой праект “Прамень”, які прапаноўвае разнастайнасць форм дзейнасці навучэнцаў пры вывучэнні метадаў алгарытмізацыі прадмета “Інфарматыка”. Гэты праект стаў пераможцам і быў рэкамендаваны Міністэрствам адукацыі да выкарыстання настаўнікамі краіны. Прааналізаваўшы паспяховасць маіх выхаванцаў па прадмеце (а яна палепшылася), была зроблена выснова аб станоўчым уплыве выкарыстання гэтага прадукту. І ў мяне ўзнікла ідэя перанесці метады, якія выкарыстоўваюцца ў праграме “Прамень”, на выкладанне іншых прадметаў школьнай праграмы. Так і нарадзілася ідэя стварыць электронны сродак навучання, які б аб’ядноўваў у адным інтэрфейсе ўсе прадметы школьнай праграмы і які б прадастаўляў магчымасці распрацоўкі заданняў розных тыпаў. А яшчэ на стварэнне гэтага сродку ў сетцы інтэрнэт паўплывала выступленне прадстаўнікоў Парка высокіх тэхналогій на вышэйзгаданым конкурсе. Трэба сказаць, што задумак было шмат, яны нараджаліся, рэалізоўваліся і тэсціраваліся яшчэ напрыканцы 2012 года, аднак канчаткова вызначыць мэты і задачы праекта дазволіў менавіта конкурс.
— Што сабой уяўляе гэты электронны адукацыйны рэсурс? Што на ім можна адшукаць? Як ён працуе? Якія магчымасці адкрывае вучням?
— Як я ўжо адзначаў, інтэрнэт-партал “Вэб-школа”, які даступны па адрасе http://webshkola.iam. by, імкнецца аб’яднаць усе прадметы школьнай праграмы ў адзіны электронны сродак навучання. Існуе нямала добрых ЭСН, у тым ліку выпушчаных за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, па вучэбных прадметах, аднак часцей за ўсё яны носяць характар інфармацыйна-даведачных сістэм і інтэрактыўных плакатаў, што ў сваёй галіне з’яўляецца дастаткова зручным сродкам. Аднак праграм, мэтай якіх з’яўляецца адпрацоўка навыкаў рашэння задач і дапамога ў запамінанні матэрыялу, практычна няма. Асабліва востра гэты недахоп адчуваецца для прадметаў “Фізіка”, “Хімія”, “Матэматыка”, што звязана ў першую чаргу са складанасцю ўводу матэматычных формул у камп’ютар навучэнцамі. Праект “Вэб-школа” дазваляе прымяніць да ўсіх прадметаў школьнай праграмы заданні такіх тыпаў, як “Складанне рашэння задач з гатовых блокаў”, “Устаўка прапушчаных сімвалаў”, “Выпраўленне памылак у рэшаных задачах”, “Поўнае рашэнне задачы”, “Складанне паслядоўнасці дзеянняў”. Асабліва важна гэтае прымяненне для вышэйпералічаных прадметаў, бо нічога падобнага на рынку электронных сродкаў навучання няма. Часцей за ўсё заданні па фізіцы, матэматыцы, хіміі прадстаўлены ў выглядзе свабодных тэстаў, дзе патрэбна ўвесці лікавае значэнне выніку рашэння. Праект “Вэб-школа” дазваляе прымяніць усе формы заданняў да пералічаных прадметаў. Таксама сайт дазваляе ствараць заданні для тэсціравання навучэнцаў у лёгкім і інтуітыўна зразумелым інтэрфейсе, прадастаўляючы магчымасці стварэння тэстаў усіх форм (адзінкавы адказ, множны адказ, свабодны адказ, вызначэнне парадку, адпаведнасць). Для прадметаў філалагічнага цыкла формы заданняў дапаўняюцца магчымасцю пісаць пераклады з аўтаматычным інтэлектуальным ацэньваннем, што дазваляе не зніжаць адзнаку за два і больш лішніх прабелаў, якія ідуць запар. У цэлым можна сказаць, што праект з’яўляецца своеасаблівай пляцоўкай практычных заданняў па прадметах школьнай праграмы. Кожны настаўнік можа дабавіць сваё заданне на партал, ствараць свае вучэбныя комплексы для правядзення асноўных і факультатыўных заняткаў.
На сёння праект уключае больш за 100 заданняў па інфарматыцы, 40 заданняў па фізіцы, заданні па рускай мове, гісторыі, біялогіі, таксама ён мае конкурсныя заданні, па якіх праводзіліся дыстанцыйныя раённыя конкурсы “Нашы веды” і “Наша экалогія” на працягу двух гадоў. Магчыма дабаўленне любога прадмета школьнай праграмы, як толькі ініцыятыўныя педагогі прапануюць свае заданні ў адпаведных раздзелах.
Праект прадстаўлены на дзвюх мовах: рускай і беларускай, што найбольш важна для беларускамоўных школ, бо электронных сродкаў навучання на беларускай мове вельмі мала.
“Вэб-школа” выкарыстоўваецца ў першую чаргу навучэнцамі, а таксама педагогамі. У адпаведнасці з тыпалогіяй дзялення інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ў Грабоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, а менавіта: прастора для навучэнцаў, прастора для бацькоў, прастора для педагогаў, распрацаваны інтэрнэт-партал ахоплівае прастору для навучэнцаў і для педагогаў. Інфармацыйна-адукацыйную прастору для бацькоў прадстаўляюць сайты ўстаноў адукацыі.
— Кірыл Аляксандравіч, ці лёгка карыстацца гэтым інфармацыйным рэсурсам?
— Адной з задач распрацоўкі праекта стала стварэнне інтэрфейсу, які будзе максімальна зразумелы як дзіцяці, так і любому непадрыхтаванаму карыстальніку. Лічу, што гэтая задача вырашана. Усе элементы інтэрфейсу з’яўляюцца вялікімі, зручнымі, адсутнічае перагружанасць. Інфармацыйным рэсурсам карыстаюцца школьнікі пачынаючы з 5 класа без асаблівых цяжкасцей. Таксама магчыма яго выкарыстанне на інтэрактыўных дошках, планшэтах, мультыбордах. Акрамя таго, праект зручны і для прымянення навучэнцамі з некаторымі парушэннямі зроку, бо з лёгкасцю дазваляе павялічваць элементы інтэрфейсу.
— Якія тэхнічныя магчымасці былі выкарыстаны пры стварэнні партала?
— Партал ствараўся аўтарам без выкарыстання пабочных распрацовак. У якасці самых перадавых ідэй, рэалізаваных у партале, можна вылучыць інтэрпрэтатар вучэбнай мовы праграмавання “Паскаль” для вывучэння тэм па інфарматыцы, а таксама модуль зручнага ўводу формул. Напрыклад, для ўводу знака дзялення навучэнцу неабходна націснуць клавішу “/” на клавіятуры, сістэма ж намалюе дроб у звычным для школьніка выглядзе. А каб узвесці лік у ступень, дастаткова націснуць стрэлку “ўверх” на клавіятуры. Як паказала практыка, навучэнцы дастаткова лёгка асвойваюць увод формул падобным чынам. Неабходна адзначыць таксама выкарыстанне генетычных алгарытмаў пры праверцы заданняў на выпраўленне памылак у тэкстах і рэшаных задачах, а таксама на напісанне перакладаў, якія дазваляюць у аўтаматычным рэжыме адэкватна ацаніць якас ць рашэння.
— Кірыл Аляксандравіч, а ці можна настаўніку выкарыстоўваць матэрыялы, размешчаныя на партале, непасрэдна на ўроку?
— Любы настаўнік, які мае ў сваім распараджэнні камп’ютар з доступам у інтэрнэт і дэманстрацыйнае абсталяванне (праектар, інтэрактыўную дошку і г.д.), можа выкарыстоўваць праект і заданні з яго для франтальнай работы ў класе. Аднак больш прадукцыйнай будзе індывідуальная работа навучэнцаў з камп’ютарам. Напрыклад, пры правядзенні абагульнення па тэме “Колькасць цеплыні” па фізіцы ў 8 класе навучэнцам прапаноўваецца 5 заданняў, адно з якіх тэставае, адно дазваляе скласці алгарытм рашэння задачы, тры заданні прапаноўваюць прааналізаваць рашэнні гатовых задач з неабходнасцю ўстаўкі прапушчаных сімвалаў, выпраўлення знарок дапушчаных памылак. Шырокі ахоп заданнямі прадмета “Інфарматыка” дазваляе замяніць рэкамендаваны падручнікамі Pascal ABC на інтэрнэт-праект “Вэб-школа”, у якім прадстаўлена боль-шасць заданняў, неабходных для адпрацоўкі ўменняў і навыкаў складання алгарытмаў на мове “Паскаль”, у тым ліку і матэрыял, які больш матывуе навучэнцаў пры напісанні праграм з выканальнікам “Робат”, праграм апрацоўкі графікі і іншых.
Магчыма правядзенне падтрымліваючых заняткаў з выкарыстаннем праекта. Так, у 7 класе прапаноўваецца лабараторная работа, дзе неабходна, арыентуючыся на віртуальныя доследы, уносіць у тэкст работы прапушчаныя сімвалы (напрыклад, вагу бруска, выкананую работу і г.д.).
Важнай асаблівасцю праекта з’яўляецца тое, што кожны педагог, зацікаўлены ў рабоце з інтэрнэт-парталам “Вэб-школа”, можа з лёгкасцю дабавіць сваё заданне і садзейнічаць фарміраванню адзінай адукацыйнай сістэмы творчых заданняў педагогаў.
— Вы адзначылі, што работа з элементамі інтэрнэт-партала ўжо два гады праводзілася з вашымі вучнямі. Якія вынікі назіраеце пасля выкарыстання рэсурсу?
— Выкарыстанне рэсурсу, несумненна, вядзе да павышэння якасці ведаў навучэнцаў. Гэта дасягаецца праз індывідуальную форму работы навучэнцаў з камп’ютарам. Кожны вучань працуе ў меру сваіх здольнасцей, у зручным для яго тэмпе. Высокаматываваныя навучэнцы могуць выконваць дадатковыя заданні дома. Непаспяваючыя навучэнцы паказваюць таксама павышэнне свайго ўзроўню ведаў, бо праект прапаноўвае заданні рознай ступені складанасці, што не заўсёды магчыма пры правядзенні заняткаў у традыцыйнай форме.
У Гомельскім раёне на базе праекта плануецца адкрыць дзве дыстанцыйныя школы — “Дыстанцыйная школа праграмавання” для падрыхтоўкі да алімпіяд па інфарматыцы і “Дыстанцыйная школа падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання па фізіцы”.
Адзначу, што праект захоўвае вынікі выканання заданняў навучэнцамі ў зручным журнале, даступным педагогу. Настаўнік можа адсочваць выкананне заданняў навучэнцамі як у класе, так і пасля заняткаў. Яшчэ адной цікавай асаблівасцю, якая забяспечвае зваротную сувязь педагога з навучэнцамі, з’яўляецца магчымасць абменьвацца асабістымі паведамленнямі ўнутры праекта, што з поспехам выкарыстоўваюць навучэнцы.
— Кірыл Аляксандравіч, калі не сакрэт, над чым вы працуеце зараз? Якія планы на бліжэйшую будучыню?
— У цяперашні час я працую над удасканаленнем праекта “Вэб-школа”, напаўненнем яго заданнямі. Таксама ў мяне ёсць новы праект, які вырашыць трэці адзначаны мною складнік стварэння інфармацыйна-адукацыйнай прасторы — прасторы для педагогаў. Гэта будзе сетка педагогаў Гомельскай вобласці, якая дазволіць на спецыяльнай пляцоўцы сабраць сродкі, якія дапамагаюць педагогу ў яго дзейнасці (аналіз якасці адукацыі, увядзенне ведамасці наведвальнасці, правядзенне дыстанцыйных семінараў, дапамога ў складанні раскладу і іншае). Важна адзначыць, што ў цяперашні час некаторыя магчымасці ўжо рэалізаваны і з поспехам прымяняюцца ў Гомельскім раёне.
— Вялікі дзякуй за гутарку і поспехаў вам у рэалізацыі задуманага!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.