З верай у магчымасці вучня

- 9:56Людзі адукацыі

Александрына Казіміраўна Ганічава настаўніцай хіміі працуе ў Верхнядзвінскай гімназіі Віцебскай вобласці з моманту яе адкрыцця. Яна дасведчаны, актыўны і ініцыятыўны педагог, які ўвесь час удасканальвае сваё педагагічнае майстэрства, уносячы ўсё новае і прагрэсіўнае.

Педагагічная дзейнасць Александрыны Казіміраўны грунтуецца на індывідуальным падыходзе да кожнага вучня, нягледзячы на тое, што ўвесь час даводзіцца праяўляць цярпенне, вытрымку і настойлівасць. Яна верыць у патэнцыяльныя магчымасці дзіцяці, а вучні вераць сваёй настаўніцы.

Сістэмную работу Александрына Казіміраўна вядзе з навучэнцамі, якія цікавяцца хіміяй. Штогод яе вучні становяцца прызёрамі другога, трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. У прыватнасці, у 2014/2015 навучальным годзе яе васьмікласніца стала абсалютнай пераможцай абласнога этапу алімпіяды за 9 клас, а на заключным (рэспубліканскім) этапе заваявала дыплом ІІІ ступені. У мінулым навучальным годзе зноў васьмікласніца стала пераможцай абласнога этапу, заваяваўшы дыплом II ступені. Не стаў выключэннем і гэты навучальны год: навучэнка 9 класа стала абсалютнай пераможцай трэцяга этапу алімпіяды па хіміі.

Штогод навучэнцы Александрыны Казіміраўны прымаюць удзел у Міжнароднай дыстанцыйнай алімпіядзе “Інтэр-Хімік-Юніёр”, па выніках якой узнагароджваюцца граматамі. Неаднаразова выхаванцы настаўніцы станавіліся прызёрамі абласных і рэспубліканскіх дыстанцыйных конкурсаў і алімпіяд па хіміі, інтэрнэт-алімпіяды, якая праводзіцца Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка.

Вялікую ўвагу Александрына Казіміраўна ўдзяляе даследчай дзейнасці навучэнцаў. Штогод яе вучні выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях. У 2013/2014 навучальным годзе ў дыстанцыйным конкурсе даследчых работ “Я пазнаю свет” навучэнка настаўніцы з даследчай работай “Вызначэнне якасці зубной пасты” была адзначана дыпломам ІІІ ступені (дыплом ІІ ступені на раённай канферэнцыі). Дыплом ІІІ ступені на Абласным конкурсе навукова-даследчых праектаў навучэнцаў Віцебскай вобласці “Першы крок у навуку” заваявала работа “Сок трыпутніку — інгібітар карозіі”.

У 2014/2015, 2015/2016 навучальных гадах Александрына Казіміраўна з’яўлялася кіраўніком даследчых работ навучэнцаў 4—5 класаў, якія атрымалі дыпломы на Абласным дыстанцыйным творчым конкурсе “Юны даследчык”. А работы вучняў 8 класа “Мылаварня ў хатніх умовах” і дзевяцікласнікаў “Вызначэнне якасці мёду Верхнядзвінскіх пчальнікоў” былі адзначаны дыпломамі на раённай канферэнцыі даследчых і праектных работ навучэнцаў.

Працуючы над праблемай “Шматмерная дыдактычная тэхналогія на ўроках хіміі”, настаўніца фарміруе ў навучэнцаў самастойнасць, канструктыўнасць і арыгінальнасць мыслення. Яе артыкул “Тэхналогія дыдактычных шматмерных інструментаў на ўроках хіміі” быў надрукаваны ў часопісе “Біялогія і хімія”.

Як заўважыла дырэктар гімназіі Галіна Мікалаеўна Васёха, урокі Александрыны Казіміраўны пабудаваны метадычна правільна, яны змястоўныя і цікавыя. “Наша Александрына Казіміраўна праводзіць камбінаваныя ўрокі, лекцыі, семінары, урокі-падарожжы, залікі па вывучаных тэмах, вучыць дзяцей працаваць з падручнікам і дадатковай літаратурай. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроку дасягаецца шляхам выразнай пастаноўкі мэты ўрока, праблемных пытанняў, іх вырашэння з апорай на раней вывучаны матэрыял.

Глыбокае веданне навуковага матэрыялу, методыкі выкладання хіміі і жывое эмацыянальнае тлумачэнне дазваляюць ёй спалучаць навуковасць з даступнасцю і яснасцю выкладання. Урокі Александрыны Казіміраўны адрозніваюцца ўзаемасувяззю ўсіх структурных элементаў, што дазваляе ёй паспяхова развіваць прадукцыйную актыўнасць навучэнцаў”, — зазначыла Галіна Мікалаеўна Васёха.

Александрына Казіміраўна дзеліцца вопытам сваёй работы з настаўнікамі раёна, вобласці, рэспублікі: дае адкрытыя ўрокі, выступае з дакладамі. Прымае актыўны ўдзел у метадычных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў гімназіі.

Будучы класным кіраўніком, Александрына Казіміраўна праводзіць карпатлівую працу з вучнямі і іх бацькамі. Добразычлівая, сціплая і ўважлівая, яна карыстаецца заслужанай павагай з боку вучняў, бацькоў і калег.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.