З ведамі і любоўю

Наталля Аляксандраўна Кажамякіна ўсё сваё прафесійнае жыццё прысвяціла адной установе — школе № 31 Віцебска. Мінулы навучальны год стаў апошнім працоўным для настаўніцы матэматыкі, але быў вельмі багатым на падзеі і дасягненні.
Як, зрэшты, і ўсе папярэднія 37.

У мінулым навучальным годзе Наталля Аляксандраўна была класным кіраўніком 11 “А” класа, 13 вучняў якога школу закончылі на выдатна, трое атрымалі 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Усе сталі студэнтамі розных універсітэтаў нашай краіны і Расіі. Яшчэ ў мінулым навучальным годзе яе вучань Артур Якаўлеў атрымаў лепшы вынік на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы і стаў абсалютным пераможцам. І так склалася, што пры падрыхтоўцы матэрыялу па выніках Рэспубліканскай матэматычнай алімпіяды я з ім і пазнаёмілася. Пасля ўзнагароджання Артур выйшаў з актавай залы адным з першых, і зрабіў гэта спакойна і ўпэўнена.

“Правільны настрой заўсёды працуе на станоўчы вынік”, — сказаў ён тады. — Мне заўсёды падабалася матэматыка. Гэта той прадмет, які мне даецца лёгка. А на алімпіядзе галоўнае — настроіцца на працоўны лад. Уменне канцэнтраваць увагу і засяроджвацца на галоўным — асноўныя спадарожнікі поспеху”, — запэўніў тады Артур.

А падчас гутаркі з Наталляй Аляксандраўнай я зразумела, адкуль “растуць ногі” навыкаў канцэнтраваць увагу і засяроджвацца на галоўным. Не, я не адмаўляю асабістыя якасці Артура, але менавіта Наталля Аляксандраўна фарміруе ў сваіх вучняў гэтыя ўменні. “Матэматыка не толькі дае веды, але і выхоўвае”, — не раз падчас гаворкі паўтарала мая суразмоўніца. Настаўніца заўсёды ўмела спалучала вучэбны і выхаваўчы патэнцыял на ўроку матэматыкі.

Калегі разам з дырэктарам 31-й школы Віцебска Людмілай Іванаўнай Дзямідчык пра Наталлю Аляксандраўну адзываюцца цёпла і з прафесійным піетэтам: “За час працы ў школе яна зарэкамендавала сябе добрасумленным, адказным, эрудыраваным педагогам. Высокі ўзровень майстэрства і педагагічны прафесіяналізм вызначае індывідуальны стыль работы Наталлі Аляксандраўны. Яна дасканала валодае методыкай выкладання прадмета, умела і эфектыўна выкарыстоўвае сучасныя тэхналогіі. Старанна рыхтуецца да кожнага ўрока, глыбока прадумвае ўсе яго этапы, рацыянальна выкарыстоўвае дадатковы матэрыял, розныя формы кантролю, праводзіць нестандартныя ўрокі.

Пастаянна фарміруе ў вучняў уменне выдзяляць галоўнае, аналізаваць, абагульняць, рабіць вывады. Імкнецца прыцягнуць да актыўнай дзейнасці ўсіх вучняў, ажыццяўляе дыферэнцыраваны падыход у навучанні. Яе вучні заўсёды маюць добрыя тэарэтычныя веды, умеюць прымяняць іх пры рашэнні задач, валодаюць рацыянальнымі прыёмамі ў працэсе выканання заданняў, умеюць лагічна выражаць свае думкі, самастойна працаваць з дапаможнай і даведачнай літаратурай.

Вялікую ўвагу надае даследчай і творчай дзейнасці ў рабоце з таленавітымі дзецьмі, мае асабістую сістэму. Яе вучні штогод з’яўляюцца пераможцамі II, ІІІ і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце ”Матэматыка“. Пастаянна ўдасканальвае метадычнае майстэрства, выступае на пасяджэннях педсавета, метадычных абʼяднаннях настаўнікаў школы i раёна, праводзіць пазакласную работу па прадмеце, пpывівae цікавасць да матэматыкі. Яе вучні рыхтуюць курсавыя праекты па розных раздзелах вучэбнага прадмета, якія пашыраюць ix кругагляд, даюць больш глыбокія веды, развіваюць цікавасць да матэматыкі”, — адзначыла дырэктар навучальнай установы.

Дарэчы, будучы школьніцай Наталля Аляксандраўна таксама была пастаяннай удзельніцай і пераможцай матэматычных алімпіяд. Пасля сваім матэматычным запалам з задавальненнем дзялілася з вучнямі ды маладымі калегамі. У свой час, калі толькі сама пераступіла парог школы ў ролі настаўніцы, мела патрэбу ў падтрымцы больш вопытных калег.

“Вельмі добра, калі ў пачатку прафесійнага шляху табе сустракаюцца добрыя калегі, сапраўдныя саратнікі. У маёй школе атрымалася менавіта так. Яны мяне настолькі акрылялі, што ўвесь час хацелася працаваць. У школу заўсёды ішла з задавальненнем”, — заўважыла настаўніца. Таму калі да Наталлі Аляксандраўны па дапамогу звяртаюцца маладыя настаўнікі, яна нікому не адмаўляе.

“Як гаворыцца, вопыт прыходзіць з гадамі. Трэба зрабіць некалькі выпускаў, каб зразумець, што працуе, а дзе трэба нешта мяняць. Усе метадычныя прыёмы і тэхналогіі трэба прапускаць праз сябе, тады з’явіцца ўласнае бачанне, а за ім і сістэма работы з дзецьмі. Вельмі важна трымаць зваротную сувязь з вучнямі. Я гэта рабіла і ў класе, і правяраючы сшыткі. У матэматыцы без праверкі сшыткаў кроку наперад не будзе, бо падчас урока можна многа нарашаць, але якасць рашэння можна зразумець, толькі калі праверыш кожнага вучня ў класе”, — упэўнена Наталля Аляксандраўна.

А яшчэ Наталля Аляксандраўна — выдатны класны кіраўнік. І паколькі навучанне без выхавання немагчыма, таму яна заўсёды разам са сваімі вучнямі і бацькамі. “Калі мы прымаем удзел у мерапрыемстве ці збіраемся ў тэатр, то ўсе разам. А калі не ідзём, значыць, таксама ўсе”, — заўважыла яна. Цяпер многія педагогі класнае кіраўніцтва разглядаюць як абузу, а, па меркаванні маёй гераіні, гэта натуральная частка педагагічнай прафесіі. Любую сітуацыю ў класе, на калідоры падчас перапынку, у сталоўцы можна і трэба разглядаць з выхаваўчага пункту гледжання.

“Я пераканана, што нельга ў матэматычным класе выхоўваць толькі матэматыкай. Заўсёды хацела, каб мае вучні развіваліся ўсебакова, таму размаўляла з усімі настаўнікамі-прадметнікамі, каб яны шукалі ў маім класе здольных і да іх прадметаў. Мае вучні заўсёды прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы, ніколі не адмаўляліся ад школьных канцэртаў. Цесная ўзаемасувязь навучання і выхавання дапамагае выхоўваць сапраўдную асобу”, — працягвае настаўніца.

Мяркую, што не толькі кожны выпускнік 11 “А” класа захавае ў памяці ўрокі і класныя гадзіны Н.А.Кажамякінай. Шчырасць і адданасць гэтага педагога — у сэрцы многіх яе вучняў і калег. Напярэдадні новага навучальнага года, падчас жнівеньскай нарады, Наталля Аляксандраўна атрымала ўзнагароду — нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. Яна сапраўды выдатнік, бо ўсе 38 гадоў ішла да сваіх вучняў з ведамі і любоўю.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *